Дзятлаўчане наведалі прэм’ерны паказ кінастужкі “На іншым беразе” (+відэа)
14 верасня ў кінатэатры “Спадарожнік” горада Дзятлава стартавала нацыянальная прэм’ера гістарычнай драмы “На іншым беразе” рэжысёра Андрэя Хрулёва вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм”. Праз лёс галоўнага героя паказваюцца падзеі, якія разгарнуліся ў Заходняй Беларусі ў 1925 годзе: народныя хваляванні, партызанская вайна, жорсткае падаўленне любых спробаў захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Цікава, што першапачаткова карціну планавалі назваць “Мы адзіныя”, але пасля было прынята рашэнне даць больш паэтычную назву. “На іншым беразе” нясе глыбокі гістарычны сэнс: як вядома, мяжа паміж Заходняй і Савецкай Беларуссю праходзіла па беразе ракі Нёман. І атрымалася, што на адным беразе жыхары пакутавалі ад акупантаў, а на іншым, нягледзячы на мінулыя войны, працягвалі будаваць новае жыццё. Таму для назвы вырашылі выкарыстаць такую алегорыю. Аднымі з першых навінку ўбачылі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, вучні школ горада Дзятлава. Госці прэм’ернага паказу падзяліліся сваімі ўражаннямі і эмоцыямі ад убачанага. Віталій Юрго, пракурор Дзятлаўскага раёна: – Беларускі народ шматпакутны і разам з тым непахісны. Ён спаўна адчуў на сабе жахі польскай акупацыі. Нашы дзяды з болем успамінаюць, што адбывалася на роднай зямлі ў той час, як жылося людзям. Фільм “На іншым беразе” — гэта не проста кінастужка, ён адносіцца да ліку праектаў, важных для грамадства, асабліва для моладзі. Беларусь памятае, у нас нішто не забыта. Алена Васкель, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”: – Фільм гістарычны, але вельмі актуальны для нашага часу, калі мы вымушаны задумацца не толькі аб тэме адзінства Беларусі, але яшчэ і аб аб’яднанні нашых сем’яў. У грамадстве даўно не абмяркоўвалася, што адбывалася без малога 100 гадоў таму з жыхарамі Заходняй Беларусі, таму фільм у гэтым плане можна лічыць прарывам. Аляксандр Дубовік, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў: – Фільм вельмі спадабаўся, выклікаў адчуванне болю за гэты перыяд гісторыі Беларусі і гонар за нашых продкаў, якія цаной свайго жыцця адстаялі мір, адзінства роднай краіны. Дастойная ігра як вопытных беларускіх акцёраў, так і ўзыходзячых зорак айчыннага кіно. Яны выдатна паказалі станаўленне галоўных герояў як грамадзян сваёй краіны. Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх дзятлаўчан ад вялікай сям’і прафсаюзаў з надыходзячым святам – Днём народнага адзінства. Жадаю, каб наша адзінства з кожным годам толькі больш умацоўвалася. А гэта, як кажа Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, будзе тады, калі кожны будзе шчыра і сумленна працаваць на сваім месцы. Марыя Раеўская, настаўніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава: – Выдатны гістарычны фільм, які паказвае мужнасць і стойкасць беларускага народа на шляху да самавызначэння і незалежнасці. Таксама ён вучыць нас ні ў якіх абставінах не страчваць веру, надзею і любоў. Акцёрская ігра на вышыні, вельмі дастойная. Прыгожыя, шчырыя галоўныя героі, я да апошняга моманту перажывала за братоў Паўла і Антона Смолічаў, іх сяброў, якія хацелі зусім простага: жыць побач са сваімі блізкімі на радзіме, не падзеленай мяжой.
Са святам, работнікі лесу!
У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылася ўрачыстасць, прысвечаная надыходзячаму прафесійнаму святу – Дню работнікаў лесу. Калектыў Дзятлаўскага лясгаса прымаў віншаванні, заслужаныя ўзнагароды і музычныя сюрпрызы ад запрошаных гасцей і артыстаў Дзятлаўшчыны. Словы віншавання і ўдзячнасці на адрас калектыву лясгаса выказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі: – Паважаныя работнікі лесу! Гэты год юбілейны для вас: сёлета сваё 55-годдзе адзначаеДзятлаўскі лясгас, утвораны некалі на базе трох раёнаў. Каля 52 % тэрыторыі Дзятлаўскага раёна пакрыта лясамі, і ўсё гэта багацце зберагаюць і абслугоўваюць усяго толькі 360 чалавек, якія выконваюць увесь цыкл лясных работ ад вырошчвання саджанцаў з насення да нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны. Мне асабліва прыемна адзначыць той факт, што Дзятлаўскі лясгас займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці, а Гродзеншчына – адна з лепшых у рэспубліцы. Хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву арганізацыі за наша сацыяльнае партнёрства, падзякаваць асабіста Сяргею Віктаравічу за яго пазіцыю як кіраўніка. Жадаю, каб ваша арганізацыя эканамічна квітнела і развівалася, усім яе работнікам — міру і дабра. Андрэй Уладзіміравіч уручыў высокія раённыя ўзнагароды работнікам арганізацыі. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны вядучы інжынер па лесакарыстанні Ніна Мамедава, інжынер па лесакарыстанні Анастасія Ермаковіч; Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – памочнік ляснічага Казлоўшчынскага лясніцтва Дзмітрый Венскі, бухгалтар Наталля Муха. Цёплыя словы віншавання і ўдзячнасці работнікам Дзятлаўскага лясгаса адрасаваў дырэктар Сяргей Дурко. – Стала добрай традыцыяй у трэцюю нядзелю верасня адзначаць работу тых, чыімі рукамі ствараюцца, захоўваюцца і памнажаюцца багацці нашай краіны. Сёння лес аб’ядноўвае людзей розных прафесій, менавіта ў гэтым залог устойлівасці і росквіту нашай арганізацыі. Зберагчы і з розумам скарыстаць прыроднае багацце – няпростая задача, якая ляжыць на плячах усіх тых, хто звязаў жыццё з лясной гаспадаркай. Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць вам, ветэраны лясной галіны. Ваш бясцэнны вопыт дазваляе эфектыўна працаваць і не дапускаць памылак. Дзякуй кіраўнікам арганізацый, з якімі мы цесна супрацоўнічаем і можам разлічваць на падтрымку. За 55 гадоў у Дзятлаўскім лясгасе змянілася многае дзякуючы маім папярэднікам — Васілю Трафімавічу Бондару, Вячаславу Сільвестравічу Ерамейчыку, Аляксандру Міхайлавічу Ківулю, якія ўнеслі свой уклад, зрабілі фундамент і стварылі спрыяльныя ўмовы для паспяховай работы сучаснікаў. Мы не спыняемся на дасягнутым, працягваем усе разам укладваць свае сілы для росквіту нашай Беларусі. Віншую ўсіх са святам, жадаю моцнага здароўя, мірнага неба і дабрабыту, – адзначыў Сяргей Віктаравіч. Ён уручыў Ганаровыя граматы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь начальніку бюро па ахове працы Анатолю Францішчыку, егеру Аляксандру Касачу. Падзяка Міністра лясной гаспадаркі была аб’яўлена намесніку галоўнага бухгалтара Але Гліністай. Ганаровымі граматамі Гродзенскага ДВЛА былі адзначаны машыніст лесанарыхтоўчай машыны лесапункта Віктар Ёда, вадзіцель аўтамабіля на вывазцы лесу Аляксандр Каско, інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ларыса Лабарэвіч; Падзякай генеральнага дырэктара Гродзенскага ДВЛА – бухгалтар Лявонавіцкага лясніцтва Лідзія Грамадская. На Дошку гонару Гродзенскага ДВЛА занесена імя трактарыста на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Раготнаўскага лясніцтва Ігара Курмана. З нагоды свята ўзнагароды Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання ўручыла старшыня прафкама Дзятлаўскага лясгаса Алена Свораб. Ганаровыя граматы Дзятлаўскага лясгаса калегам уручыў галоўны ляснічы Канстанцін Дзісько. Павіншаваць работнікаў лесу з прафесійным святам прыйшлі кіраўнікі арганізацый, з якімі лясгас супрацоўнічае і падтрымлівае добразычлівыя адносіны – РУП ЖКГ, раённага аддзялення “Белаграпрамбанк”, Дзятлаўскага філіяла прадпрыемства “Гроднааблпаліва”, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, дзіцячай школы мастацтваў. Музычныя падарункі гасцям свята дарылі Ала Чарняўская, Аксана Кашляк, Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Ірына Бакшук, Іван Кашко, ансамбль “Мара”.