День: 01.05.2022

“Шлях да поспеху” – запальвае зоркі, адкрывае новыя імёны

Праграму ўрачыстасцяў да Дня працы ў Дзятлаве прадоўжыў раённы фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Шлях да поспеху”, які сабраў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці юныя таленты, іх педагогаў, бацькоў і гледачоў, якія прыйшлі зарадзіцца добрым настроем і падтрымаць выступаючых. Надзейным спонсарам фестывалю, закліканым зацікавіць і паспрыяць развіццю твочых здольнасцяў дзяцей і моладзі Дзятлаўшчыны, cа шматлікімі прызамі выступіла адкрытае акцыянернае таварыства “Молочный Мир”, якое на свяце прадстаўляў дырэктар Дзятлаўскага філіяла Андрэй Жыдко. Выпрабаваць свае таленты і творчыя ўменні была магчымасць у шырокага кола нашых юных землякоў, бо фестываль-конкурс ладзіўся адразу для трох узроставых катэгорый: малодшай (5-8 гадоў), сярэдняй (9-13 гадоў) і старэйшай (14-17 гадоў). Дабіцца поспеху і прызавых месцаў можна было ў некалькіх намінацыях: “Вядучы”, “Саліст-вакаліст”, “Вакальны ансамбль, дуэт”, “Ансамбль сучаснай харэаграфіі”, “Саліст-інструменталіст”, “Інструментальны ансамбль”. Выступленні ацэньваліся па 10-бальнай сістэме. Адкрылі свята маленькія зорачкі, якія даказалі, што могуць прэтэндаваць на званні зорак першай велічыні. Самыя юныя вядучыя і салісты ўпэўнена трымаліся на сцэне. Дарыць гледачам лепшыя песні і пажаданні прадоўжылі маладыя таленты дсярэдняй узроставай катэгорыі. У танцавальнай жа намінацыі выступілі адразу два саставы ансамбля сучаснай харэаграфіі філіяла № 2 гарпасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў – “Капрыз” сярэдняй і “KAPandRIZ” старэйшай ўзроставых катэгорый. Сур’ёзна да выбару рэпертуару падышлі ўздельнікі 14-17 гадоў. Журы было даволі складана вызначыць пераможцаў і прызёраў. – Кожны год раённы фестываль “Шлях да поспеху” запальвае новыя іскрынкі прафесіяналізму. Вялікі дзякуй усім, хто прыклаў да гэтага цудоўнага свята руку, душу і спонсарскія сродкі, – адзначыў у час цырымоніі ўзнагароджання старшыня журы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. Кожнаму без выключэння юнаму ўдзельніку, які выступаў на сцэне, Андрэй Жыдко ўручыў смачныя прызы ад “Молочного Мира”, таксама дзеці атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У намінацыі “Вядучы” не было роўных Арцёму Касперовічу з Новаяльнянскага ДК і Аляксандры Барабан з Гезгалаўскага ДК, якія адзначаны дыпломамі І ступені, дыпломы ІІ ступені заваявалі Аліна Кулеш і Валерыя Кастусік з Гезгалаўскага ДК, дыплом ІІІ ступені – Таццяна Орсік з узорнай тэатральнай студыі “Мелодыі душы”, дыпломамі “за ўдзел” адзначаны Ксенія Кандакова з Дварэцкага ДК; Аляксандр Лагвіновіч, Ангеліна Кардаш і Карына Касіла з Новаяльнянскага ДК, дуэт Уладзіславы Гулецкай і Анастасіі Кавалёвай з узорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы”. У намінацыі “Саліст-вакаліст” у малодшай ўзроставай катэгорыі пераможцай стала Ксенія Жэляніна з Гезгалаўскага ДК, дыплом ІІ ступені ў Аліны Муха з Новаяльнянскага ДК, дыплом ІІІ ступені заваявала Сафія Мамакова з Казлоўшчынскага ДК, дыпломы ўдзельнікаў – у Яўгена Кашко з Жукоўшчынскага ДК, Алесі Сёмуха з Данілавіцкага ДК. У сярэдняй ўзроставай катэгорыі лепшымі салісткамі-вакалісткамі сталі Нэлі Санюк з Гезгалаўскага ДК і Аліса Дзірвук з Новаяльнянскага ДК, на другой пазіцыі – Арсеній Лішык з Казлоўшчынскага ДК, дыпломы ІІІ ступені ў Артура Лішыка з Казлоўшчынскага ДК і Аляксея Шыкуця з Гезгалаўскага ДК, дыпломамі за ўдзел адзначаны Дар’я Філістовіч з Данілавіцкага ДК і Аляксандра Лагвіновіч з Новаяльнянскага ДК. Пераможца старэйшай узроставай катэгорыі – Арыанна Кузьміч з Новаяльнянскага ДК, дыплом за ўдзел – у Анастасіі Аляксеевай з Казлоўшчынскага ДК. Узнагародамі “За папулярызацыю танцавальнага жанру” адзначаны ансамблі сучаснай харэаграфіі філіяла № 2 гарпасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў – “Капрыз” і “KAPandRIZ”. Прызы за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы раённага фестывалю “Шлях да поспеху” атрымалі вядучыя Яўгенія Цар і Арцём Лазоўскі. Ірына СТЫРНІК

Автор admin 01.05.2022 Выкл.

Першамай: узнагароды – лепшым працаўнікам, інтэлектуалам, спартсменам

У Свята працы дзятлаўчане сабраліся на плошчы 17 Верасня райцэнтра, каб ушанаваць землякоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працы, грамадскім жыцці, навуцы, спорце. Свята распачала ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару і ўшанавання заслужаных землякоў. З Першамаем удзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі: – Сёння ад усёй душы мы дзякуем усім, хто сваёй працай робіць дастойны ўклад у эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё раёна. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасуем ветэранам – усім, хто сумленна працаваў на карысць нашай вялікай і малой радзімы і пайшоў на заслужаны адпачынак. Нягледзячы на няпростыя ўмовы, у якіх нам прыйшлося працаваць летась, у раёне дасягнуты добрыя вынікі і поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, будаўніцтве, сацыяльнай сферы і іншых галінах дзейнасці. Дзякуй вам, паважаныя дзятлаўчане, за любоў да роднай зямлі і высакародную працу ў імя яе росквіту і дабрабыту! Па выніках работы за 2021 год, згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, на раённай Дошцы гонару з’явіліся прозвішчы перадавікоў вытворчасці. На святочнай плошчы райцэнтра кіраўнік раёна ўручыў ім памятныя сертыфікаты і грашовыя прэміі. Таксама былі ўшанаваны сельскія выканаўчыя камітэты і працоўныя калектывы, якія па выніках раённага спаборніцтва дасягнулі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці. Пераможцамі прызнаны працоўныя калектывы Казлоўшчынскага сельвыканкама, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, КСУП “Хвінявічы”, Новаяльнянскага дома культуры, Новаяльнянскай сярэдняй школы, Гезгалаўскага ясляў-сада, Лявонавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта, Парэцкай амбулаторыі доктара агульнай практыкі.         Са словамі віншавання да землякоў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк: – Дзятлаўскі раён разам з усёй рэспублікай сустракае 1 Мая сваімі працоўнымі поспехамі. Яго жыхары робяць усё магчымае для развіцця і росквіту нашай краіны. Першамай сімвалізуе павагу да чалавека працы, і сённяшняе свята – пацверджанне гэтага. Уладзімір Аляксандравіч прыехаў на Дзятлаўшчыну з прыемнай місіяй: за высокі прафесіяналізм, сумленнае выкананне прафесійных абавязкаў, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё падведамаснай тэрыторыі і органаў мясцовага самакіравання ён уручыў старшыні Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандру Маркушэўскаму Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы былі адзначаны навучальныя ўстановы, якія пастаянна на высокім узроўні праводзяць работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі. Сёлета імі сталі Новаяльнянская сярэдняя школа, сярэднія школы № 1 і № 3 горада Дзятлава. У першы дзень мая віншаванні і ўзнагароды ад кіраўніцтва раёна прымалі інтэлектуалы, прадстаўнікі залатога фонду Дзятлаўшчыны – вучні школ раёна, якія заваявалі прызавыя месцы ў навуковых конкурсах і канферэнцыях. Падзячныя лісты старшыняў райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, а таксама грашовыя прэміі атрымалі ўдзельнікі хакейнай каманды “Алмаз” — пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагародамі былі адзначаны іх трэнеры: Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў – намеснік начальніка папраўчай калоніі-пасялення Аляксей Петрыкевіч, Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама – загадчык сектара спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда. Песенныя падарункі ў час свята гасцям падарылі работнікі культуры і вучні школ раёна.

Автор admin 01.05.2022 Выкл.