Хутчэй, вышэй… смачней…
Хутчэй, вышэй… смачней: прайшлі зімовыя старты ў Дзятлаве. Провады зімы – самы час не толькі адпачыць, павесяліцца ды блінамі пачаставацца, але і памерацца волатаўскай сілаю ды спрытам спартыўным. У час народных гулянняў на Плошчы 17 Верасня за званне самых моцных, спрытных, дружных і непераможных змагаліся восем каманд – Вензавецкай сярэдняй школы, Дзятлаўскага лясгаса, ААТ “Молочный мир”, гімназіі № 1 горада Дзятлава, КСУП “Войневічы”, Дзятлаўскага раёна электрычных сетак, каманда жылкамунгаса і, нарэшце, зборная выпускнікоў факультэта фізічнай культуры. У напружаных спартыўных змаганнях канкурсантам трэба было прайсці па асфальце на “лыжах-хадунах”, ёмка ўдарыць па Зіме малатком (забіць цвік у дрэва), весела і па-спартыўнаму пачаставацца блінамі, выйграць хакейнае пары і паказаць трапнасць у біятлонным дартсе. Спаборніцтвы праходзілі вельмі эмацыянальна, бурна і азартна, пры актыўнай падтрымцы балельшчыкаў. У “Хакейным пары” перамогу заваявала каманда РУП ЖКГ, лепшыя лыжнікі і гурманы – у камандзе “выпускнікоў ФФК”, упартую перамогу ў дартсе атрымалі спартсмены з Вензавецкай сярэдняй школы, а найбольш хутка і спрытна забілі цвік прадстаўнікі лясгаса. Падлічыўшы ўсе ачкі, галоўны суддзя спаборніцтваў агучыла вынікі. Першае месца ў турніры заняла каманда выпускнікоў ФФК, другой стала каманда Дзятлаўскага РУП ЖКГ, а на трэцяй пазіцыі – зборная раёна электрычных сетак.
Вынiкi конкурсаў раённага свята
У конкурсе “Духмяны чай, залаты блін, прапановаў многа, лепшы – адзін” трэцюю пазіцыю занялі гаспадыні КСУП “Жукоўшчына”, якія прадставілі 13 страваў з бліноў, другія – прадстаўнікі КСУП “Хвінявічы” – 14 страваў. Не было роўных тут Дзятлаўскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства, кулінары якога прэзентавалі 34 розныя віды бліноў. Лепшая лялька-пудзіла Масленіцы сёлета была ў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, другое месца – за КСУП «Хвiнявiчы», трэцяе – у Дварэцкай сярэдняй школы. У “Парадзе саней 2021” прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у Хвінявіцкай сярэдняй школы, другое – у аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў “Праменьчык”, трэцяе – у Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы. Нарэшце, у дзіцячым творчым конкурсе “Снежныя фантазіі” трэцімі былі прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, другімі – навучэнцы сярэдняй школы № 3, найбольш крэатыўнымі паказалі сябе выхаванцы дзятлаўскага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Дзіцячы конкурс снежных фігур і малюнкаў “Снежныя фантазіі”
Актыўна ўдзельнічалі дарослыя і дзеці ў бяспройгрышных латарэях, куплялі вырабы народных майстроў. У скверы па вуліцы Савецкай праходзіў дзіцячы конкурс снежных фігур і малюнкаў “Снежныя фантазіі”. Побач работнікі культуры ладзілі забавы для дзяцей у фармаце нон-стоп.
Весела зіму праводзілі, вясну сустракалі
Апошні зімовы тыдзень завяршыўся ў Дзятлаве вялікім раённым святам. Жыхары і госці горада развітваліся з зімой вясёлымі песнямі, танцамі, народнымі гульнямі і конкурсамі. Быў абвешчаны і жартоўны дрэскод свята “ў святочны дзень – хустку надзень”. На мерапрыемстве было багата самабытных галаўных убораў, шчырых пазітыўных эмоцый і, вядома, бліноў. Вялікі асартымент духмяных сімвалаў свята прапанавалі ўстановы адукацыі і сельгасарганізацыі раёна: з яблыкамі, мясам, грыбамі, варэннем, ікрой. Пачаставацца блінамі, выпечкай, шашлыкамі можна было ў палатцы Дзятлаўскага райспажыўтаварыства, а пасмакаваць розныя гатункі сыроў запрашаў “Молочный мир”. Асноўныя святочныя падзеі разгарнуліся на плошчы 17 Верасня. Тут прайшло шэсце зімовых герояў і адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Провады зімы”, канцэртную праграму праводзілі калектывы і артысты Дзятлаўскага раёна. “Прыходзь да нас, увесь народ! Святкуем вясны надыход”, – заклікалі ўсіх на свята вясёлыя вядучыя. З прывітальнымі жартамі і песнямі, пажаданнямі ўсім дабра і шчасця запрашалі далучыцца да свята ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”. Яны правялі цікавую віктарыну, гульні, забавы і конкурсы, вадзілі карагоды, спявалі песні. Віталі Вясну, дарылі ўсім добры настрой песнямі Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Аксана Кашляк, Людміла і Аляксандр Баклушыны, гурт “Бархат”, народны ансамбль песні “Зараначка”, роставыя лялькі і цыркавая студыя “Марсі”. З-за перамены надвор’я не змог праехаць па плошчы, але заняў пачэснае месца на свяце “Парад саней 2021”. Пастараліся і арганізацыі раёна, і бацькі дзетак, выставіўшы вялікія сані, маленькія саначкі, аздобленыя па матывах народных казак і мультфільмаў. На свяце ладзіўся самы народны і гасцінны конкурс – “Духмяны чай, залаты блін, прапановаў многа, лепшы – адзін”. Госці свята маглі завітаць да накрытага стала канкурсантаў, каб пацікавіцца і пачаставацца. Старанні ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы.