День: 23.11.2019

Скарбы малой радзімы: на дзятлаўскім падворку

Традыцыйна да фестывалю-кірмашу “Дажынкі” кожны раён рыхтуе свой святочны падворак. І гэтым разам, у Год малой радзімы,  Дзятлаўшчына прадстаўляе тыя скарбы роднага краю, якімі багатая наша мясцовасць. Зразумела, што найперш гэта нашы санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. Лекавую радонавую ваду і гаючую гразь возера Дзікае ведаюць і цэняць не толькі ў нашай краіне, а і далёка за яе межамі. Прадукцыя пад брэндам “Сырная страна” сыраробнага завода, прадукцыя Дварэцкага льнозавода карыстаюцца попытам, запатрабаваны ў спажыўцоў. Дарэчы, на фестывалі-кірмашы сыраробы ладзяць дэгустацыю сваёй прадукцыі і яе ахвотна набываюць і мясцовыя жыхары, і госці свята. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паказваюць на раённым падворку не толькі вынікі сваёй працы, а і прымаюць актыўны ўдзел у абласной выставе-конкурсе на самы прыгожы сноп, самую вялікую агародніну “Дары зямелькі беларускай”. Праходзіць і выстава на самы прыгожы каравай. На дзятлаўскім падворку можна пабачыць набыткі  нашага лідара  ААТ “Граніт-Агра”. Працаўнікі гэтай гаспадаркі выдатна папрацавалі на сяўбе і жніве, нарыхтоўцы кармоў і асеннім ворыве. Але не хлебам адзіным жыве наша старонка. У яе —  багатая спадчына, якую прадставіў гісторыка-краязнаўчы музей і раённая бібліятэка. Нашыя скарбы – гэта самабытная песенная творчасць, абрады і традыцыі, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, адметныя выданні ручной работы — тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Дзятлаўскі падворак наведаў і пазнаёміўся з выставамі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Святочны настрой на нашым падворку ствараюць вядучыя артысты народнага тэатра-студыі гульні  “Прымакі” Святлана Венская, Андрэй  Добыш, Святлана Грос, ансамблі “Бархат” і  “Ятранка”.

Автор admin 23.11.2019 Выкл.

“Дажынкі-2019” у Смаргоні

Сёння, 23 лістапада, праходзіць абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2019” – свята працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны. На галоўнай плошчы Смаргоні адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. На ім быў складзены вялікі сноп — са снапоў усіх раёнаў. Перавязаў яго ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Дзятлаўскую дэлегацыю на “Дажынках” узначальвае першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама Міхаіл Бабіна. У яе таксама ўваходзяць жывёлавод ААТ “Граніт-Агра” Юлія Лабейка, ветэран працы, былы старшыня СВК “Войневічы” Васіль Маліка, аператар машыннага даення КСУП “Хвінявічы” Таццяна Гарошка, трактарыст-машыніст КСУП “Войневічы” Павел Сухецкі, галоўны заатэхнік ААТ “Граніт-Агра” Яўген Дворык, начальнік аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыя Ціхан, брыгадзір вытворчай брыгады малочнатаварнай фермы “Зачэпічы” КСУП “Жукоўшчына” Тэрэса Калодка, якія вылучаны да ўзнагароджання на “Дажынках”.

Автор admin 23.11.2019 Выкл.

Ёсць хлеб, ёсць і песня

У цэнтры Смаргоні, бадай, няма таго кутка, дзе не гучала б песня, дзе не танцавалі б ці не ладзілі гульні-забавы. “Спеўная талака” сабрала на пляцоўцы каля летняга амфітэатра  вядучыя народныя і фальклорныя калектывы Гродзешчыны. Удзел у канцэртнай праграме прымаў і ансамбль народнай песні і музыкі “Ятранка” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў складзе Ганны Харлінскай (кіраўнік калектыву), Ларысы Жэгалік, Таццяны Муха, Лаўры Кунюціце. Наш калектыў прывёз у сталіцу абласных  “Дажынак” лепшае са свайго рэпертуару – народныя, эстрадныя песні, якія хочацца і падпяваць, і пад іх танцаваць. А ў канцэртнай праграме — выступленні знакамітых “Белых росаў”, ансамбляў “Гудскі гармонік”, “Лявоны”, “Весялуха”, “Ярыца” – больш за 20 калектываў. Вялікую цікавасць у смаргонцаў і  гасцей свята выклікала выстыва-кірмаш “Беларускія дзівосы”, што праходзіла ў гарадскім парку. Дзятлаўшчына там паказала сваю дэкаратыўна-прыкладную творчасць: вырабы, зробленыя рукамі гезгалаўскіх майстрых  Ганны Абрамавай, Марыны Лотыш, Вольгі Барабан. Сектар рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, адкуль майстрыхі, прапанаваў лялькі-сувеніры, ручнікі, карункі, вырабы-карзіны з папяровых трубачак, кветкі з фаліянту. На свяце не засталася без увагі і дзятва. “Краіна цудаў і забаваў” стварыла для хлопчыкаў і дзяўчынак атмасферу казкі і прыгодаў. Многім маленькім удзельнікам свята хацелася паабдымацца з дзятлаўскімі роставымі лялькамі, сфатаграфавацца з імі – з вялізным Катом у ботах, клоўнамі Цёпам і Анфіскай. Забаўлялі дзятву ў ролях роставых лялек Іван Каско, Аксана Кашляк, Наталля Бузук. А колькі яшчэ цікавага і адметнага на свяце! Гэта выставы сельскагаспадарчых жывёл, тэхнікі Мінскага трактарнага завода, набыткаў лясных і паляўнічых гаспадарак, паказальныя выступленні вайсковых кінолагаў, мастацкія выставы, выступленні аматарскіх і прафесійных калектываў, разнастайныя спартыўныя спаборніцтвы. Познім вечарам завершыцца свята піратэхнічным прадстаўленнем.

Автор admin 23.11.2019 Выкл.