День: 23.12.2019

Сакрэты даўгалецця Валянціны Яфімчык

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна-пазнавальную экспедыцыю пад назвай “Па сакрэты даўгалецця”. Пра сваё жыццё расказала 90-гадовая жыхарка вёскі Навікі Валянціна Аляксандраўна Яфімчык. Яна нарадзілася ў Раманавічах, выйшла замуж у Навіках. З мужам пражыла доўгае і шчаслівае жыццё: нарадзілі і выгадавалі пяць дзяцей ‒ чатыры дачкі і сына. Валянціна Аляксандраўна распавяла, што познаёмілася з будучым мужам на танцах. “Тады ўсё было па-іншаму. У вёсцы жыло шмат моладзі, кожную нядзелю мы ладзілі танцы, дзе знаёміліся адзін з адным і весела праводзілі час. Тады нават танцавалі па-іншаму  ‒ рукамі не махалі, і танчылі, у асноўным, разам. Полька, вальс, кракавяк – чаго толькі не было!” ‒  успамінае жанчына. Цяпер усе дзеці дарослыя, жывуць хто дзе – сын пераехаў у сталіцу, старэйшая дачка – у Маскву, таксама жывуць у Дзятлаве і Ляхавічах. Ва ўсіх ёсць сем’і, праца і іншыя справы, аднак маці дзеці не забываюць і рэгулярна прыязджаюць у госці. Сям’я ў Валянціны Аляксандраўны вялікая: акрамя пяці дзяцей, у яе ўжо 9 унукаў і 13 праўнукаў. Доўгажыхарка ўспамінае, што ў школу яна амаль не хадзіла з-за вайны. Калі пачалася вайна, яна была дома. “У Нямеччыну не сагналі, было ўсяго дванаццаць гадоў”, ‒падзялілася жанчына. Па яе словах, яна ўсё жыццё працавала ў калгасе паляводам і жывёлаводам. Вучыцца часу не было ‒ трэба было клапаціцца пра сям’ю і працаваць. Муж таксама працаваў у калгасе. У вольны час любіў спяваць. Любоў да музыкі ‒ у іх сямейнае. Гэта перадалося і дзецям. Адна з дачок нават захапілася спевам сур’ёзна і выступала на сцэне. “У вёсцы, дзе мы жылі, вельмі любілі святы. Ладзіць шумныя  і вясёлыя святы з часам стала добрай традыцыяй. Мы гулялі разам, свявалі, плялі вянкі”, ‒ успамінае Валянціна Аляксандраўна. Здымкаў з тых часоў у яе амаль не засталося, нешта ў дзяцей ёсць, але няшмат. Усе ўспаміны захоўваюцца ў памяці. Сакрэт даўгалецця Валянціны Яфімчык просты – любіць жыццё і родную хату, сумленна працаваць і не рабіць зла. “Заўсёды старалася жыць сумленна і нікога не крыўдзіць, і мне адказвалі тым жа”, — гаворыць жанчына.

Автор admin 23.12.2019 Выкл.