День: 08.07.2022

“Непадуладна памяць часу”

Урачысты канцэрт пад такой назвай прайшоў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці напярэдадні Дня вызвалення горада Дзятлава. Гледачы наведалі і тэматычную выставу ў фае, якая была падрыхтавана Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем і цэнтральнай раённай бібліятэкай. Відэа “Сустрэча на Шчары” пагрузіла прысутных у атмасферу мінулага. Прайшло 77 гадоў, але “летапіс адвагі” нашых продкаў, якія абаранілі свабоду і незалежнасць Радзімы і Дзятлаўскага краю, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Вядучыя Наталля Маліноўская і Чэслаў Свіб расказалі, што на Дзятлаўшчыну вайна прыйшла 28 чэрвеня 1941 года. Першы бой адбыўся паміж Каменкай і хутарам Клешч. Каля гадзіны дня з боку дзятлаўскіх могілак пачуўся стрэл гарматы, снарад разбіў машыну, 2 салдаты былі паранены. Стралялі, пасля абеду бамбілі нямецкія самалёты, на дарозе засталося шмат забітых і параненых. Два дні доўжыўся бой, 14 загінулых чырвонаармейцаў пахавалі ў адной магіле. Хто яны, невядомыя героі, якія сваёй адвагай вымусілі нямецкага афіцэра пахаваць іх з усімі вайсковымі ўшанаваннямі? У час акупацыі раёна было забіта больш за 20 тысяч воінаў, партызан, мірных жыхароў, лёс Хатыні раздзялілі 6 вёсак Дзятлаўшчыны, не забыць трагедый дзяцей дзятлаўскага прытулку, міжнароднага піянерскага лагера “Наваельня”, масавага забойства яўрэяў. На досвітку 9 чэрвеня 1944 года ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” часці 3-й арміі 2-га Беларускага фронту разгарнулі наступленне на Дзятлава. На подступах да пасёлка гітлераўцы аказалі ім моцнае супраціўленне, але да 11 гадзін раніцы воіны 283-й Гомельскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі ордэна Суворава на чале з палкоўнікам Васілём Канавалавым прарвалі абарону і вызвалілі гарадскі пасёлак. У памяць аб гэтай шчаслівай падзеі на святочным канцэрце гучалі песні ў выкананні Івана Кашко, Ганны Харлінскай, Алы Чарняўскай, Алены Гузавец, Таццяны Шостка, Максіма Маліноўскага, Сяргея Малышчыка, Генадзя Сураўца, юных зорачак раёна, іншых артыстаў. Яны жадалі Дзятлаву далейшага росквіту, а жыхарам раёна – шчасця, міру, моцнага здароўя, радасці і дабрабыту. Ірына СТЫРНІК  

Автор admin 08.07.2022 Выкл.