Вячэрні святочны канцэрт
Вячэрні святочны канцэрт народных калектываў мастацкай творчасці Дзятлаўшчыны
Стыльна і крэатыўна. А вы захапілі парасон?
Праграму “Зецельскага фэсту” прадоўжыў яркі і незабывальны, модны і элегантны конкурс-дэфіле дзіцячых творчых работ – “Парад парасонаў”. Палюбавацца модным паказам запрасіла агенцтва “Самыя лепшыя выхавальнікі” і яго кіраўнік – чароўная Мэры Попінс, ролю якой па-майстэрску выканала Ганна Харлінская. Юным лэдзі і джэнтэльменам Мэры Попінс прапанавала ўпэўнена выйсці на подыум з крэатыўна аформленымі да свята парасонамі, выбраць і аздобіць якія дапамагалі бацькі і педагогі. Усяго конкурс сабраў 31 маленькага таленавітага жыхара нашага раёна. Былі прапанаваны намінацыі “Флордызайн”, “Самы крэатыўны парасон”, “Парасон для дваіх”, “Нацыянальны каларыт”, “Лепшы сонечны парасон”, “Самы модны парасон”. Дзяцей гледачам і журы прадстаўлялі іх дашкольныя ўстановы: яслі-сад № 1 і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава, Казлоўшчынскі і Новаяльнянскі яслі-сады, Круцілавіцкі і Вензавецкі дзіцячыя сады-сярэднія школы, Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа. Сакавітыя колеры, цікавыя ідэі, рукатворная прыгажосць, абаяльнасць і грацыя, акцёрскае майстэрства, апладысменты і ўсмешкі – чым толькі не парадаваў конкурс! Асабліва складана было вызначыцца членам журы. Тым не менш, усе яны згадзіліся, што ў дэфіле не было роўных пяцігадовай Валерыі Царык з парасонам у нацыянальным стылі “Беларусь заўжды са мной”, якую з песенным нумарам падтрымаў яе тата Вадзім Віктаравіч. Ёй дастаўся дыплом за першае месца. Другое заняла Еўдакія Ваніслаўчык з мамай Юліяй Мікалаеўнай, якія падрыхтавалі тэатралізаваную пастаноўку “У прыроды няма дрэннага надвор’я” і аднайменныя парасоны. Абедзве дзяўчынкі- выхаванкі ДРЦД № 2 горада Дзятлава, выхавальніца Алена Капковіч. Дыплом за трэцяе месца дастаўся Лізавеце Мамакавай з Казлоўшчынскага ясляў-сада, якая выйшла на подыум з “Натхненнем” (так называўся яе модны парасон) і мамай Кацярынай Анатольеўнай. Усе тры пераможцы атрымалі падарункі ад спонсараў – індывідуальных прадпрымальнікаў Аляксандра і Зарыны Харошкаў і іх павільёна “Святлана”. Спецыяльнымі прызамі раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, якія ўручыла старшыня Галіна Касцюк, былі адзначаны Ілья Абрамчык, Вікторыя Снапкова, Цімафей Яцушкевіч, Валерыя Свіб, Сафія Макарчык, Вера Каляда. Кожны без выключэння маленькі ўдзельнік конкурсу-дэфіле быў узнагароджаны салодкімі прызамі ад Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, які прадстаўляў дырэктар Андрэй Жыдко, і райвыканкама. Ірына СТЫРНІК
Фестываль “Зецельскі фэст”
Дружныя, моцныя, з сярэбраным і залатым “стажам”. Фестываль “Зецельскі фэст” сабраў сем’і Дзятлаўшчыны Цудоўнай традыцыяй на Дзятлаўшчыне стаў штогадовы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. І няхай гэта яшчэ маладое свята (адзначаецца яно шосты раз), аднак ужо займела свае добрыя традыцыі і стала любімым у дзятлаўчан і гасцей. “Зецельскі фэст” збірае разам сем’і нашага раёна, нагадваючы ўсім, што цеплыня сямейнага ачага – гэта тое, што застаецца з намі на ўсё жыццё. Мілагучнай песняй “Рамонкавыя палі” сёлетнюю ўрачыстасць адкрыла выступленне групы “Бархат”. Удзельнікаў і гасцей фестывалю павітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч: – Наша дзяржава надае вялікую ўвагу падтрымцы сем’яў, для гэтага распрацавана і рэалізуецца шмат дзяржпраграм. Адметна, што нядаўна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў указ, які аб’яўляе 21 кастрычніка Днём бацькі, а з 14 па 21 кастрычніка мы будзем адзначаць Бацькоўскі тыдзень. З трыбуны фестывалю асаблівыя словы прызнання выказваю замяшчальным сем’ям раёна, якія дораць цяпло дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Адметна адзначыць, што Дзятлаўшчына ганарыцца дасягненнямі сям’і Міклашаў з Наваельні. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2022” яны занялі пераможнае першае месца і прадставяць Гродзеншчыну ў фінальным этапе конкурсу. Усім гасцям свята і жыхарам раёна жадаю моцнага здароўя, шчасця, удачы, утульнасці і цяпла сямейнага ачага. Ці можа каханне “пакрыцца” серабром? Адказ на гэта пытанне ведаюць сямейныя пары, якія ідуць поруч ужо 25 гадоў і сёлета адзначаюць сваё сярэбранае вяселле. Гэта Дзмітрый і Таццяна Варонкі, Мікалай і Ірына Ціханы, Сяргей і Іна Орсікі, Дзмітрый і Таццяна Маліка. Па добрай традыцыі іх заклікалі на чырвоную дарожку фестывалю паставіць юбілейныя подпісы ў кнізе рэгістрацыі шлюбаў і ўшанавалі сімвалічнымі медалямі “За каханне і вернасць”, кветкамі і падарункамі ад арганізацый, дзе працуюць. Вядучыя падзякавалі спонсарам – Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, Новаяльнянскаму КХП, раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, Дзятлаўскаму раёну газазабеспячэння, КСУПам “Хвінявічы” і “Дварэц-Агра”. Выдатна, што на Дзятлаўшчыне ёсць сямейныя пары, якія разам ужо паўстагоддзя, і каханне іх, як золата вышэйшай пробы. 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця сёлета адзначаюць Антон і Марыя Хаванскія, Уладзімір і Валянціна Драздовы, а вось сям’я Мечыслава і Ванды Генюкоў ужо сустрэла 55-гадовы юбілей. Іх таксама запрасілі паставіць свае подпісы, цёпла павіншавалі, уручылі падарункі ад прафсаюзных пярвічак Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, Дзятлаўскай ЦРБ, раённага аб’яднання прафсаюзаў. Цудоўна, калі сем’і не толькі маюць добрыя традыцыі, але і актыўна імі дзеляцца. У сакавіку ў Дзятлаве прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2022”, пераможцам якога стала сям’я Юрыя і Алены Міклашаў з Наваельні, а напярэдадні Міжнароднага дня сям’і Міклашы атрымалі чарговую перамогу, ужо ў абласным этапе конкурсу ў Гродне. У кастрычніку яны будуць прадстаўляць наш раён і Прынёманскі край на рэспубліканскім этапе “Сям’і года”. За актыўную жыццёвую пазіцыю і сямейную перамогу Юрыю Мікалаевічу і Алене Аляксандраўне ўручылі Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў. Узнагароды атрымалі і спецыялісты раёна, якія дапамагалі гэтай сям’і на шляху да перамогі. Ганаровымі граматамі райвыканкама адзначаны спецыяліст па сацыяльнай рабоце ЦСАН Дзятлаўскага раёна Алена Якаўчык, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы Алена Круглова, Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў атрымалі настаўніца па класе вакала Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Ціхановіч, акампаніятар сектара па рабоце з моладдзю аддзела правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Міхаіл Маісеенка. Каштоўныя падарункі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь” уручаны настаўніцам Новаяльнянскай сярэдняй школы Галіне Масловіч і Ганне Карэйчанка. Наступнымі на чырвоную дарожку фестывалю выйшлі тыя, хто аддае свае сэрцы дзецям і ўпэўнены, што шчасця шмат не бывае – шматдзетныя сем’і, дзе гадуецца па чацвёра дзяцей: Аляксандра і Іны Лагуцікаў, Аляксея і Валянціны Васько, Андрэя і Вольгі Ляхаў. Падарункамі іх ушанавалі арганізацыі, дзе яны працуюць, – ТАА “Ізакам-пласт”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, прафсаюзная пярвічка раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, ААТ “Белаграпрамбанк”. Добрымі песнямі ўдзельнікаў “Зецельскага фэсту” радавалі Ганна Харлінская, Алена Гузавец, Уладзіслаў Ракуць, Максім Маліноўскі і іншыя артысты раёна. На свяце было чым заняцца гасцям рознага ўзросту: аматараў прыгожага вабіў горад майстроў, працавалі гандлёвыя павільёны, а малеча ад душы весялілася на атракцыёнах, надзіманых горках, у гульнявых зонах, каталася на электрамашынках і нават на поні. Урачыстасць прадоўжылі дэфіле-конкурс “Парад парасонаў” і спаборніцтвы сем’яў на тэматычных пляцоўках.
На пляцоўку — усёй сям’ёй
На пляцоўку — усёй сям’ёй У “Зецельскага фэсту” за шэсць гадоў існавання склалася свая конкурсная праграма, і кожная сям’я-ўдзельніца фестывалю можа выбраць для сябе пляцоўку, на якой максімальна ўдасца праявіць спрыт, кемлівасць, творчыя і музычныя здольнасці, іншыя “моцныя” бакі. Сёлета за прызы і званне пераможцаў сем’і выпрабоўвалі сябе на пляцоўках “Беларускі 3D-дворык”, дзе з кардону, паперы і падручных матэрыялаў будавалі падворак сваёй мары; “ART-Battle- дружная сям’я”, дзе малявалі, гулялі ў футбол-ветрадуй і ўзводзілі вясёлыя вежы; на “Скрыжаванні мастацтваў” угадвалі мелодыі і складалі оды фестывалю. Наталля АВЯРЧУК
Дранікі VS галушкі: на інтэрактыўных пляцоўках
Дэбютам фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” стаў гастранамічны конкурс. Яго ўдзельнікі не толькі прэзентавалі стравы, прыгатаваныя па рэцэптах сваёй сям’і, але і праявілі сябе ў конкурсах, прапанаваных гаспадарамі інтэрактыўнай пляцоўкі. Каманды паўтарылі вопыт казачнай Папялушкі, перабіраючы крупы, накармілі сваіх мужчын пачастункамі на хуткасць, паказалі спрыт у выпяканні бліноў і кіданні бульбы ў чыгунок, а таксама разабралі і сабралі мясарубку. Сумна не было нікому! Канкурсанты расказалі пра сябе і падзяліліся ўражаннямі ад “гастранамічнай” пляцоўкі. Таццяна Загорцава: – З сынам Аляксеем прыехалі на конкурс з Наваельні, прывезлі бульбяныя клёцкі, якія на маёй радзіме на Палессі называюць галушкамі. У нашай сям’і яны заўжды былі вельмі папулярныя. У пост галушкі елі з варэннем, у працоўныя будні гаспадару дадавалі да іх шкваркі на патэльні, каб падмацаваўся пасля працоўнага дня, дзеці любілі іх есці з малаком ці смятанай. Рэцэпт атрымала ў спадчыну, калі больш за 30 гадоў таму ішла замуж, дагэтуль ім карыстаюся. Уся наша сям’я вельмі любіць галушкі. Ірына Бакшук з Міроўшчыны: Разам з унукамі мы прэзентуем нашу вялікую сям’ю спадчынных рыбакоў, пачынаючы ад прадзеда і да ўнукаў. Я і сама рыбачка: вяду рыбалоўны гурток “Стронг”, вядомы на ўсю вобласць. Таму і стравы сёння пераважна з рыбы: Яфімава юшка (па рэцэпце выдатнага рыбака нашага дзеда Яфіма), блінчыкі з рыбай і пячонкай, сушаная рыба, якую самі злавілі, і нават кансервы з рыбы. Наталля Калодка з Дзятлава: – Разам з мужам і сынамі сёння прадстаўляем стравы нашай беларускай кухні – “Калабкі ад бабулі” і “Беларускія дранікі”. Дранікі вельмі любіць уся наша сям’я, часта іх гатуем. Любімыя мужчыны – першыя памочнікі дома, на кухні таксама, асабліва малодшы сын Жэня. На маю думку, кулінарны сакрэт любой стравы – цеплыня і любоў, з якой яе гатуюць. Усё гэта мы шчодра дадаём, калі гатуем дома. Удзельнікам пляцоўкі жадаем добрага настрою і перамогі. Алена Міклаш з Наваельні: – Мы прыехалі на свята з сырамі ўласнага вырабу, плаўленым з зелянінай і без, адыгейскім, сваім тварагом, сметанковым маслам, малачком ад нашых каровак. Дома гатуем усе разам, дапамагаюць дзяўчынкі і муж, працуем заўсёды дружна. Конкурс усім нам спадабаўся. Было весела!