Слава людзям працы! Першамай на Дзятлаўшчыне (+відэа)
Святочныя мерапрыемства 1 мая распачаў парад працоўных калектываў і спартсменаў па вуліцах горада. На цэнтральнай плошчы Дзятлава прайшла ўрачыстасць ушанавання землякоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працы, грамадскім жыцці, навуцы, спорце. Свята распачала ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару. З Першамаем удзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі: – На Дзятлаўшчыне жывуць і працуюць выдатныя людзі, аб’яднаныя любоўю да роднага краю. Яны не раз даказалі, што ім па плячы сур’ёзныя задачы і адказныя справы.За дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2022 годзе Дзятлаўскі раён празнаны пераможцам спаборніцтваў і занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Гэта ўзнагарода для нас асабліва каштоўная, бо сёлета мы адзначым юбілейную дату – 525-годдзе заснавання Дзятлава. У гэты дзень мы адрасуем словы павагі і пашаны кожнаму працаўніку і кожнаму працоўнаму калектыву, выказваем глыбокую ўдзячнасць ветэранам працы, тым, хто перадаў дастойную эстафету маладой змене. Мы ўручаем сертыфікаты аб занясенні на раённую Дошку гонару тым, хто ў 2022 годзе стаў узорам працалюбства і адказнасці. Дзякуючы іх энтузіязму і адданасці справе наш раён прадаўжае развівацца. Сертыфікаты атрымаюць таксама працоўныя калектывы, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у сваёй дзейнасці. Дзякуй вам за любоў да роднай зямлі і высакародную працу дзеля яе росквіту і дабрабыту! Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў яшчэ раз віншую ўсіх са Святам вясны і працы. Няхай Першамай прынясе надзею, радасць і дабро ў кожны дом, у кожную сям’ю. Няхай жыццё будзе напоўнена цікавай работай і творчасцю, смелымі задумкамі і яркімі ідэямі. Выдатнага вам настрою, моцнага здароўя, бадзёрасці духу, жыццёвых сіл і нязгаснай энергіі! Са словамі віншавання да землякоў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк. http://diatlovonews.by/2023/05/slava-ljudzyam-pracy-pershamaj-na-dzyatla-shchyne-videa-abna-lyaecca/ Песенныя падарункі ў час свята гасцям падарылі работнікі культуры і вучні школ раёна. https://youtube.com/shorts/_hTu5H7FG1s?feature=share https://youtu.be/lMuzJSDhu5U https://youtu.be/DNGnDbKISCw https://youtu.be/HVrbEN5dK0I
“Шлях да поспеху”: творча, крэатыўна, з песняй (+відэа)
Па добрай традыцыі ў Дзень працы на Дзятлаўшчыне ладзіўся раённы фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Шлях да поспеху”. Ён зноў сабраў разам у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці нашых юных таленавітых землякоў з розных куткоў зямлі дзятлаўскай і ўсіх, хто прыйшоў іх падтрымаць. Удзельнікі мелі магчымасць выпрабаваць свае таленты і творчыя ўменні ў намінацыях “Вядучы”, “Саліст-вакаліст”, “Вакальны ансамбль, дуэт”, “Ансамбль сучаснай харэаграфіі”, “Саліст-інструменталіст”, “Інструментальны ансамбль”. Творчыя іспыты ладзіліся адразу для трох узроставых катэгорый: малодшай (5-8 гадоў), сярэдняй (9-13 гадоў) і старэйшай (14-17 гадоў). Выступленні выдаліся яркімі, кранальнымі, эмацыянальнымі, прыгожымі, таму журы няпроста было выбраць лепшых. За смеласць, адвагу і волю да перамогі маладым зорачкам раёна падзякаваў яго старшыня – загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько. Для ўзнагароджання на сцэну былі запрошаны ўсе без выключэння юныя артысты. Дыпломы за ўдзел у фестывалі атрымалі вядучыя конкурсу Яўгенія Цар і Арцём Лазоўскі. За танцавальны нумар дыпломамі ўдзельнікаў адзначаны артысты ўзорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” раённага цэнтра культуры, а таксама іх атрымалі Анастасія Маркевіч з танцавальнай групай падтрымкі і Матвей Маркевіч з Дварэцкага дома культуры, дуэт Кацярыны Літвін і Марыі Скрундзь з Казлоўшчынскага дома культуры, Дар’я Клімец з Новаяльнянскага дома культуры, Маргарыта Кастусік з Гезгалаўскага дома культуры. Дыплом у намінацыі “Той, хто падае надзеі” атрымала Мілана Лазовік (Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці). Дыпломам “За волю да перамогі” адзначана Соф’я Мамакова (Казлоўшчынскі дом культуры). У намінацыі “Вядучы” першае месца падзялілі і атрымалі адпаведныя дыпломы Валерыя Кастусік (Гезгалаўскі дом культуры) і Арсеній Барысевіч (Данілавіцкі дом культуры), дыплом ІІ ступені – Аліна Кулеш (Гезгалаўскі дом культуры), ІІІ ступені – Андрэй Голуб (Новаяльнянскі дом культуры). Пераможцамі намінацыі “Вакалісты” сталі і ўзнагароджаны дыпломамі І ступені Артур Лішык (Казлоўшчынскі дом культуры) і Нэлі Санюк (Гезгалаўскі дом культуры), ІІ ступені – Ксенія Жэляніна (Гезгалаўскі дом культуры), ІІІ ступені – Ганна Муха (Новаяльнянскі дом культуры).