День: 10.05.2021

Па сакрэты даўгалецця

Ірына Лашко: “Сілы давалі родная зямля і праца” Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны. На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці накіраваліся па сакрэты даўгалецця ў вёску Еленка да мясцовай доўгажыхаркі Ірыны Лашко, якая сёлета сустрэла сваю 90-ю вясну. Адметна, што Ірына Іосіфаўна – карэнная жыхарка Еленкі, і ўсе дзевяноста гадоў яна не толькі была жывой сведкай гісторыі гэтага населенага пункта, але і шчырай працай рабіла свой пасільны ўнёсак у добраўпарадкаванне родных мясцін. Нездарма сярод узнагародаў, якія беражліва захоўвае бабуля, – Падзячны ліст на яе імя ад старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганны Жых за падтрыманне санітарнага парадку на прысядзібным участку. Гасцям Ірыне Бакшук і актывістцы раённага савета ветэранаў Ядвізе Гушча, якія прыехалі да доўгажыхаркі з падарункамі, яна расказала сваю жыццёвую гісторыю і асабісты “рэцэпт” даўгалецця. Нянька – братам, памочніца – матулі Нарадзілася Ірына Лашко (у дзявоцтве Турчэнік) 24 красавіка 1931 года ў сялянскай сям’і. У 1940 годзе ў Турчэнікаў здарылася вялікая бяда – памёр бацька, пакінуўшы маці з трыма малымі дзецьмі: дзевяцігадовай Ірынай, шасцігадовым Валодзем, трохгадовым Мітакам. Тым не менш, старэйшая дачка да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспела закончыць клас польскай і два класы беларускай школы. На гэтым школьнае навучанне Ірыны спынілася, пачаліся “жыццёвыя ўніверсітэты”. У складаны ваенны час дзяўчынцы давялося ўзяць на сябе клопат аб братах і частку хатняй работы. Здаралася, што ў Еленку шукаць партызан наязджалі немцы, бывалі тут і казакі, якія служылі на баку ворага. Нязваныя госці ніколі не пакідалі вёску з пустымі рукамі – забіралі лепшыя харчовыя прыпасы. Калі скончылася вайна, Ірына, якая ўжо была падлеткам, пачала дапамагаць матулі ў полі. Жыццё вымушала дзяўчыну вучыцца любой рабоце. І сёння Ірына Іосіфаўна з гонарам узгадвае, што касіла яна так шпарка і роўна, што ўгнацца за ёю не маглі бывалыя касцы-мужчыны. Аднойчы зімой, калі работы па гаспадарцы бывае менш, маці адправіла дачку ў суседнюю вёску да швачкі вучыцца новаму рамяству. Матуля не прагадала: усё далейшае жыццё навык дапамагаў Ірыне не толькі шыць абноўкі родным, але і зарабляць дадатковыя грошы, асабліва калі ў калгасе замест зарплаты запісвалі працадні. Узгадвае жанчына і яшчэ адну зіму, тры месяцы якой адпрацавала ў Кемераўскай вобласці, дзе разам з іншымі наёмнікамі ў лесе пратоптвалі ў снезе сцежкі, каб па іх можна было вывезці драўніну. За работу заплацілі двума адрэзамі тканіны, з якіх Ірына пашыла сабе дзве новыя сукенкі.

Автор admin 10.05.2021 Выкл.