День: 11.04.2022

Ніколі не забудзем

У межах духоўна-асветніцкай рэспубліканкай акцыі “Нельга забыць, нельга зразумець”, прымеркаванай да міжнароднага Дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў,  каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця” ў Дзятлаве адбыўся мітынг-рэквіем. Прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў Дзятлаўшчыны, вучні гарадскіх школ, духавенства сабраліся разам, каб ушанаваць памяць ахвяраў лагераў смерці і яшчэ раз нагадаць грамадскасці, што мір – найвялікшая каштоўнасць. Да прысутных далучыліся былыя непаўналетнія вязні фашысцкіх канцлагераў Галіна Іосіфаўна Сліжэўская і Вера Андрэеўна Калпінская. – Гэты дзень стаў адначасова сімвалам найвялікшай трагедыі і смутку і сімвалам стойкасці і вялікай мужнасці людзей розных нацый і народнасцяў, якія воляй лёсу апынуліся ў засценках фашысцкіх лагераў смерці ў час Другой сусветнай вайны, – нагадалі вядучыя мерапрыемства. – Гэта памятная дата адзначаецца па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 11 красавіка, бо менавіта ў гэты дзень вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд, даведаўшыся аб набліжэнні саюзных войскаў, узнялі ў лагеры ўзброенае паўстанне. Яны захапілі лагер, тым самым выратавалі сябе ад знішчэння, якое рыхтавалі ім гітлераўскія ўлады. Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі: – Вялікая Айчынная вайна ўвайшла ў гісторыю як самая страшная і крывавая. Чорнымі старонкамі яе з’яўляюцца “фабрыкі смерці” – канцэнтрацыйныя лагеры, у якіх утрымлівалася больш за 19 мільёнаў чалавек, выжылі з іх менш за 7 мільёнаў. Сёння ва ўсім цывілізаваным свеце ўшаноўваюць памяць вязняў фашысцкіх лагераў. На гэтым святым месцы мы ўзгадваем сваіх землякоў, загінулых у гады ваеннага ліхалецця. Мы ўзгадваем воінаў-абаронцаў, якія вызвалілі нашу Радзіму ад карычневай чумы, свята помнім і шануем іх подзвіг. Пакуль памяць аб героях і ахвярах вайны ў нашых сэрцах, мы не дапусцім фашызму на нашай мірнай беларускай зямлі. Кранальна, пранізліва, не па-дзіцячы балюча… Увесь гэты спектр эмоцый, якія адчувалі непаўналетнія вязні ваенных канцэнтрацыйных лагераў, паказалі ў сваім выступленні вучні сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.     Са словамі малітвы, смутку аб загінулых і гонару за народ, які адстаяў сваю незалежнасць, выступілі клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула.     Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць аб загінулых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да мемарыяла “Дзеці ліхалецця”.                

Автор admin 11.04.2022 Выкл.

Баліць незагойнаю ранай вайна

Мінула 77 гадоў, як адгрымела Вялікая Айчынная вайна, але памяць аб ёй не выкрасліць з сэрцаў тых, хто выжыў, дажыў да нашых дзён. 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, на Дзятлаўшчыне адбылося ўжо традыцыйнае для нашага раёна мерапрыемства – марафон памяці “У сэрцы маім незагойная рана вайны” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нельга забыць, нельга зразумець”. У рамках яго артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва і сектара па рабоце з моладдзю раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Міхаілам Губарам і першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык накіраваліся да былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія жывуць на Дзятлаўшчыне. У гэты дзень госці з прыемнымі сюрпрызамі завіталі да Веры Калпінскай, Яўгеніі Капціловіч, Валянціны Башко, Галіны Сліжэўскай, Раісы Венславоўскай, каб падзякаваць за стойкасць характару і мір, які яны захавалі для нашага пакалення, пажадаць бадзёрасці духу, моцнага здароўя, светлых сонечных дзён і каб не балелі незагойныя раны вайны. Ад раённага савета ветэранаў кожная з жанчын атрымала памятны падарунак – кубак з выявай вядомых мясцін нашага горада, ад моладзевай арганізацыі – салодкі пачастунак, а лепшымі “лекамі” для душы сталі папулярныя песні ад дзятлаўскіх артыстаў – легендарная “Кацюша” і беларуская “Мы вам жадаем!”. Яны падарылі нашым зямлячкам прыемныя хвіліны, абудзілі ў іх памяці ўспаміны а слязамі на вачах, але гэта былі і слёзы радасці ад сустрэчы і ад таго, што пра іх не забываюць. Сваім гасцям жанчыны пажадалі міру і дабрабыту, ніколі не зведаць жахаў вайны і голаду, не адчуць таго, што давялося перажыць ваеннаму пакаленню. Ансамбль песні «Мара» Дварэцкага Дома культуры ДУК «Дзятлаўскі РЦКиНТ» сумесна работнікамі Дварэцкага сельскага выканкама далучыліся да акцыі, наведаўшы  Стукач Валянціну Міхайлаўну.   Работнікі Наваельнянскага Дома культуры і Наваельнянскага сельскага выканкама наведалі  Голікаву Ніну Усцінаўну.    

Автор admin 11.04.2022 Выкл.