День: 21.09.2019

Абрад «Багач» прайшоў у Казлоўшчыне

У рамках этна-праекта «Народнаму скарбу – век векаваць» дзiцячы гурток народных традыцый «Вытокi» адзела культуры i дасуга «Казлоўшчынскi Дом культуры» зладзiў абрад «Багач» сумесна з работнiкамi Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Навучэнцы школы сталі не проста гледачамі, але і ўдзельнікамі старажытнага абраду. Свята Багач прымеркавана ў народным календары да заканчэння збору ўраджаю. Улубок збіралася жыта з усёй вёскі па жмені, устаўлялася i запальвалася свечка, якая сімвалізавала сонца. Пасля лубок з запаленай свечкай абносілі па ўсёй вёсцы пры ўдзеле ўсіх жыхароў. Прыняць удзел у зборы жыта ў Багач азначала падзяку багам за ўраджай, а значыць, і надзею на тое, што наступны ўраджай будзе не горшым. Акрамя самой традыцыі творчыя работнiкi падрыхтавалі цiкавую праграму: наведвальнікі свята маглі выканаць народныя танцы, пачаставацца беларускiмi прысмакамі, паслухаць народныя i абрадавыя песнi, пагуляць у гульнi ды проста адпачыць.

Автор admin 21.09.2019 Выкл.

Віншаванні прымаў 90-гадовы юбіляр

Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, прадстаўнікі раённага савета ветэранаў і ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, павіншавалі з 90-годдзем Антона Іванавіча Маскаля з вёскі Міроўшчына. Антон Іванавіч челавек, які ўсё жыццё працаваў на карысць сваёй малой радзімы. Юбіляр нарадзіўся ў вёсцы Стукалы Шчучынскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Яны неаднаразова пераязджалі, пакуль не знайшлі жыллё ў вёсцы Сільдоўшчына, а гэта было 10 дамоў, акружаных лесам, дзе ветэран правёў дзяцінства. Вайна заспела яго ў 12-гадовым узросце. – Сябравалі і з партызанамі, і з яўрэямі. Але калі фашысты пачалі ладзіць на іх аблавы і ўсё паліць, нас не знайшлі. Ноччу выпаў снег, слядоў не было, – успамінае доўгажыхар. Працаваў памочнікам кінамеханіка, трактарыстам, шафёрам, камбайнерам. Асноўная праца была ў сельгастэхніцы. З жонкай пазнаёміўся ў 1955 годзе на танцах. Быў сапернік, але ўсё ж дзяўчына аддала перавагу Антону Іванавічу. Пара пражыла ў шлюбе 63 гады. У ветэрана вялікая сям’я: тры сыны, пяць унукаў і шэсць праўнукаў. Магчыма, у хуткім часе з’явіцца і прапраўнук. – Самым шчаслівым момантам у маім жыцці лічу той час, калі я выгадаваў сыноў і пусціў іх у людзі, – гаворыць Антон Іванавіч. – Цяперашняму ж пакаленню хачу пажадаць не задавацца, быць адкрытымі і здароўя.

Автор admin 21.09.2019 Выкл.

Конкурс для самых актыўных і музычных

Хто лепш за ўсіх знаёмы з беларускімі народнымі песнямі? Хто зможа станцаваць любы танец ‒ ад полькі і танга да “танца маленькіх качанят”? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні мы даведаліся, пабываўшы на брэйн-рынгу, арганізаваным сектарам па рабоце з моладдзю Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці. У спаборніцтве прынялі ўдзел тры каманды: навучэнцы гімназіі №1, СШ №1 і СШ №3 г. Дзятлава. Удзельнікам трэба было прайсці тры этапы конкурсу: адгадаць мелодыю, успомніць песню па ключавым слове і станцаваць танец, прапанаваны вядучай. За кожны з этапаў журы конкурсу ў складзе дзяржаўнага інспектара па ахове працы Сяргея Малышчыка, выкладчыцы школы мастацтваў Таццяны Шостка, кіраўніцы ўзорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” Аксаны Кашляк і доктара Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталлі Павачкі, налічвалі ўдзельнікам балы. Суддзі звярталі ўвагу не толькі на дакладнасць і падрабязнасць адказаў, але і на тое, як адказвалі ўдзельнікі ‒ цаніліся акцёрскае майстэрства, гумар і пазітыўнасць. Варта згадаць і пра чаяванне, якое адбылося ў час падліку балаў. Удзельнікі змаглі не толькі падсілкавацца пасля актыўных і вясёлых конкурсаў, але і пазнаёміцца ​​і пагутарыць адзін з адным. У ходзе абмеркавання ўражанняў яны прыйшлі да адзінай думкі: хочацца, каб такіх мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць актыўную моладзь горада, было больш. Настаў час падвесці вынікі вечара і даведацца, хто ж стаў пераможцам. Вынікі размеркаваліся наступным чынам: на трэцім месцы апынулася гімназія № 1 г. Дзятлава, на другім ‒ СШ № 1, на першым ‒ СШ № 3. Пасля абвяшчэння вынікаў да ўдзельнікаў звярнуўся Сяргей Малышчык: ‒ Памятаю, калі я быў маладым, то таксама рваўся на сцэну і нічога не баяўся. Жадаю вам таго ж: ніколі не саромейцеся і рухайцеся толькі наперад. Памятайце, што вы вельмі таленавітыя, вы ‒ будучыня нашай краіны. Добра вучыцеся ў школе і ва ўніверсітэтах, а пасля вяртайцеся да сябе на малую радзіму. На гэтай натхняльнай ноце і завяршыўся вечар. Спадзяёмся, што рабяты будуць і далей такімі ж актыўнымі і таленавітымі, а гэта спаборніцтва стане далёка не апошнім у іх жыцці.

Автор admin 21.09.2019 Выкл.