Месяц: Февраль 2023

І працаваць, і прыгажосць ствараць…

Нялёгкі жыццёвы шлях да сваіх шаноўных 80-і гадоў прайшла Марыя Сіняк, наша паважаная зямлячка з вёскі Сверплевічы. У дзень юбілею ў рамках раённага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, да Марыі Віктараўны з самымі цёплымі віншаваннямі завіталі артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Іван Кашко. Імянінніцы было прыемна атрымаць у падарунак “жывую музычную паштоўку” з вясёлымі і бадзёрымі песнямі, якія нагадалі пра самыя запамінальныя і шчаслівыя падзеі жыцця. Моцнага здароўя, светлых сонечных дзён, невычэрпнай энергіі, бадзёрасці духу, клапатлівай увагі родных людзей, цеплыні і ўтульнасці, добрых вестак у хату, спаўнення жаданняў, актыўнага даўгалецця, якое дазволіць сустрэць яшчэ і 100-гадовы юбілей, зычылі Марыі Віктараўне яе госці. Жыццё ніколі не песціла нашу зямлячку, нямала выпрабаванняў на яе долю паслаў зменлівы лёс, тым не менш Марыя Сіняк умее цаніць прыгажосць і да гэтай пары стварае яе ўласнымі рукамі. Здаецца, з малаком маці гэта сціплая вясковая жанчына ўпітала ўменне ткаць адметныя ўзоры, вышываць яркія кветкі, вязаць мяккія цёплыя швэдры і шкарпэткі, рознакаляровыя дэкаратыўныя падушкі, каб саграваць жыццё родных людзей такімі простымі і ўсё ж важнымі і мілымі для кожнага рэчамі. Адкуль прыйшло гэта майстэрства? Марыя Віктараўна і сама сёння не можа дакладна адказаць на такое пытанне. З дзяцінства яна назірала, як працуе матуля, вясковыя жанчыны і дзяўчаты, так і пераняла ад іх карыснае рамяство, характэрнае для беларускай глыбінкі. Яго пранесла праз усё жыццё, таму сёння інтэр’ер яе хаты аздабляюць яркія саматканыя пакрывалы, дзе паміж рознакаляровымі дарожкамі-палосамі і арнаментамі распускаюцца кветкі. Шмат іх красуе і на вышываных гаспадыняй ручніках. Гэта званочкі, ружы, півоні насычаных сакавітых колераў, вышытыя гладдзю руплівымі працавітымі рукамі Марыі Віктараўны ў вольную ад асноўнай работы і клопатаў па гаспадарцы часіну. Колькі было гэтай цяжкай сялянскай работы, ужо і не падлічыць. Нарадзілася Марыя на хутары недалёка ад вёскі Сверплевічы ў ліхім 1943 годзе, калі ішла Вялікая Айчынная вайна і Дзятлаўшчына была акупіравана фашыстамі. Ваенных падзей доўгажыхарка, вядома ж, не памятае, бо была маленькай, але добра запомніла, як складана жылося бацькам з чатырма дзецьмі ў пасляваенны час. Старанна працаваць даводзілася і дарослым, і малым, таму Марыя скончыла ўсяго чатыры класы, шмат дапамагала па гаспадарцы, затым пайшла ў калгас. Там і пазнаёмілася з будучым мужам Леанідам Васільевічам. Разам яны выгадавалі сына і дзвюх дачок. Хаця побач ужо амаль два дзесяцігоддзі няма роднага чалавека, бабулю радуюць шасцёра ўнукаў і праўнук. Цяпер будні Марыі Віктараўны праходзяць за няхітрай хатняй работай і вязаннем, якое дапамагае не толькі з задавальненнем бавіць час, але і падрыхтаваць цёплыя жаданыя абноўкі для блізкіх. На пытанне гасцей, ці не з’яўляецца карыснае захапленне яе асабістым сакрэтам даўгалецця, Марыя Сіняк упэўнена адказвае, што кожнаму чалавеку яго час на Зямлі адводзіць Бог. З задавальненнем юбілярка паразважала і наконт ранейшых традыцый харчавання, узгадала даўнейшыя сялянскія “далікатэсы”, сярод якіх частымі былі каша з сачавіцы, якую вырошчвалі на ўласным агародзе, многімі любімая бульба, “томленая” ў печы, прыгатаваныя ў сагане супы. У сваіх традыцыйных пажаданнях для моладзі Марыя Сіняк заклікала сучаснае пакаленне жыць у міры, згодзе і радасці, шанаваць адзін аднаго, быць дастойным прыкладам для малодшых, берагчы здароўе і таксама дажыць да шаноўнага ўзросту.

Автор admin 24.02.2023 Выкл.

Для абаронцаў міру і роднай зямлі (+відэа)

3 лютага самыя цёплыя, шчырыя віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны і 105-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ад землякоў прымалі мужчыны Дзятлаўшчыны. Адметна, што сёлетняе свята мужных духам людзей праходзіла не толькі ў юбілейную дату, але і ў Год міру і стварэння, надзейным гарантам якіх з’яўляюцца Узброеныя Сілы краіны. Пра гэтыя важныя каштоўнасці, на варце якіх стаіць беларуская армія і сілавыя структуры, на працягу свята ўзгадвалася не раз. – За многія дзесяцігоддзі Дзень абаронцаў Айчыны стаў сямейным святам, бо ў нас паважаюць і цэняць тых, хто з’яўляецца абаронцамі сваіх сем’яў і Радзімы, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Безумоўна, у гэты дзень мы найперш аддаём даніну памяці нашым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія пазбавілі свет ад карычневай чумы, даніну павагі тым, хто многія гады прысвяціў воінскай службе, тым, хто стаіць на ахове рубяжоў нашай Радзімы. Канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна – абараняць сваю Айчыну, таму хачу пажадаць вам быць надзейнымі абаронцамі яе і сваіх сем’яў. Жадаю, каб вы абаранялі мір не са зброяй у руках, а ўмацоўваючы эканамічны патэнцыял нашай дзяржавы. Міра, дабра, утульнасці, спакою вам і вашым сем’ям. палітычную дзейнасць і асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё беларускай дзяржаўнасці Андрэй Садоўскі ўручыў старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Валянціну Абухаву. Падзячныя лісты старшыні райвыканкама за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць, патрыятычнае выхаванне моладзі і ў сувязі са 105-й гадавінай заснавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – ваеннаму камісару Дзятлаўскага раёна Генадзю Сураўцу і яго намесніку Аляксандру Бургуну. – Сёння мы адзначаем сапраўды народнае свята, якое яўляе сабой мужнасць, гераізм, стойкасць, вернасць абавязку і воінскай прысязе, – павіншаваў прысутных Генадзь Суравец. – Вялікая Айчынная вайна паказала, што Чырвоная Армія вызваліла не толькі Савецкі Саюз, але і краіны Еўропы, падарыўшы нам Вялікую Перамогу. Афганская вайна, якая доўжылася больш за 9 гадоў, даказала, што савецкія афіцэры, сяржанты, прапаршчыкі, салдаты дастойна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак, чацвёра нашых землякоў адзначаны вышэйшым званнем – Герояў Савецкага Саюза, многія ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі, некаторыя не вярнуліся з той вайны, але памяць пра іх жыве. Сучасная беларуская армія прадаўжае слаўныя традыцыі дзядоў і прадзедаў, за 105 гадоў Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь даказалі, што з’яўляюцца гарантам міру і стабільнасці. Віншую нашых дарагіх ветэранаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, ваеннаслужачых і грамадзянскі персанал ваеннага камісарыята, юнакоў раёна, якія праходзяць тэрміновую службу. Міра, дабрабыту, чыстага неба ўсім нам. Падзячныя лісты ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна і вайсковых часцей 1234 і 5529 адпаведна Генадзь Суравец уручыў бацькам, сыны якіх годна выконваюць свой воінскі абавязак перад Радзімай – Станіславу і Марыі Куляшам за выхаванне сына Аляксея, Сяргею і Наталлі Гузоўскім за выхаванне сына Уладзіслава. Песні, музычныя, танцавальныя нумары і добры настрой прысутным дарылі Тамара Ступак, група “Бархат”, Наталля Бузук, Ала Чарняўская, Таццяна Шостка, Алена Касцюк, выхаванцы групы № 9 дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, узорны ансамбль “Зорачкі” Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў і яе філіяла № 2, АРТ-група “Натхненне”, сямейны дуэт Веры і Андрэя Добышаў, Аксана Кашляк.   Для землякоў гучалі пажаданні міру, здароўя, дабрабыту, поспехаў, спаўнення мараў.

Автор admin 23.02.2023 Выкл.

23 февраля творческий коллектив филиала «Дворецкого Дома культуры» провели концерт «На страже мира и добра» для работников открытого акционерного общества «Дворец Агро»            

Автор admin 23.02.2023 Выкл.

Дыплом за сакрэты беларускай глыбінкі

22 лютага ў музеі Вялікай Айчыннай вайны горада Мінска прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі 2022 года. Дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшы інтэрактыўны клубны праект для моладзевай аўдыторыі” за сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” адзначаны творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дзятлаўчане расказалі, як удалося дасягнуць поспехаў. Ганна Харлінская, загадчыца сектара: – Рада, што мерапрыемствы сектара ў аддаленых вёсках далі штуршок для стварэння і рэалізацыі такога важнага праекта. Выезды ў глыбінку – не проста работа з насельніцтвам і гледачом, але і магчымасць зберагчы і памножыць культурную спадчыну Дзятлаўшчыны, разам з раённай газетай пазнаёміць землякоў з лёсамі доўгажыхароў-юбіляраў, раскрыць іх асабістыя сакрэты даўгалецця і “формулы” сямейнага ладу, расказаць аб паважаных у глыбінцы людзях – вясковых старастах, павіншаваць жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак з каляндарнымі і народнымі святамі, правесці прафілактычныя акцыі з удзелам зацікаўленых спецыялістаў і проста назапасіць цікавых ідэй для далейшай работы. Наш маленькі творчы калектыў, дзе поруч са мной працуюць культарганізатар Ірына Бакшук і гукааператар Марына Варган, папаўняе вялікая каманда аднадумцаў: нярэдка “жывым музычным суправаджэннем” падтрымліваюць калегі-баяністы Іван Кашко, Чэслаў Свіб, Таццяна Шостка, каб добры настрой і вясёлая песня “прыехалі” ў тыя куткі Дзятлаўшчыны, дзе адсутнічаюць свае стацыянарныя клубы, і на адрасы імяніннікаў і сямейных юбіляраў з глыбінкі. З падарункамі і віншаваннямі да творчай групы часта далучаюцца старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар Ядвіга Гушча, а таксама старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, бываюць і старшыні або спецыялісты сельвыканкамаў. Мы не толькі дорым людзям зарад бадзёрасці, але і самі знаходзім сапраўдныя скарбы малой радзімы, пра якія не стамляемся расказваць. На Дзятлаўшчыне нямала цікавых людзей з лёсамі, дастойнымі мастацкай кнігі, ёсць народныя майстры і ўмельцы, якія прадаўжаюць рамёствы продкаў і ўмеюць ствараць уласнымі рукамі сапраўдныя шэдэўры народнага мастацтва. Даведацца пра іх, знайсці вартых адрасатаў для новых “вандровак” праекта нам дапамагаюць вясковыя старасты, з якімі падтрымліваем цесныя сувязі. Я ўпэўнена, што беларуская вёска – гэта невычэрпная крыніца творчасці і першапачынальніца многіх нацыянальных традыцый і абрадаў. Яшчэ не ўсе сакрэты беларускай глыбінкі разгаданы, а таму работа над праектам будзе прадоўжана. У гэтым калектыў сектара падтрымлівае і загадчыца метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец. Менавіта яна падштурхнула нас да падачы заяўкі на конкурс, дапамагала з афармленнем праекта, накіроўвала, падказвала і ўпэўнена вяла да перамогі. Марына Варган, гукааператар: – Да пачатку работы над праектам нават не ўяўлялі сабе, што на Дзятлаўшчыне так шмат доўгажыхароў, гатовых дзяліцца сакрэтамі даўгалецця. Напрыклад, Юлію Гульнік сёлета віншавалі са 105-годдзем. Работа сектара запатрабавана, бо атрымліваем шмат званкоў-запрашэнняў. Дзякуючы выездам, назапашваем цікавую інфармацыю, якую праз раённую газету і сайт выдання, а таксама старонкі сектара ў сацыяльных сетках імкнёмся данесці да моладзі. Дзятлаўшчына багатая на таленты, самабытных майстроў, моцныя сямейныя пары з “важкім стажам” сумеснага жыцця, якія пражылі душа ў душу і могуць падзяліцца з малодшым пакаленнем лепшымі сямейнымі традыцыямі, сакрэтамі ладу і дабрабыту, стаць дастойным прыкладам у жыцці. Лічу, што работа над праектам “Глыбінкай жыве Беларусь” карысная для ўсяго раёна і даўно выйшла за яго межы, выклікаючы цікавасць у многіх людзей – пра гэта сведчаць водгукі пасля кожнай публікацыі на нашай старонцы ў Instagram, якую вядзе рэдактар Таццяна Палуносік. Ірына Бакшук, культарганізатар: – Прыемна, што землякі з аддаленых вёсак сустракаюць нас з дабрынёй і цяплом. Вяскоўцы заўсёды ўмелі весяліцца, спяваць, танцаваць, у беларускай глыбінцы падтрымліваюцца традыцыі самабытнай нацыянальнай культуры, якія робяць нас адметнымі. Нават у шаноўным узросце людзі не страцілі гэтай цудоўнай здольнасці заўважаць прыгажосць і радавацца жыццю. Мы даведаліся шмат цікавых рэцэптаў народных страваў і выпечкі хлеба. Некаторыя з іх я нават паспела сама апрабаваць як гаспадыня, пачаставаць калег. Лічу, што ў вёсках Дзятлаўшчыны жыве яшчэ шмат дастойных працаўнікоў, самабытных майстроў, проста цікавых людзей, якія могуць быць годным прыкладам для пераймання, а таму пра іх трэба расказваць моладзі. Работа над праектам прадаўжаецца.

Автор admin 22.02.2023 Выкл.

Дорогие дятловчане и гости города!

Дорогие дятловчане и гости города! 28 февраля в Центре культуры г. Дятлово состоится выступление «народных», «образцовых» коллективов Дятловского района. Начало в 11:00. Вход свободный! Защита почётного звания «народный», «образцовый»-это всегда праздник для зрителей и возможность доказать коллективам свой профессионализм, высокую сценическую культуру и творческий потенциал.

Автор admin 22.02.2023 Выкл.