Месяц: Апрель 2023

Лёсы, апаленыя Вялікай Айчыннай вайной

       11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе.             У гэты дзень у 1945 годзе вязні захапілі канцлагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.              На Дзятлаўшчыне з гэтай нагоды прайшоў ужо традыцыйны марафон памяці ад грамадскіх аб’яднанняў і работнікаў культуры. У час яго старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці наведалі былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, нашых землякоў.                 Словы падтрымкі і добрыя пажаданні ў гэты дзень пачулі Вера Калпінская, Галіна Сліжэўская, Раіса Венславоўская.              Ад савета ветэранаў кожная з жанчын атрымала памятны падарунак, а яшчэ салодкі сюрпрыз ад раённага камітэта ГА “БРСМ”. Аднак галоўным для былых вязняў, вядома ж, сталі прыемныя хвіліны радасці ад сустрэчы і пачуццё ўдзячнасці за тое, што і праз дзесяцігоддзі дзятлаўчане не забываюць пра іх апаленыя Вялікай Айчыннай вайной лёсы.               Сваім гасцям і ўсім суайчыннікам жанчыны, якія прайшлі праз горан фашысцкіх канцлагераў, шчыра пажадалі ніколі не зведаць горыч вайны, каб неба над Беларуссю заўсёды заставалася мірным, людзі – шчаслівымі, а наша краіна развівалася і прыгажэла з кожным днём. Каб усё гэта спраўдзілася, маладое пакаленне павінна ведаць родную гісторыю і беражліва захоўваць памяць аб подзвігах сваіх продкаў.

Автор admin 11.04.2023 Выкл.

Шануем мінулае, каб зберагчы будучыню (+відэа)

       Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў – трагічная і памятная дата ў календары.           У гэты дзень дзятлаўчане ўшанавалі памяць мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.               Мітынг-рэквіем прайшоў ва ўрочышчы Курпяшы каля помніка па-зверску забітым фашыстамі 2800 яўрэям Дзятлаўскага гета. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў раёна, вучні гарадскіх школ, духавенства.              – У гэты дзень вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд паднялі паўстанне, калі даведаліся пра набліжэнне саюзных войскаў. Разам у іх атрымалася перамагчы і выратавацца, – нагадалі вядучыя старонкі гісторыі гэтага дня. – З таго часу 11 красавіка прынята лічыць Днём памяці тых, каму не пашчасціла вярнуцца з лагераў смерці, днём павагі да тых, хто выстаяў і насуперак усяму вярнуўся на Радзіму.           Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ўзгадаў трагічныя падзеі нашага раёна:           ‒ Сёння мы сабраліся на адным з самых крывавых месцаў Дзятлаўшчыны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі было ўчынена жорсткае злачынства. Тут прыходзіць усведамленне: падобнае ніколі не павінна паўтарыцца. Жыццёвы подзвіг землякоў, якія прайшлі праз выпрабаванне канцлагерамі, служыць нам урокам. Нягледзячы на цяжкасці, яны захавалі чалавечую годнасць, веру ў дабро і справядлівасць. Кожны дзень мы павінны памятаць, што нічога на свеце няма даражэй за мір, і наша пакаленне заўжды будзе помніць і шанаваць тых, хто нам яго падарыў.               Школьнікі расказалі гісторыю фашысцкіх канцлагераў, у якіх у час вайны па розных падліках загінула 12 мільёнаў чалавек.               У гэты дзень аб міры на беларускай зямлі і спачыне несмяротных душаў тых, хто не дажыў да Перамогі, памаліліся настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула і клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч.            Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі да помніка кветкі, вянкі.

Автор admin 11.04.2023 Выкл.

І слова, і песня, і новы ўзор

      Акрамя сонейка і буйных дажджоў, ніхто не клапоціцца пра лясныя і палявыя кветкі, а красуюць яны часам прыгажэй за хатнія. З людзьмі тое ж самае: парой народныя ўмельцы сваім майстэрствам могуць сагрэць людскія душы не горш, чым імянітыя мастакі ці артысты.       Шмат гадоў у вёсцы Явар жыве жанчына, якую ў нашым раёне ведаюць многія, пераважна як самадзейную артыстку моўнага жанру, спявачку і рукадзельніцу. З дзяцінства Гэля Красоцкая па крупінках упітала ўсё тое роднае-народнае, чым жыве і дыхае беларуская вёска. Менавіта да яе ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” па “залацінкі” мудрасці і ўменні нашых продкаў завіталі спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская і Ірына Бакшук.      У асабістай скарбонцы Гэлі Браніславаўны нямала ўзнагарод, пераважная большасць з якіх – за ўдзел у раённых творчых конкурсах. Першай жа яе маштабнай “хвілінай славы”, як узгадвае наша зямлячка, было выступленне за раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў па зроку на адным з абласных аглядаў-конкурсаў, дзе з жартоўнай песняй “Жонка мужа не любіла” сярод прадстаўнікоў розных раёнаў Гродзеншчыны Гэля Браніславаўна стала абсалютнай пераможцай. Творчасць “з іскрынкай гумару” заўсёды была характэрнай рысай сцэнічных выступленняў Гэлі Красоцкай. Любоў да песні, пераважна беларускай народнай, збліжала нашу зямлячку з яе гледачамі, а ўменне захапляльна і смешна расказваць павучальныя байкі рабіла яе сустрэчы з публікай яркімі і запамінальнымі.      Па стане здароўя ў апошнія гады Гэля Браніславаўна ўжо не ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, тым не менш памятае незлічоную колькасць песень і нямала цікавых баек, некалькі з якіх з вялікім задавальненнем расказала сваім гасцям. Галоўныя дзеючыя асобы гэтых алегарычных твораў – такія ж вяскоўцы, выхадцы з простага народа, як і сама расказчыца, а таму ёй пад сілу яскрава, ва ўсіх тонкасцях і фарбах перадаць тую ці іншую з’яву чалавечага жыцця.       Адкуль вытокі таленту Гэлі Красоцкай? Па адказ на гэта пытанне трэба звяртацца ў яе дзяцінства. Родам яна з вёскі Старына, з простай беднай сялянскай сям’і. Бацьку свайго не памятае, бо памёр, калі дзяўчынцы было пару гадкоў, матуля ж цяжка хварэла, таму на дзіцячыя плечы змалку лягло шмат работы. Так здарылася, што настаўнікамі дзяўчынкі былі не толькі школьныя педагогі, але і вясковыя жанчыны, да якіх хілілася Гэля, за паўсядзённымі клопатамі і справамі якіх пільна назірала, стараючыся пераняць для сябе самыя карысныя ўменні. – Можа, пяцікласніцай я пачала бегаць на вячоркі, – успамінае яна. – Па-першае, любіла слухаць, як спяваюць, і сама падпявала. Па-другое, суседкі збіраліся разам за рукадзеллем, і мне было вельмі цікава назіраць, як з-пад іх умелых рук “выходзілі” дзівосныя карункі, звязаныя кручком, ці ткаліся яркія квяцістыя посцілкі. Аднойчы прыбегла з такіх пасядзелак, схапіла ў рукі звычайную іголку, спрабавала вязаць так жа, як мясцовая майстрыха, але атрымлівалася кепска. На шчасце, у хату зайшла суседка, маці і папрасіла ў яе кручок для майго новага захаплення. З таго часу я практыкавалася ў вывязванні розных зубочкаў і карункаў.      Мінулі дзесяцігоддзі. Сёння інтэр’еры хаты Гэлі Браніславаўны ўпрыгожваюць дзясяткі, калі не сотні, рукатворных шэдэўраў, такіх жа яркіх, як і натура самой майстрыхі. Яе творчы свет – багаты на сакавітыя фарбы і колеры ад стрымана-халоднай гамы да сонечна-цёплай. – У мяне нічога не прападае, кожны клубочак ідзе ў справу, – падзялілася сакрэтамі стварэння сваіх родных-народных шэдэўраў майстрыха. – Беражліва захоўваю першы вышыты мной ручнік, само палотнішча якога дасталося ў падарунак ад дзядзькі – бацькавага брата, затым я аздобіла яго вязаным кручком “зубком” і вышываным крыжыкам узорам. Даўно “сябрую” з вышыўкай гладдзю, вынікам чаго сталі шматлікія рэчы для ўпрыгажэння інтэр’ера, пераважна таксама ручнікі, матывы для якіх нярэдка пераймала ў іншых вясковых вышывальніц.      Сапраўды, калі ўваходзіш у жылыя пакоі да Гэлі Браніславаўны, нібыта трапляеш у спякотны летні дзень, дзе пад промнямі цёплага сонейка распусціліся дзясяткі яркіх званочкаў, рамонкаў, браткоў, васількоў і іншых кветак роднай Беларусі. Яны не толькі на вышыванках, але і ўвязаны ў шматлікія рознакаляровыя матывы сурвэтак, вытканы на пакрывалах, ёсць нават цэлыя вывязаныя кручком букеты, пастаўленыя ў вазы клапатлівай рукой гаспадыні. Яркія дыванкі, дарожкі і мяккія палавічкі дадаюць аздобы гэтай самабытнай вясковай прыгажосці, такой мілай воку і характэрнай для інтэр’ераў беларускай хаты канца мінулага стагоддзя. Як хочацца, каб падобныя традыцыі продкаў не страчваліся, а ішлі надалей поруч з намі, заставаліся нашымі добрымі суседзямі і мілымі сэрцу сябрамі. Тым больш, як сцвярджае Гэля Красоцкая, яе карысныя захапленні з дзяцінства дапамагаюць ёй дакрануцца да прыгожага, акунуцца ў свет творчасці, забыўшыся на некаторы час пра жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні, адпачыць ад працоўных будняў.       Наша зямлячка не толькі стварае прыгажосць, але і памятае рэцэпты хлеба, паўсядзённых вясковых страваў і прысмакаў, якія гаспадыні гатавалі на святы, ведае прыказкі і прымаўкі, прыкметы, па якіх прадказвалі надвор’е, адным словам, яна цікавая субяседніца, якую прыемна слухаць, у якой ёсць чаму павучыцца.

Автор admin 10.04.2023 Выкл.

Час выбраў нас. Мы выбіраем мір і стварэнне (+відэа)

Дзятлаўшчына далучылася да абласной акцыі “Памяць. Мір. Стварэнне”.    Каля падножжа абеліска Славы ў райцэнтры старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі перадаў сімвалічны “агонь стварэння” старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганне Хвядзюк.    Старт акцыі быў дадзены ў Гродне ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ад Вечнага агню брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера ветэраны і моладзь запалілі факел, які па эстафеце перадаецца ад раёна да раёна. Падзея нясе глыбокі сэнс: “агонь памяці” ператвараецца ў “агонь стварэння” і дае старт добрым пачынанням ва ўсіх рэгіёнах вобласці. Акцыя ўжо прайшла ў 7 раёнах, з Лідчыны “агонь стварэння” быў перададзены на Дзятлаўшчыну.     Для ўдзелу ў акцыі каля абеліска сабраліся прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, школьнікі Дзятлаўшчыны, дэлегацыя Шчучынскага раёна. – Абласная акцыя “Памяць. Мір. Стварэнне”, з аднаго боку, даніна павагі тым, дзякуючы каму сёння мы жывём у міры, адзінстве і згодзе, з другога – нагода яшчэ мацней аб’яднацца людзям розных пакаленняў, прафесій, усім, хто шануе мір, дабрабыт, незалежнасць нашай Беларусі, – звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства Андрэй Садоўскі. – Сёння простыя словы “мір”, “стварэнне” напаўняюцца новым сэнсам, за імі – наша рэчаіснасць і спакойнае жыццё, бяспечныя гарады і вёскі, магчымасць гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню. Гэту магчымасць нам даў ратны подзвіг нашых продкаў. Нізкі паклон і вечная ўдзячнасць воінам-вызваліцелям!      Мы павінны зрабіць усё неабходнае, каб стваральнай працай памножыць дасягненні і багацце нашай краіны. У нашым адзінстве – аснова мірнага жыцця, шчасця кожнага чалавека і грамадства ў цэлым. Нас  аб’ядноўвае любоў да Радзімы, вернасць традыцыям і шчырае жаданне рабіць сваю краіну мацнейшай і прыгажэйшай.    У межах акцыі “агонь стварэння” пераадолее сотні кіламетраў, пакіне  сваё цяпло каля падножжа воінскіх пахаванняў ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці. І сёння з асаблівым гонарам мы перадаём эстафету нашым суседзям – Шчучынскаму раёну.     Начальнік групы прызыву на тэрміновую вайсковую службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Таццяна Трашчаліна адзначыла, што мір на Зямлі – найвялікшая каштоўнасць, права на якую здабылі нашы дзяды і прадзеды ў баях за Айчыну. І мы, нашчадкі герояў, абавязаны сваёй стваральнай працай спрыяць росквіту роднай Беларусі і свайго раёна.     Ад імя моладзі раёна прысутных павітала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык: – Моладзь Дзятлаўшчыны шануе гісторыю сваёй Радзімы і ўсведамляе: шчаслівая будучыня немагчыма без памяці аб мінулым. Захаванне міру, сяброўства народаў, пераемнасці пакаленняў – наша галоўная місія, і ад моладзі ў гэтым плане залежыць многае. Менавіта мы прадоўжым прапагандаваць каштоўнасці роднай дзяржавы, і ад нас залежыць, якім будзе жыццё ў Беларусі праз гады. Нездарма кажуць: мы моцныя, калі разам. Час выбраў нас, і ён заўжды будзе патрабаваць актыўных дзеянняў у імя міру і стварэння.      Да дзятлаўчан звярнулася ўдзельніца шчучынскай дэлегацыі Ганна Хвядзюк: – Сёння мы, прадстаўнікі Шчучыншчыны, прымаем ад вас эстафету абласной акцыі “Памяць. Мір. Стварэнне”, якая ўжо некалькі тыдняў крочыць па нашай гродзенскай зямлі і мае глыбокі сэнс. Невыпадкова перадача агню адбываецца на гэтым святым і свяшчэнным месцы, дзе мы маем поўнае права гаварыць аб тым, што Рэспубліка Беларусь заўжды застанецца вернай гістарычнай праўдзе, а мы, яе грамадзяне, зробім усё, каб захаваць мір і незалежнасць.     Кульмінацыяй акцыі стала перадача “агню стварэння”, які Андрэй Садоўскі прыняў ад маладога пакалення і перадаў Ганне Хвядзюк.      Разам з удзельнікамі моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў і прадстаўнікамі сілавых структур Андрэй Уладзіміравіч і Ганна Станіславаўна пасадзілі побач з абеліскам Славы дрэвы рабіны – сімвал міру, росквіту, згуртаванасці. Маладая пасадка прадоўжыла “Алею Памяці”, якая ў мінулым годзе была закладзена раённай уладай і моладдзю Дзятлаўшчыны. Блаславіў добрае пачынанне і асвяціў дрэвы настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула.    Абласная акцыя “Памяць. Мір. Стварэнне” на Дзятлаўшчыне прадоўжылася аўтапрабегам па знакавых месцах раёна, дзе яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць землякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі і вянкі да помнікаў. Ключавымі пунктамі маршруту сталі Вензавец, Казлоўшчына, Дварэц, Наваельня.

Автор admin 07.04.2023 Выкл.

«Путешествие в страну здоровья»

      7 апреля, во Всемирный День здоровья, прошла спортландия «Путешествие в страну здоровья», в рамках проекта «Крутиловичи — здоровый поселок», подготовленная творческим коллективом «Даниловичский ДК».

Автор admin 07.04.2023 Выкл.

«Праздничная верба в каждый дом»

     07.04 Сектор нестационарного обслуживания населения «Дятловского РЦКиНт» провел концерт-поздравление «Праздничная верба в каждый дом», для одиноких пожилых людей и долгожителей отдаленных деревень: Трухоновичи, Венски, Пацовщина, Апалино-Басино и д.Мировщина, в рамках проекта «Забота». В ходе мероприятия коллектив  поздравил жителей с наступающими праздниками Вербного воскресенья и Пасхи, пожелал радости и крепкого здоровья, а также каждому из них подарили главный символ праздника — украшенные с любовью и заботой веточки вербы, которые накануне освятил   благочинный церквей Дятловского округа иерей Иоанн Кисель в соборе святых новомучеников и исповедников церкви Русской. Ведь у таких людей, не у каждого есть возможность самостоятельно приобрести и освятить вербу в предпраздничные дни. От трогательных поздравлений и свежего запаха весенних букетов, на лице каждого сияла искренняя улыбка.

Автор admin 07.04.2023 Выкл.