День: 24.02.2023

Задача – працаваць без фармалізму

На Дзятлаўшчыне падвялі вынікі работы ўстановаў культуры раёна за 2022 год і акрэслілі задачы на 2023-і. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло выніковае пасяджэнне Савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча. Пралогам да пасяджэння Савета стала выстава-прэзентацыя дасягненняў культуры раёна, якую прадэманстравалі калектывы дзятлаўскай бібліятэкі, раённага метадычнага цэнтра, а таксама цэнтра рамёстваў.   Аб тым, як спрацавалі ў 2022 годзе і якія планы паставілі на 2023-і ўстановы культуры раёна, прысутным паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова: – У 2022 годзе дзейнасць арганізацый культуры Дзятлаўшчыны была накіравана на рэалізацыю задач дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, ажыццяўленне мерапрыемстваў і дасягненне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады. У раёне рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных знакавым падзеям у гісторыі Рэспублікі Беларусь, Году гістарычнай памяці, дзяржаўным святам, мясцовыя брэндавыя святы. Сярод найбольш адметных – “Зецельскі фэст”, свята “Каб помнілі”, прысвечанае 78-й гадавіне вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Свята працы, Дзень народнага адзінства, раённыя “Дажынкі” і іншыя. За год праведзена абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў культуры. Сярод задач на гэты год – пашырэнне спектра паслугаў установаў культуры, павышэнне заработнай платы работнікаў за кошт росту пазабюджэтных паслугаў, прыцягненне ў сферу дадатковых крыніц фінансавання. 14 помнікаў архітэктуры на тэрыторыі раёна выкарыстоўваюцца па прызначэнні, будынак былога палаца Радзівілаў пакуль не выкарыстоўваецца. Аднак у снежні мінулага года аб’ект набыў праз аўкцыён грамадзянін Расійскай Федэрацыі, ён падпісаў ахоўнае абавязальніцтва. Усяго ўсталяваны 43 ахоўныя дошкі на нерухомых аб’ектах матэрыяльна-культурных каштоўнасцяў, падпісаны 38 ахоўных абавязальніцтваў. За справаздачны перыяд гісторыка-краязнаўчы музей наведалі 5246 чалавек, праведзены 156 экскурсій, што больш за запланаваную колькасць. У бібліятэчнай сферы нязначна скарочана колькасць штатных адзінак, пры гэтым з’явіліся філіялы змешанага тыпу, інтэрактыўныя формы работы. Усе бібліятэчныя ўстановы актыўна ўдзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні насельніцтва. Жыхары аддаленых населеных пунктаў раёна маюць магчымасць чытаць літаратуру, якую дастаўляе “Бібліобус”, графік яго работы публікуецца на старонках газеты “Перамога”. Сярод значных дасягненняў у бібліятэчнай сферы – перамога ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. На 1 студзеня 2023 года ў раёне дзейнічаюць 8 клубных установаў, часова прыпынена работа Вензавецкага дома культуры. Культурнае абслугоўванне маланаселеных і аддаленых пунктаў Дзятлаўшчыны ажыццяўляе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва. Творчы калектыў сектара быў адзначаны дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшы інтэрактыўны клубны праект для моладзевай аўдыторыі” за сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”. Па выніках мінулага года навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў раёна заваявалі 159 перамог на конкурсах розных узроўняў, 9 сталі атрымальнікамі стыпендыі са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Выступленне Вольгі Мікалаеўны дапоўнілі кіраўнікі ўстановаў культуры раёна. Як аб’яднаць моладзь і старэйшае пакаленне, зацікавіць людзей народнымі традыцыямі, расказала загадчыца Дварэцкага дома культуры і народнай творчасці Людміла Баклушына. Па меркаванні загадчыцы Новаяльнянскай гарпасялковай бібліятэкі Анжалікі Вабішчэвіч, такія ўстановы павінны стаць не толькі цэнтрам чытання, але і месцам сустрэч, сумеснага баўлення вольнага часу і калектыўнай творчасці. Пра вопыт і перспектывы музейнай работы паведаміла дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева. Дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка акцэнтавала ўвагу на ключавой ролі кадраў у рабоце ўстановы, расказала, як “прыжыліся” ў раёне маладыя спецыялісты і каго ўстанова чакае ў бліжэйшы час. Ігар Кухарэвіч падвёў вынікі сустрэчы і даў ацэнку дзейнасці ўстановаў культуры раёна. Ён адзначыў той факт, што, нягледзячы на значныя поспехі і дасягненні ў гэтай сферы, ёсць і істотныя недапрацоўкі. Найперш яны тычацца ўзроўню і грунтоўнасці падрыхтоўкі мерапрыемстваў. Напрыклад, брэндавае свята Дзятлаўшчыны “Зецельскі фэст” павінна развівацца, мяняць фармат і метады падачы, а не заставацца на першапачатковым узроўні. Па яго словах, рыхтавацца да ключавых падзей неабходна на працягу ўсяго года. – Паказчыкам выніковасці і паспяховасці работы ўстановаў культуры з’яўляецца зацікаўленасць гледачоў у мерапрыемствах і масавасць іх наведвання, – заўважыў Ігар Станіслававіч. – У сферы культуры ўсім варта навучыцца працаваць без фармалізму. Таксама ён засяродзіў увагу на падрыхтоўцы канцэртных праграм да дзяржаўных і прафесійных святаў, патрабуючы больш грунтоўнага падыходу да сцэнарыя і рэпертуару. Што тычыцца сферы музычнай адукацыі, тут важна адштурхоўвацца ад інтарэсаў саміх дзяцей і іх законных прадстаўнікоў, улічваць не толькі жаданне займацца, але і схільнасці. Намеснік старшыні райвыканкама заклікаў усіх, хто задзейнічае школьнікаў у пазакласнай дзейнасці і аб’яднаннях па інтарэсах, цесна супрацоўнічаць з установамі агульнай і спартыўнай адукацыі. Не менш важнае для ўсіх установаў культуры – трансліраваць вынікі сваёй дзейнасці праз месенджары, каналы і інтэрактыўныя платформы, супрацоўнічаць з раённай газетай “Перамога”, абласнымі і рэспубліканскімі медыя. Фіналам Савета стала прыемная місія, якую выканала Вольга Рагачова: яна ўручыла ўзнагароды за паспяховую работу па выніках мінулага года. Таксама за актыўнае і плённае супрацоўніцтва, творчы падыход да асвятлення дзейнасці сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці быў адзначаны калектыў газеты “Перамога”.

Автор admin 24.02.2023 Выкл.

І працаваць, і прыгажосць ствараць…

Нялёгкі жыццёвы шлях да сваіх шаноўных 80-і гадоў прайшла Марыя Сіняк, наша паважаная зямлячка з вёскі Сверплевічы. У дзень юбілею ў рамках раённага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, да Марыі Віктараўны з самымі цёплымі віншаваннямі завіталі артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Іван Кашко. Імянінніцы было прыемна атрымаць у падарунак “жывую музычную паштоўку” з вясёлымі і бадзёрымі песнямі, якія нагадалі пра самыя запамінальныя і шчаслівыя падзеі жыцця. Моцнага здароўя, светлых сонечных дзён, невычэрпнай энергіі, бадзёрасці духу, клапатлівай увагі родных людзей, цеплыні і ўтульнасці, добрых вестак у хату, спаўнення жаданняў, актыўнага даўгалецця, якое дазволіць сустрэць яшчэ і 100-гадовы юбілей, зычылі Марыі Віктараўне яе госці. Жыццё ніколі не песціла нашу зямлячку, нямала выпрабаванняў на яе долю паслаў зменлівы лёс, тым не менш Марыя Сіняк умее цаніць прыгажосць і да гэтай пары стварае яе ўласнымі рукамі. Здаецца, з малаком маці гэта сціплая вясковая жанчына ўпітала ўменне ткаць адметныя ўзоры, вышываць яркія кветкі, вязаць мяккія цёплыя швэдры і шкарпэткі, рознакаляровыя дэкаратыўныя падушкі, каб саграваць жыццё родных людзей такімі простымі і ўсё ж важнымі і мілымі для кожнага рэчамі. Адкуль прыйшло гэта майстэрства? Марыя Віктараўна і сама сёння не можа дакладна адказаць на такое пытанне. З дзяцінства яна назірала, як працуе матуля, вясковыя жанчыны і дзяўчаты, так і пераняла ад іх карыснае рамяство, характэрнае для беларускай глыбінкі. Яго пранесла праз усё жыццё, таму сёння інтэр’ер яе хаты аздабляюць яркія саматканыя пакрывалы, дзе паміж рознакаляровымі дарожкамі-палосамі і арнаментамі распускаюцца кветкі. Шмат іх красуе і на вышываных гаспадыняй ручніках. Гэта званочкі, ружы, півоні насычаных сакавітых колераў, вышытыя гладдзю руплівымі працавітымі рукамі Марыі Віктараўны ў вольную ад асноўнай работы і клопатаў па гаспадарцы часіну. Колькі было гэтай цяжкай сялянскай работы, ужо і не падлічыць. Нарадзілася Марыя на хутары недалёка ад вёскі Сверплевічы ў ліхім 1943 годзе, калі ішла Вялікая Айчынная вайна і Дзятлаўшчына была акупіравана фашыстамі. Ваенных падзей доўгажыхарка, вядома ж, не памятае, бо была маленькай, але добра запомніла, як складана жылося бацькам з чатырма дзецьмі ў пасляваенны час. Старанна працаваць даводзілася і дарослым, і малым, таму Марыя скончыла ўсяго чатыры класы, шмат дапамагала па гаспадарцы, затым пайшла ў калгас. Там і пазнаёмілася з будучым мужам Леанідам Васільевічам. Разам яны выгадавалі сына і дзвюх дачок. Хаця побач ужо амаль два дзесяцігоддзі няма роднага чалавека, бабулю радуюць шасцёра ўнукаў і праўнук. Цяпер будні Марыі Віктараўны праходзяць за няхітрай хатняй работай і вязаннем, якое дапамагае не толькі з задавальненнем бавіць час, але і падрыхтаваць цёплыя жаданыя абноўкі для блізкіх. На пытанне гасцей, ці не з’яўляецца карыснае захапленне яе асабістым сакрэтам даўгалецця, Марыя Сіняк упэўнена адказвае, што кожнаму чалавеку яго час на Зямлі адводзіць Бог. З задавальненнем юбілярка паразважала і наконт ранейшых традыцый харчавання, узгадала даўнейшыя сялянскія “далікатэсы”, сярод якіх частымі былі каша з сачавіцы, якую вырошчвалі на ўласным агародзе, многімі любімая бульба, “томленая” ў печы, прыгатаваныя ў сагане супы. У сваіх традыцыйных пажаданнях для моладзі Марыя Сіняк заклікала сучаснае пакаленне жыць у міры, згодзе і радасці, шанаваць адзін аднаго, быць дастойным прыкладам для малодшых, берагчы здароўе і таксама дажыць да шаноўнага ўзросту.

Автор admin 24.02.2023 Выкл.