День: 20.12.2020

Навагодні настрой у Цэнтры культуры

Каб святочная атмасфера была не толькі дома і на вуліцах, а дзятлаўчане, якія наведваюць тую ці іншую арганізацыю, атрымлівалі зарад навагодняга настрою, установы нашага горада ўпрыгожваюць свае будынкі. Карэспандэнт газеты “Перамога” наведаў некалькі арганізацый і пацікавіўся, як рыхтуюць будынкі да навагодніх святаў, якія тэматычныя фотазоны арганізаваны, якая святочная атрыбутыка выкарыстоўваецца, што і дзе ўжо паспелі ўпрыгожыць, а што яшчэ толькі ў планах. Выконваючая абавязкі дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская: – Мы ўпрыгожваем нашу арганізацыю да навагодніх святаў усім калектывам з пачатку снежня і плануем завяршыць напрыканцы месяца. Пачалі з галоўнага ўвахода, дзе павесілі святлодыёдную гірлянду, паставілі фігуры Дзеда Мароза і Снягуркі. Таксама плануем усталяваць некалькі навагодніх ёлак і святлодыёднага аленя. Арганізавалі навагоднюю фотазону і ў фае будынка. На другім паверсе ідзе падрыхтоўка яшчэ адной фотапляцоўкі. У танцавальнай зале будзе знаходзіцца самая вялікая ёлка вышынёй пяць метраў. Там жа афармляецца прыёмная Дзеда Мароза, дзе ўжо стаіць замак. У бліжэйшы час яшчэ ўсталюем трон для навагодняга чараўніка, а каля яго паставім ёлачкі і падарункі, каб дзеці, калі прыходзяць на ранішнікі, маглі рабіць фотаздымкі на памяць. Кожны, хто будзе праходзіць міма Цэнтра культуры, зможа назіраць, як чароўна кружацца на вокнах сняжынкі, выразаныя нашымі супрацоўнікамі. Акрамя сняжынак, на вокнах будуць дружалюбныя папяровыя бычкі, якія напомняць гараджанам аб сімвале надыходзячага новага года.

Автор admin 20.12.2020 Выкл.