“Зажынкі” ў “Граніт-Агра”: важкага коласа!
У гаспадарцы стала добрай традыцыяй спраўляць “Зажынкі” на пачатку такой важнай сельскагаспадарчай падзеі, як жніво. Гранітаўцы першыя ў раёне выпраўляюцца на абмалот палеткаў з азімым ячменем, а затым надыдзе чарга і астатніх сельскагаспадарчых культур. На мехдвары ў Круцілавічах адбыўся своеасаблівы “парад” збожжаўборачнай тэхнікі. На лінейку гатоўнасці выстраіліся і камбайнавыя экіпажы, і вадзіцелі, якія будуць адвозіць намалочаны ўраджай, і іх тэхніка. На жніве-2020 будуць працаваць 12 камбайнавых экіпажаў, у склад якіх ўвайшлі вопытныя камбайнеры, неаднаразовыя пераможцы працоўнага спаборніцтва. Сярод іх камбайнавыя экіпажы ў складзе Уладзіміра і Андрэя Гукішаў, Уладзіміра і Івана Чарняўскіх, Сяргея і Дзмітрыя Жыхоў. На пачатку свята да прысутных звярнуўся кіраўнік ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур. Ён выказаў упэўненасць, што жніўная пара пройдзе плённа, гаспадарка будзе з добрым набыткам, а кожны на сваім працоўным месцы паспрыяе добрым вынікам. Станіслаў Станіслававіч пажадаў хлебаробам найперш здароўя, удачы, высокіх намалотаў і, вядома ж, добрага надвор’я. Блізкім і родным хлебаробаў кіраўнік гаспадаркі выказаў пажаданне быць цярплівымі, падтрымліваць у нялёгкай хлебаробскай справе. Як падзяку за добрыя пажаданні, дырэктару ААТ “Граніт-Агра” быў уручаны першы зажыначны сноп. Як паведамілі вядучыя свята, яго склалі з каласоў розных палёў і атрымаўся ён прыгожым і важкім. Гэты першы сноп перадаў дырэктару ААТ лепшы камбайнавы экіпаж Гукішаў, Уладзімір і яго сын Андрэй штогод па намалотах у тысячніках. Ёсць упэўненасць, што і сёлета гранітаўцы будуць з добрымі намалотамі. Варта зазначыць, што па папярэдніх “прагнозах” на палетках спее добры ўраджай. Нездарма ж ААТ “Граніт-Агра” стаў пераможцам нядаўняга агляду пасеваў сельскагаспадарчых культур. Сёлета гаспадарцы належыць убіраць збожжавыя на плошчы звыш трох тысяч гектараў. Павіншавала ўдзельнікаў жніва з пачаткам жніўнай працы кіраўнік спраў Данілавіцкага сельвыканкама Галіна Дворык. Да яе віншаванняў далучыліся галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемства Андрэй Падліпскі і Алена Майсейчык. Яны пажадалі ўдзельнікам жніва якаснай працы, моцнага здароўя, каб не падводзіла тэхніка і надвор’е. Па добрай традыцыі да свята «Зажынак» былі выпечаны і вялікія караваі, і каравайчыкі-кексы. Імі надзялілі ўсіх прысутных на свяце з зычаннем: “У добры шлях!” Добрай, шчырай працы і Божай дапамогі зычылі працаўнікам святары – настаяцель прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня протаіерэй Валерый Мануйла і настаяцель храма Прасвятога Сэрца Госпада Ісуса ксёндз-магістр Алег Жураўскі. Яны благаславілі хлебаробаў, уручылі іконкі, асвяцілі збожжаўборачныя камбайны і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Працаўнікі Данілавіцкага дома культуры парупіліся, каб настрой у хлебаробаў быў добры. Музычныя віншаванні падрыхтавалі прысутным на ўрачыстасці самадзейныя артысты. Паспявалі вясёлыя песні Алеся Адамчык, Карына Хоміч, Яўгенія і Іна Анушкевічы. Жніўная пара ў ААТ “Граніт-Агра” распачата.