День: 10.09.2022

З іскрынкай гумару – да любой справы

Шмат пазітыву і станоўчых эмоцый гасцям дзятлаўскіх “Дажынак” падарыла жартоўная сельскагаспадарчая эстафета. Яе ўдзельнікамі сталі каманды КСУП “Жукоўшчына” і адкрытых акцыянерных таварыстваў “Граніт-Агра”, “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”. Вясёлых спартсменаў чакалі жартоўныя выпрабаванні “Размінка”, “Перанясі мёд”, “Ламбада”, “Апрані гарбуз”, “Медзведзяняты-хадакі” . Удзельнікі прайшлі іх са спартыўным стараннем і іскрынкай гумару. За вясёлых спартсменаў хварэлі іх калегі з групаў падтрымкі. І тыя, і другія атрымалі вялікае задавальненне ад працэсу. Яшчэ адным прыемным момантам стала ўзнагароджанне пераможцаў дыпломамі і грашовымі прызамі. “Лаўры” за першае месца дасталіся камандзе камбіната хлебапрадуктаў, другое занялі спартсмены з Жукоўшчыны, на трэцяй пазіцыі замацавалася каманда “Алгоні”, гранітаўцам дастаўся прыз сімпатый гледачоў.

Автор admin 10.09.2022 Выкл.

Хвала рукам, што пахнуць хлебам

У межах раённага свята “Дажынкі-2022” адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання працаўнікоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у час сёлетняй уборачнай кампаніі. Урачыстасць распачало шэсце працоўных калектываў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны, якое адкрываў сімвал сёлетніх “Дажынак” – раённы каравай агульнай “вагой” 62 039 тон намалочанага збожжа. На цэнтральнай плошчы Дзятлава перадавікоў жніва сустракала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна, запрошаныя госці. Андрэй Садоўскі павіншаваў дзятлаўчан са святам, выказаў словы ўдзячнасці хлебаробам раёна: – Сёння мы ўшаноўваем хлебаробаў, дзякуючы працы якіх квітнее і развіваецца родная Беларусь і наш Дзятлаўскі раён. “Дажынкі” – гэта свята працаўнікоў, якія вырасцілі і сабралі хлеб. Дзякуючы зладжанай рабоце аграрнага сектара Дзятлаўшчыны сёлетняя ўборачная кампанія была праведзена арганізавана і вынікова. Адрасую словы ўдзячнасці ўсім хлебаробам раёна – аграномам, інжынерам, камбайнерам, трактарыстам-машыністам, механізатарам, вадзіцелям, машыністам і аператарам збожжасушыльных комплексаў за вашы залатыя рукі і найвышэйшую грамадзянскую адказнасць. Дзякуючы вашай працы наш раён своечасова і паспяхова завяршыў уборачную кампанію. Каб дасягнуць такіх высокіх паказчыкаў, важна ўлічваць розныя фактары. Але самым важным з іх застаецца людская праца. Шчыра дзякую вам за старанне, напружаныя працоўныя будні, адказныя адносіны да выканання абавязкаў, за клопат аб сёлетнім хлебе. Ад імя ўсіх удзельнікаў сёлетняга жніва духмяны каравай кіраўніку раёна ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка. Таксама сімвалічныя караваі з лічбамі сёлетняга ўраджаю ад кіраўніцтва раёна атрымаў кіраўнік кожнага сельгаспрадпрыемства: ААТ “Граніт-Агра” – 17 444 тоны зерня (кіраўнік Станіслаў Мазур), СГФ “АграМілк” – 10 446 тон (Аляксандр Грынкевіч), ТАА “РоданАгра” –7641 тона (Пётр Роўба), ААТ “Дварэц-Агра” – 7025 тон (Вадзім Царык), ТАА “РоданАграПол” – 6822 тоны, КСУП “Войневічы” – 6670 тон (Сяргей Францішчык), КСУП “Хвінявічы” – 3190 тон (Мікалай Бубноўскі), КСУП “Жукоўшчына” – 2801 тона (Васіль Алясюк). Уладзімір Сіняк павіншаваў землякоў са святам і перадаў Андрэю Садоўскаму віншавальны адрас ад кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь для хлебаробаў раёна. – Ваша прыродная мудрасць, асабістыя перажыванні, працавітасць, вернасць выбранай справе, беражлівыя адносіны да прыродных багаццяў і  найвышэйшая адказнасць быць сапраўднымі гаспадарамі роднай зямлі варта самых цёплых словаў удзячнасці і глыбокай павагі. Дзякуй вам за сумленную працу, высокі прафесіяналізм, імкненне ўдасканальвацца. Жадаем вам здароўя і дабрабыту, урадлівай глебы і выдатнага надвор’я, высокага ўраджаю і дастойнага прыбытку, – агучыў ён радкі дакумента. Старшыня райвыканкама ўзнагародзіў пераможцаў раённых спаборніцтваў на пасяўной кампаніі, уборцы ўраджаю, якія паказалі высокі вынік, пры гэтым не дапусцілі парушэнняў вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, умоваў аховы працы. Пераможцы раённых спаборніцтваў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2022 годзе сярод прадпрыемстваў размеркаваліся наступным чынам: 1 месца – СГФ “АграМілк”, 2 месца – ААТ “Граніт-Агра”, 3 месца – ТАА “РоданАгра”. Узнагароды раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю рапсу, зерневых і зернебабовых культур сярод моладзевых экіпажаў і маладых вадзіцеляў, аграномаў і інжынераў, занятых на жніве-2022, уручыла першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Павіншаваў прысутных са святам і адзначыў лепшых аграрыяў прафсаюзнымі ўзнагародамі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык агучыў вынікі прафсаюзнага спаборніцтва на лепшую арганізацыю харчавання механізатараў у ходзе ўборачнай кампаніі 2022 года. Пераможцай стала КСУП «Хвінявічы» (адказная – Ганна Федаровіч), другое месца – у ААТ “Граніт-Агра” (адказная –Алена Зенчык), трэцяе – у ААТ “Дварэц-Агра”. У межах святкавання раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2022” прайшлі тэматычныя конкурсы. Лепшымі ў вырабе і афармленні дажынкавага снапа сталі прадстаўнікі КСУП “Жукоўшчына”, у конкурсе на лепшы каравай перамог калектыў КСУП “Войневічы”, лепшы вянок-сімвал свята – лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, лепшы сельскагаспадарчы падворак – ААТ “Граніт-Агра”. Дыпломы пераможцам уручыў Віталій Шулейка, грашовыя прэміі будуць пералічаны на рахунак прадпрыемстваў. У народзе кажуць: ёсць хлеб – будзе і песня. У гэты дзень музычныя сюрпрызы гасцям раённых “Дажынак” дарылі таленавітыя калектывы і артысты Дзятлаўшчыны – ансамблі “Суседзі, “Зараначка”, “Ятранка”, “Мара”, група “Бархат”, вакальная група народнага хору “Ветэраны ў страі”, вакальны дуэт гімназіі № 1 горада Дзятлава, Тамара Ступак, Ала Чарняўская, Аліса Дзірвук, Андрэй Добыш.

Автор admin 10.09.2022 Выкл.

Фестываль-карнавал роставых лялек у Дзятлаве

Дзеці і дарослыя, мясцовыя жыхары і госці Дзятлава мелі магчымасць папрысутнічаць на  карнавале-фестывалі  роставых лялек і гульнёвых праграм. Яго ўдзельнікі прывезлі на фестываль мноства захапляльных і цікавых гульняў, бо, як хтосьці слушна сказаў, гульня — гэта жыццёвая лабараторыя дзяцінства. Але перш чым прапанаваць гледачам казкі і забавы, артысты ў казачных касцюмах удзельнічалі ў шэсці па вуліцах Дзятлава. Герояў вядомых мультфільмаў і казак віталі дзятва і дарослыя.  Фестывалілі па-суседску: дзятлаўчане, госці з Карэліцкага, Свіслацкага, Лідскага, Дзяржынскага раёнаў. Менавіта выдатнага настрою, знаёмства з новымі цікавымі героямі-лялькамі пажадалі на пачатку фестывалю намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова, яе намеснік  Васілій Шыцько, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, яна ж старшыня журы,  Таццяна Нікіпорчык. Яны зычылі ўдзельнікам поспехаў, а перамогі – мацнейшым. Пераможцамі сталі ўзорны тэатр гульні роставых лялек «Лялькі для ўсіх» Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (кіраўнікі Іван Каско, Аксана Кашляк) і народны тэатр-студыя гульні “Карагод” з аграгарадка Грынкі Свіслацкага раёна (Марыя Самалевіч). На другой пазіцыі — узорная тэатральна-гульнявая студыя «Жэўжыкі» з горада  Фаніпаля Дзяржынскага раёна (Жанна Скапавец) і творчы калектыў Гезгалаўскага дома культуры (Наталля Бузук). Дастойнае выступленне паказалі і народны тэатральны калектыў «Бераг» з Мінойтаў Лідскага раёна ( Святлана Чайко) і творчы калектыў Дзятлаўскага РАНС (Мікіта Кандратовіч). Акрамя гэтага, госці захапляліся шоу мыльных бурбалак, крыа-шоу з вадкім азотам «Лабараторыя навуковых цудаў» студыі дзіцячых святаў «Сюрпрыз» з горада Ліды. Таццяна САНЮК Фота Ільі КАВАЛЕНКІ

Автор admin 10.09.2022 Выкл.