Месяц: Апрель 2022

Раённы семінар-практыкум «Развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ва ўстановах клубнага тыпу»

ў Цэнтры культуры і народнай творчасці напярэдадні Вербнай нядзелі і свята Вялікадня прайшоў раённы семінар-практыкум «Развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ва ўстановах клубнага тыпу» з мэтай папулярызацыі традыцыйных рамёстваў. Для ўсіх прысутных працавала выстава-кірмаш работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з правядзеннем майстар-класаў па лозапляценню і ўпрыгожванню традыцыйных вербаў. Сярод тых, хто прыйшоў паглядзець на цікавыя вырабы, былі прадстаўнікі раённых клубных установаў, выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. У рамках семінара-практыкума знаёмілі з традыцыйнымі і нетрадыцыйнымі відамі рамёстваў для падрыхтоўкі да Вялікадня. Таксама расказвалі, якія былі рамёствы раней і ёсць цяпер, што карыстаецца большай папулярнасцю. Акрамя гэтага, на майстар-класах па лозапляценні і вырабе традыцыйных вербаў работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва і майстар з Дварца Сяргей Балыкоў падзяліліся сваім вопытам у стварэнні розных прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Гезгалаўскім доме рамёстваў на майстар-класах творчая група спрабавала вязаць шыдэлкам, плесці традыцыйныя паясы і ствараць прыгожыя кампазіцыі з выцінанкі.

Автор admin 14.04.2022 Выкл.

Віншаванні для Ніны Антончык з Чарлёнкі

  Пасля чарговай публікацыі ў рамках работы над праектам “Глыбінкай жыве Беларусь”, дзе артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці расказвалі, хто на Дзятлаўшчыне можа атрымаць “жывую музычную паштоўку”, загадчыцы сектара Ганне Харлінскай паступіў тэлефонны званок. З ёю звязалася Вольга Антончык з аграгарадка Раготна. Жанчына расказала, што пастаянна сочыць за навінамі на сайце раённай газеты “Перамога” і перыядычна чытае артыкулы аб віншаваннях землякоў-юбіляраў. Вядома ж, людзям прыемна, калі на іх асабістае свята прыязджаюць артысты, гучыць жывая музыка, а потым родныя, сябры і проста знаёмыя, нават у іншых гарадах, на вялікіх адлегласцях могуць пабачыць у інтэрнэце фотаздымкі, прачытаць артыкул і акунуцца ў атмасферу свята. Вольга расказала, што яе матуля Ніна Антончык з аддаленай вёскі Чарлёнка ў сёлетнім красавіку адзначае свой 77-ы дзень нараджэння. Дата гэта не юбілейная, аднак таксама важкая, таму сям’я хоча арганізаваць для сваёй самай роднай і любімай прыемны сюрпрыз з запрашэннем артыстаў сектара. – Ну як было не пагадзіцца, не прыняць удзел у падрыхтоўцы такога цёплага сямейнага свята? – зазначаюць работнікі культуры. Красавіцкім днём Ганна Харлінская, Марына Варган і Чэслаў Свіб накіраваліся ў вёску Чарлёнка з “жывой музычнай паштоўкай” для імянінніцы. Варта зазначыць, што, нягледзячы на вясновую дату на календары, надвор’е выдалася па-зімоваму няўстойлівым, нават снежным, аднак гэта не перашкодзіла прыемнай і цёплай сустрэчы. На падворку Ніны Іосіфаўны ўжо сабралася дружная кампанія з дзяцей, унукаў, праўнукаў, блізкіх сябровак, адразу было відаць, што паабяцаны сюрпрыз тут чакалі з нецярпеннем і да яго рыхтаваліся, унукі нават захапілі мабільны тэлефон, каб зняць урачыстасць для сямейнага архіва. Госці шчыра павіншавалі імянінніцу, пажадалі ёй моцнага здароўя і яшчэ шмат гадоў радаваць блізкіх сваім аптымізмам, бо так важна ў нашым жыцці, калі вокны бацькоўскага дома свецяцца прывабным агеньчыкам, а на парозе сваіх дзяцей чакае мама, якая выслухае, супакоіць душэўныя турботы і, як у дзяцінстве, пачастуе чым-небудзь смачным. У гэты дзень для Ніны Іосіфаўны гучалі самыя шчырыя словы, добрыя пажаданні, душэўныя песні мінулых гадоў, жывыя гукі акардэона. Нават пранізлівы вецер не змог выдуць з сэрцаў прысутных радасць, шчасце і прыўзняты настрой. Імянінніца расказала гасцям пра свой лёс. Адметна, што нарадзілася і ўсе 77 гадоў яна пражыла ў роднай хаце, у вабным маляўнічым куточку нашага раёна – вёсцы Чарлёнка, якая раскінулася на беразе хуткаплыннай рэчкі Шчары. Ніна была малодшым, пятым, дзіцём у шматдзетнай сялянскай сям’і. Чарлёнка яе маладосці ўзгадваецца як шматнаселеная вёска са значнай колькасцю дзяцей, пачатковай школай, магазінам, фермай тагачаснага калгаса “Слава працы”. Дзяўчынка хадзіла ў школу спачатку ў Пархуты, затым у Падвялікае, а па заканчэнні 7 класаў уладкавалася працаваць у роднай вёсцы на ферму. Узгадвае, што там было 7 даярак, за кожнай замацавана па 12 кароў, якіх даілі ўручную. На беразе Шчары калгас пабудаваў свой дом адпачынку, і менавіта там кожны месяц праходзілі сходы работнікаў, у якіх прымала ўдзел і Ніна Іосіфаўна, быў у і свой самадзейны калектыў “Рэчанька”. Можа, таму Ніна Антончык і цяпер любіць паспяваць родным і гасцям старадаўнія мілагучныя песні. З малой радзімай звязаны і сямейны лёс жанчыны: яе будучы муж, Карл Карлавіч, таксама жыў у Чарлёнцы. Разам выгадавалі сына Леаніда, дачок Вольгу і Святлану. Больш за дзесяцігоддзе роднага чалавека няма побач, але Ніну Іосіфаўну часта наведваюць дзеці, не даюць сумаваць шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Не абышоўся без малодшага пакалення і бабулін дзень нараджэння – з задавальненнем разам пафатаграфаваліся на памяць. Пра асабісты сакрэт даўгалецця Ніна Антончык кажа, што, як і многія іншыя землякі з глыбінкі, “знайшла” яго ў шчырай працы, да якой далучылася з маленства, затым прывучыла і сваіх дзяцей. Антончыкі трымалі дзве каровы, свіней, авечак, хатнюю птушку, садзілі соткі і агарод, пры гэтым жанчына паспявала ткаць і вышываць. Цяперашняя гаспадарка імянінніцы больш “сціплая”, але з ёю Ніна Іосіфаўна спраўляецца самастойна. У вольны час любіць сустрэцца з сяброўкамі, пачытаць, асабліва часопісы і раманы, якія ў вёску прывозяць спецыялісты бібліобуса, а яшчэ ў сталым узросце яна захапілася вырабам карцін з алмазнай мазаікі – новыя работы, сярод якіх рукатворная ікона, упрыгожваюць сцены хаты. Маладому пакаленню імянінніца жадае берагчы здароўе, устрымлівацца ад шкодных звычак і дажыць да шаноўнага веку. Ірына СТЫРНІК

Автор admin 13.04.2022 Выкл.

Ніколі не забудзем

У межах духоўна-асветніцкай рэспубліканкай акцыі “Нельга забыць, нельга зразумець”, прымеркаванай да міжнароднага Дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў,  каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця” ў Дзятлаве адбыўся мітынг-рэквіем. Прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў Дзятлаўшчыны, вучні гарадскіх школ, духавенства сабраліся разам, каб ушанаваць памяць ахвяраў лагераў смерці і яшчэ раз нагадаць грамадскасці, што мір – найвялікшая каштоўнасць. Да прысутных далучыліся былыя непаўналетнія вязні фашысцкіх канцлагераў Галіна Іосіфаўна Сліжэўская і Вера Андрэеўна Калпінская. – Гэты дзень стаў адначасова сімвалам найвялікшай трагедыі і смутку і сімвалам стойкасці і вялікай мужнасці людзей розных нацый і народнасцяў, якія воляй лёсу апынуліся ў засценках фашысцкіх лагераў смерці ў час Другой сусветнай вайны, – нагадалі вядучыя мерапрыемства. – Гэта памятная дата адзначаецца па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 11 красавіка, бо менавіта ў гэты дзень вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд, даведаўшыся аб набліжэнні саюзных войскаў, узнялі ў лагеры ўзброенае паўстанне. Яны захапілі лагер, тым самым выратавалі сябе ад знішчэння, якое рыхтавалі ім гітлераўскія ўлады. Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі: – Вялікая Айчынная вайна ўвайшла ў гісторыю як самая страшная і крывавая. Чорнымі старонкамі яе з’яўляюцца “фабрыкі смерці” – канцэнтрацыйныя лагеры, у якіх утрымлівалася больш за 19 мільёнаў чалавек, выжылі з іх менш за 7 мільёнаў. Сёння ва ўсім цывілізаваным свеце ўшаноўваюць памяць вязняў фашысцкіх лагераў. На гэтым святым месцы мы ўзгадваем сваіх землякоў, загінулых у гады ваеннага ліхалецця. Мы ўзгадваем воінаў-абаронцаў, якія вызвалілі нашу Радзіму ад карычневай чумы, свята помнім і шануем іх подзвіг. Пакуль памяць аб героях і ахвярах вайны ў нашых сэрцах, мы не дапусцім фашызму на нашай мірнай беларускай зямлі. Кранальна, пранізліва, не па-дзіцячы балюча… Увесь гэты спектр эмоцый, якія адчувалі непаўналетнія вязні ваенных канцэнтрацыйных лагераў, паказалі ў сваім выступленні вучні сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.     Са словамі малітвы, смутку аб загінулых і гонару за народ, які адстаяў сваю незалежнасць, выступілі клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула.     Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць аб загінулых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да мемарыяла “Дзеці ліхалецця”.                

Автор admin 11.04.2022 Выкл.

Баліць незагойнаю ранай вайна

Мінула 77 гадоў, як адгрымела Вялікая Айчынная вайна, але памяць аб ёй не выкрасліць з сэрцаў тых, хто выжыў, дажыў да нашых дзён. 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, на Дзятлаўшчыне адбылося ўжо традыцыйнае для нашага раёна мерапрыемства – марафон памяці “У сэрцы маім незагойная рана вайны” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нельга забыць, нельга зразумець”. У рамках яго артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва і сектара па рабоце з моладдзю раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Міхаілам Губарам і першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык накіраваліся да былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія жывуць на Дзятлаўшчыне. У гэты дзень госці з прыемнымі сюрпрызамі завіталі да Веры Калпінскай, Яўгеніі Капціловіч, Валянціны Башко, Галіны Сліжэўскай, Раісы Венславоўскай, каб падзякаваць за стойкасць характару і мір, які яны захавалі для нашага пакалення, пажадаць бадзёрасці духу, моцнага здароўя, светлых сонечных дзён і каб не балелі незагойныя раны вайны. Ад раённага савета ветэранаў кожная з жанчын атрымала памятны падарунак – кубак з выявай вядомых мясцін нашага горада, ад моладзевай арганізацыі – салодкі пачастунак, а лепшымі “лекамі” для душы сталі папулярныя песні ад дзятлаўскіх артыстаў – легендарная “Кацюша” і беларуская “Мы вам жадаем!”. Яны падарылі нашым зямлячкам прыемныя хвіліны, абудзілі ў іх памяці ўспаміны а слязамі на вачах, але гэта былі і слёзы радасці ад сустрэчы і ад таго, што пра іх не забываюць. Сваім гасцям жанчыны пажадалі міру і дабрабыту, ніколі не зведаць жахаў вайны і голаду, не адчуць таго, што давялося перажыць ваеннаму пакаленню. Ансамбль песні «Мара» Дварэцкага Дома культуры ДУК «Дзятлаўскі РЦКиНТ» сумесна работнікамі Дварэцкага сельскага выканкама далучыліся да акцыі, наведаўшы  Стукач Валянціну Міхайлаўну.   Работнікі Наваельнянскага Дома культуры і Наваельнянскага сельскага выканкама наведалі  Голікаву Ніну Усцінаўну.    

Автор admin 11.04.2022 Выкл.

Будзь здаровы, як вада, расці, як вярба!

У Год гістарычнай памяці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адкрыты новы кірунак дзейнасці “Роднае-народнае” па вывучэнні беларускіх абрадаў, фальклору, рамёстваў, промыслаў. Дзятлаўчане даведаюцца аб земляках з глыбінкі, якія беражліва захоўваюць атрыманыя ад старэйшых веды і ўменні. Пачаць знаёмства было прапанавана з “экспедыцыі” па традыцыях хрысціянскага свята Вербная Нядзеля. Паколькі на Дзятлаўшчыне жывуць і каталікі, і праваслаўныя, то пытанні аб падрыхтоўцы “букетаў” з вербных галінак, іх асвячэнні і выкарыстанні задавалі прадстаўнікам дзвюх гэтых канфесій. Марына Груша з вёскі Горка (каталічка): – Звычайна нарыхтоўваецца няцотная колькасць галінак, да іх прымацоўваецца доўгая штучная кветка, звязваецца каляровай нітачкай або стужкай. Калі штучных кветак не было, вяскоўцы выкарыстоўвалі для ўпрыгажэння хатнія расліны ці абыходзіліся яркімі ніткамі. Упрыгожаныя вярбінкі асвячалі, а калі прыходзілі з храма, злёгку білі імі сямейнікаў, прыгаворваючы: “Ад року да року – вярбою па боку, каб здаровыя былі, добра вучыліся, дарослых паважалі, Вялікдзень прычакалі, за багаты стол сядалі”. Затым іх змяшчалі за абразы да наступнага года. Лічылася, што яны берагуць дом ад пажару, прыносяць дабрабыт у сям’ю. За некалькі дзён да новай Вербнай Нядзелі старыя галінкі спальвалі, бо гэта святое, выкідаць іх нельга. Мая бабуля такі попел збірала, казала, што ім трэба наносіць крыжык паміж рагоў каровы, калі яна целіцца, каб ацёл быў лёгкім. Ніна Антончык з вёскі Чарлёнка (праваслаўная): – Для асвячэння звязваюцца 3-5 галінак вярбы, да якіх прымацоўваюцца штучныя кветкі. У нас, перш, чым паставіць прынесеныя з храма галінкі за абраз, імі дакранаюцца да ўсіх прысутных, прыгаворваючы: “Будзь здаровы, як вада, вясёлы, як пчала, багаты, як зямля!”. Асвечаныя галінкі выкарыстоўвалі ў важных бытавых справах, напрыклад, імі ўвесну выганялі на пашу кароў, каб жывёлы ў статку “не калоліся”, на людзей не нападалі. Некаторыя вяскоўцы ламалі вярбінкі на кавалачкі, засаджвалі ў зямлю на полі і агародзе, каб быў багаты ўраджай. Перад наступным святам мінулагоднія вярбінкі спальвалі. Клаўдзія Якаўчык з вёскі Горка (праваслаўная): – Нарыхтоўвалі вярбу загадзя, каб да свята яна “выпусціла” лісточкі. Бралі няцотную колькасць, але каб хапіла паставіць за абразок у кожны пакой. “Вербны букет” звязвалі прадзенымі пафарбаванымі ніткамі, цяпер упрыгожваюць яшчэ і кветкамі. Калі вярталіся з асвечанымі вярбінкамі, трэба было махнуць імі ў кожны куток, каб усё ў доме было добра, дакрануцца да родных са словамі: “Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень – Вялікдзень”, пажадаць здароўя і дабрабыту на цэлы год. Старыя людзі вучылі, што першы раз карову на пашу трэба гнаць асвечанай вярбой, каб жывёла здаровай у поле ішла, здаровай вярталася, больш малака давала. Каляровую шарсцяную нітку з асвечанага букета прывязвалі на хворае месца, верылі, што дапамагае, кавалачкі асвечанай вярбы маглі заварваць з чаем, даваць піць хвораму. У савецкі час, калі была забарона на царкоўныя абрады, жыхары нашай вёскі дагаворваліся са святаром зацемна асвяціць вербы ці яйкі на Вялікдзень, каб вярнуцца дахаты незаўважанымі. Калі такой магчымасці не было, маліліся дома, каб Гасподзь сам усё асвяціў. Праз год старыя галінкі вярбы спальвалі, попел высыпалі на “чыстае месца” – пад дрэва ці ў кветнік, дзе не ходзяць нагамі, не кідаюць смецце. Лідзія Груша з вёскі Сцяткоўшчына (праваслаўная): – У нашай сям’і заўсёды святкавалі два святы, бо нябожчык муж быў каталіком, але галінкі вярбы ўпрыгожвалі аднолькава. Зразалі загадзя, ставілі ў ваду, каб паказаліся лісточкі, абкручвалі каляровай стужкай, завязвалі банцік, можна было прымацаваць штучныя кветкі. Калі вярталіся з царквы ці касцёла, вярбінкай трэба было “пабіць” кожнага з сям’і. Лічылася, што на працягу года, “пабітыя” будуць здаровымі і моцнымі. Вербныя галінкі захоўвалі за абразамі, праз год – спальвалі. Валянціна Гародка з вёскі Чарлёнка (каталічка): – Вербная Нядзеля – вялікае свята, якое памятаю з дзяцінства. У нашай сям’і галінкі ўпрыгожвалі яркай стужкай, штучнымі кветкамі, неслі ў касцёл. Захоўвалі святыню ў чырвоным куце каля абразоў. Верылі, што гэта вярба дапамагае ад сурокаў, ёю пасля зімы гналі кароў на пашу (каб не “калоліся”), праз год  галінкі спальвалі, попел клалі ў скрыначку, каб на Папялец (першы дзень Вялікага посту) занесці ксяндзу. Ён высыпаў крыжык на галаве для пакаяння і самаабмежавання. Таццяна Янушкевіч, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці: – На Дзятлаўшчыне Вербная Нядзеля была шануемым святам. У Нарбутавічах дзяўчаты варажылі на суджанага: “білі” вярбінкамі незнаёмых хлопцаў, пыталіся імя, верылі, што так будуць зваць мужа. У Сачыўлянах людзі з’ядалі пупышачкі вярбы, каб быць здаровымі. Вярнуўшыся з царквы, галінкі дзялілі: частку ставілі за іконы, другою пабівалі скацінку, нават пладовыя дрэўцы на ўраджай, затым падтыкалі іх пад дах хлява, каб пазней са свянцонай вадой імі пагнаць карову ў поле. Асвечаныя галінкі ядлоўцу, калі хварэла карова, клалі на цадзілак, каб не збягалася малако. Хатнюю вярбу пры навальніцы ставілі на акно, адкуль ідзе хмара. Увогуле, з вярбінкамі было шмат дзеяў: вяршочкі кідалі ў баразну на ўраджай пры пасадцы бульбы; калі палохаліся дзеці, іх з ног да галавы абкурвалі дымам асвечанай вярбы; суконныя ніткі з вербных букетаў вязалі на рукі, спіну, каб не балелі за работай.         Па выніках экспедыцыі “Роднае-народнае” Ганна Харлінская, Іна Юганава і настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марыя Цімошка ў школьным музеі правялі для навучэнцаў майстар-клас па ўпрыгажэнні “вербных букетаў” і расказалі ім аб традыцыях Вербнай Нядзелі на Дзятлаўшчыне. Ірына СТЫРНІК

Автор admin 10.04.2022 Выкл.

Дзятлаўчане на рэгіянальным фестывалі рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”

Дзятлаўчане прынялi ўдзел рэгіянальным фестывалі рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня” у г. Гродна. Сектар раместваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадставiў тэматычную выставу вырабаў з майстар-класам па ўпрыгожванню вярбы i вязанне шыдэлкам. Народны тэатр-студыя гульнi «Суседзi» i ансамбль песнi «Мара» Дварэцкага Дома культуры прадставiлi канцэртныя праграмы.

Автор admin 09.04.2022 Выкл.

Мюзикл «Чучело»

Мюзикл «Чучело» поднимает детско-подростковую проблему «жизни в сети». Постановка передаёт очень глубокий, местами напряжённый смысл. Последствия жизни подростков в соцсетях: отсутствие навыков жизни в реальном мире; снижение способности рассуждать логически, критически оценивать информацию; неадекватное поведение, непредсказуемые эмоции, нетерпимость, агрессия; попытки суицида из-за несовпадения жизни в сети с реальностью. В мюзикле активно используется интересный и очень современный приём – трансляция экранов гаджетов. Благодаря этому зрители смогут полностью погрузиться в атмосферу жизни школьников, стать участниками социальных сетей и наблюдать за «созвонами» друзей в чате.

Автор admin 08.04.2022 Выкл.

Пазнавальная і карысная сустрэча

Пазнавальнай, актыўнай і карыснай выдалася сустрэча ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, якая праходзіла ў рамках Сусветнага дня здароўя. Аб аздараўленчай практыцы цыгун, скіраванай на ўмацаванне цела і разумовай дзейнасці, людзям “залатога” ўзросту расказала кіраўнік гуртка “Здароўе”, які працуе на базе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Алена Дацкевіч. Арганізаваць “Хвілінку здароўя” для клуба “Нам гады не бяда” і аматарскага аб’яднання “Мудрыя сэрцам” яе запрасіла загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская. Госця патлумачыла прысутным, як лепш харчавацца ў сталым узросце, колькі вады ўжываць, якіх напояў пазбягаць наогул, колькі рухацца, прапанавала некалькі простых практыкаванняў гімнастыкі цыгун на кожны дзень для бадзёрасці і аздараўлення арганізма.

Автор admin 07.04.2022 Выкл.

«Забота для каждого»

Ко Всемирному дню здоровья  сектором внестационарного обслуживания населения с целью привлечения внимания общественности к вопросам сохранения и укрепления здоровья в пожилом возрасте, 7 апреля в деревне Лудичи, Кашкалы и Гиричи Дятловского района проведена профилактическая акция “Забота для каждого!”  Инструктор — валеолог ГУ «Дятловский райЦГЭ» Юреня Н.И. рассказала о правилах здорового образа жизни. Заведующая ФАПом д. Мировщина УЗ «Дятловская ЦРБ» Дьяченко Е.В. измерила всем присутствующим давление и сатурацию.

Автор admin 07.04.2022 Выкл.