Эстафета Вялікай Перамогі
Прадаўжае сваё шэсце па дзятлаўскай зямлі тэматычны праект “Вялікай Перамозе – 75”, які стартаваў 15 сакавіка. Чарговы яго пункт – Парэцкі сельскі савет. Акцыя прайшла ў Хвінявіцкай сярэдняй школе, дзе імправізаванай канцэртнай пляцоўкай стала зробленая стараннямі хвінявіцкіх школьнікаў і педагогаў патрыятычная фотазона. Старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка павітаў удзельнікаў акцыі на сваёй зямлі, павіншаваў з надыходзячым светлым святам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў і гета, усіх, хто сёння помніць і шануе Вялікую Перамогу. Ён адрасаваў усім дзятлаўчанам пажаданні мірнага неба і моцнага здароўя. Да віншаванняў старшыні сельвыканкама далучыліся работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры: – Уся наша краіна адзначае 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі. У гэтай самай крывавай у гісторыі чалавецтва вайне, якая доўжылася 1418 дзён, наш народ паказаў узор мужнасці, гераізму і самаадданасці, – нагадалі яны. – Ён адстаяў сваю свабоду і незалежнасць цаной вялізных ахвяраў. Ніводную беларускую сям’ю не абышла гэта страшная вайна. У выкананні артыстаў прагучалі песні, прысвечаныя перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, жанчынам-маці, якія чакалі з вайны сваіх сыноў-абаронцаў. Парэцкі сельскі савет перадаў эстафету Вялікай Перамогі наступным удзельнікам. Прымай, Казлоўшчына!