День: 16.09.2022

У адзінстве наша сіла

Як казалі нашы мудрыя продкі, зямля народам моцная. І Беларусь не раз пацвярджала гэту мудрасць у сваёй гісторыі. Каб пакінуць будучым пакаленням памяць аб сваім гістарычным вопыце, мы ўвасабляем яго ў дзяржаўных святах, якія нагадваюць аб вялікай каштоўнасці міру на зямлі, незалежнасці краіны і еднасці нашай нацыі. Канцэртная праграма пад назвай  “У адзінстве наша сіла”, прысвечаная Дню народнага адзінства, сабрала ў зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадстаўнікоў кіраўніцтва раёна, арганізацый і прадпрыемстваў, школьнікаў, людзей розных пакаленняў, статуса, веравызнання, якіх аб’ядноўвае жаданне разам працаваць, будаваць, ахоўваць спакой, жыць, быць шчаслівымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. – Дзякуючы стабільнасці і згодзе ў грамадстве, узаемнай падтрымцы і паўсядзённай працы мы разам дасягаем пастаўленых мэтаў і ствараем моцную і квітнеючую Беларусь, праслаўляем свой калектыў, раён, сваю малую радзіму. Каб быць адзінымі, нашы продкі, нашы бацькі і дзяды, якія абаранялі сваю зямлю ад ворага, даказалі: адзінства – гэта магутная і непераадольная сіла, – адзначылі вядучыя святочнай праграмы. А сёння ў гэтай зале ўсіх аб’яднала добрая песня і цудоўны настрой, які прысутным дарылі творчыя калектывы – народны ансамбль песні “Зараначка”, група “Бархат”, выканаўцы Ганна Харлінская, Ала Чарняўская, Марына Варган, Таццяна Шостка, Таццяна Дудкіна, Наталля Бузук, Сяргей Малышчык, Чэслаў Свіб, юная беларусачка Аляксандра Міклаш, навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава. Яны спявалі пра шчырасць і гасціннасць беларускага народа, сяброўства з суседнімі краінамі, каштоўнасць роднага бацькоўскага парога, шчасце жыць у роднай краіне. Гучалі са сцэны і віншаванні са святам, пажаданні сілы духу, адзінства, незалежнасці і працвітання нашай Беларусі, а галоўнае, мірнага неба над галавой, ганарыцца сваёй краінай, прыносіць радасць і карысць не толькі сабе і сваім блізкім, рабіць добрыя справы, любіць і абараняць сваю Айчыну, бо ўсе мы  –  адзін народ, мы  –  гэта Беларусь. У фае прысутныя змаглі азнаёміцца з выставамі “Беларусь – мая Айчына”, дзе змешчаны матэрыялы пра славутых людзей Бацькаўшчыны, гісторыю беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, “А родная мова гучала”, арганізаваную раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, на якой можна было ўбачыць архіўныя матэрыялы пра нашых славутых паэтаў-землякоў, выданні іх твораў, фотаздымкі, рукапісы, а таксама работы Дзятлаўскай школы мастацтваў з краявідамі і пейзажамі роднага краю. Таццяна САНЮК Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Автор admin 16.09.2022 Выкл.

Мы разам – у гэтым наша сіла

17 верасня краіна адзначыць Дзень народнага адзінства другі раз. Свята маладое, але ўжо любімае. Напярэдадні ў Дзятлаве каля помніка Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку адбыўся ўрачысты мітынг. Яго ўдзельнікі: вучні школ, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра, раённая ўлада – сабраліся, каб выказаць любоў да роднай краіны і паказаць адзінства беларускага народа. Толькі разам можна захаваць спадчыну гераічных продкаў і пабудаваць квітнеючую краіну, якой будуць ганарыцца нашчадкі. Памяць пра ўсіх, хто мужна адстаяў свабоду сваёй Радзімы, ушанавалі хвілінай маўчання і словамі падзякі. – Гэта дата, 17 верасня 1939 года, аднавіла гістарычную справядлівасць, таму Дзень народнага адзінства можна “паставіць” побач з такімі важнымі для нас 9 мая – Днём Перамогі і 3 ліпеня – Днём Незалежнасці. У 1941 годзе нашы дзяды і прадзеды аб’ядналіся, каб падарыць нам мір і спакой, а мы ў жніўні 2020 года, аб’яднаўшыся вакол нашага лідара, як нацыя не дазволілі пазбавіць нас незалежнасці, – адзначыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец і павіншаваў удзельнікаў мітынгу з надыходзячым святам, пажадаў усім здароўя і дабрабыту, росквіту – любімай краіне. Дзятлаўчане ўсклалі кветкі і вянкі да помніка як даніну павагі мужнасці, гераізму і стойкасці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Ірына КАМАРОВА Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Автор admin 16.09.2022 Выкл.