Рукатворная прыгажосць
Ці ведаеце вы, што кветкі роднай Беларусі расцвітаюць не толькі на палях і ўзлесках, але і пад рукамі самабытных беларускіх майстрых, якія пераймаюць карысныя рамёствы ад сваіх матуляў і бабуляў, перадаюць іх уласным дзецям і ўнукам, каб прадаўжалася сувязь пакаленняў, а інтэр’еры нашых дамоў і кватэр былі аздоблены рэчамі, якія літаральна ўвабралі ў сябе традыцыі і дух продкаў. У Год гістарычнай памяці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” адкрыты новы кірунак дзейнасці “Роднае-народнае”, і артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадаўжаюць экспедыцыі па Дзятлаўшчыне, каб пазнаёміць нас з самабытнымі майстрамі раёна – захавальнікамі беларускіх рамёстваў, абрадаў, промыслаў. На гэты раз Ганна Харлінская і Марына Варган пабывалі ў жыхаркі вёскі Нарбутавічы Ванды Гянюк, якая за многія гады свайго жыцця стварыла дзясяткі рукатворных шэдэўраў у народным стылі. Інтэр’ер яе дома ўпрыгожваюць яркія, вышываныя гладдзю і крыжыкам сурвэткі і навалачкі, дзвярныя фіранкі і дарожкі (так майстрыха называе аздобленыя вышыўкай і найчасцей абвязаныя “зубочкам” палотнішчы, якія мацаваліся знізу на ложках і канапах для іх упрыгажэння). Ёсць у Ванды Іосіфаўны і ўласная калекцыя тканых пакрывалаў, дзе вока радуюць яркія ўзоры і кветкі. – Рукадзеллю мяне навучыла матуля, таксама жыхарка Нарбутавічаў, Інэса Мартынаўна Шымук, 1910 года нараджэння. Я ў дзяцінстве любіла назіраць, як яна працуе, а аднойчы, калі ў хаце стаяў аснаваны варстат з ужо пачатым палатном і матуля надоўга адлучылася, я амаль закончыла работу. Калі падрасла, з дзяўчатамі часта хадзілі адна да адной дапамагаць у ткацтве, у мяне добра атрымлівалася перабіраць узоры, – расказала пра вытокі сваіх уменняў Ванда Іосіфаўна. Ідэі для будучых вышывак крыжыкам майстрыха прыдумвала сама, спачатку малявала іх на паперы і размяркоўвала на “дарожкі”, а затым з дапамогай іголкі і каляровых нітак “пераносіла” сюжэты на тканіну. На яе вышыўках не толькі “расцвітаюць” кветкі, ёсць тут і героі ўсім вядомых казак. У залежнасці ад задумкі і інтэр’ера пакоя колеры вышыванак самыя розныя: ад ружовага да чырвонага, ад блакітнага да цёмна-сіняга. Варта адзначыць, што работы ў народным стылі і сёння не губляюць сваёй актуальнасці, яны могуць асвяжыць і ўпрыгожыць любы дом ці кватэру, праўда, цяпер іх чамусьці ўсё часцей называюць па-замежнаму “хэнд-мэйд”. Чаму так адбываецца, не зусім зразумела, вельмі хочацца верыць, што мода на ўсё замежнае не “выцісне” з нашага жыцця традыцыі продкаў, бо свет вакол нас – гэта адлюстраванне народнай душы, залацінкі мудрасці мінулых пакаленняў, зразумелыя сімвалы ўспрымання Сусвету. Калі іх страціць, то сваю форму, змест і значэнне памяняе ўсё наша жыццё. Трэба берагчы і памнажаць культуру продкаў – той неацэнны скарб, які па крупінках збіраўся стагоддзямі і дастаўся нам дзеля будучыні. Ірына СТЫРНІК
Мюзикл «Чучело»
23 мая 2022 г. на сцене Дятловского центра культуры прошёл показ мюзикла «Чучело». Постановка передаёт очень глубокий, местами напряжённый смысл. Последствия жизни подростков в соцсетях