Для каго адчыніў дзверы “Дасканалы свет казкі”?
Мяркую, любы чалавек, хоць раз у жыцці марыў здзейсніць падарожжа ў казку і сустрэцца там з любімымі героямі. Часам, мары ажыццяўляюцца. 15 чэрвеня ў Дзятлаве на стадыёне “Колас” дзверы ў “Дасканалы свет казкі” жыхарам і гасцям горада адчыніў трэці адкрыты фестываль-карнавал роставых лялек і лялечных тэатраў. Ужо з раніцы на стадыёне было шматлюдна: гучала музыка, працавалі гандлёвыя кіёскі. Шмат забавак было тут для малечы: ад традыцыйных атракцыёнаў, батутаў і надзіманых горак да фестывальнай інтэрактыўнай зоны. Яна таксама была казачнай. Напрыклад, работнікі Дварэцкага дома культуры заклікалі дзяцей на “Лялечны батл” і прапаноўвалі ім песенныя, танцавальныя, спартыўныя, інтэлектуальныя іспыты. Па суседству працавала яркая тэматычная фотазона з роставымі лялькамі ад узорнага тэатра-гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх”. Свавольніца Маша прыехала ў Дзятлава з Наваельнянскага дома культуры і прывезла шмат рухомых гульняў на пляцоўку “Маша і Мядзведзь”. Нямала цікавых прапановаў для маленькіх аматараў казак было і ў мультыплікацыйных герояў на пляцоўцы “Шчанячы патруль”. Дзеці з радасцю падходзілі то да адных, то да другіх артыстаў, весяліліся з імі ад душы. Праграму фестывалю-карнавалу “Дасканалы свет казкі” пачаў парад гігантаў і любімых мультгерояў. Ва ўрачыстым шэсці роставых лялек прымалі ўдзел сем творчых калектываў. Шэсць з іх прыехалі на конкурс пазмагацца за званне лепшага і гран пры фестывалю. Гаспадары пляцоўкі, артысты ўзорнага тэатра-гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх” (мастацкі кіраўнік Іван Каско), выступалі па-за конкурсу, але таксама падрыхтавалі для дзятлаўчан і гасцей нямала сюрпрызаў. Першы з іх чакаў прысутных на фестывальнай сцэне, дзе да ўдзельнікаў параду далучыліся тры роставыя лялькі-страусы. Яны здзіўлялі гледачоў дынамічным танцам. Наступнымі танцавальную эстафету перанялі маленькія туземцы, вельмі рухавыя і харызматычныя. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько павітаў гасцей на дзятлаўскай зямлі, падзякаваў ім, што не пабаяліся спёкі і прыехалі, пажадаў поспехаў, удачы, перамогаў. Сярод членаў фестывальнага журы была вядучы метадыст па тэатральным жанры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава. Яна зазначыла, што з задавальненнем прыехала ў Дзятлава. Як спецыяліста Аліцыю Людвігаўну прываблівае наш райцэнтр, таму што тут працуюцуе найбольш адметны на Гродзеншчыне тэатр роставых лялек. Роставых герояў для сцэны дзятлаўчане шыюць самі і ў значнай колькасці. Гэта заслуга калектыву энтузіястаў. Не дзіўна, што менавіта на Дзятлаўшчыне праходзіць традыцыйны фестываль-карнавал роставых лялек, сёлета ўжо трэці па ліку. На сцэну запрасілі канкурсантаў. Першымі гледачоў здзіўлялі госці са Свіслацкага раёна, артысты Грынкаўскага сектара культуры і адпачынку – народны тэатр-студыя гульні “Карагод” з праграмай “Добра ў вёсачцы жывецца”. Яны паказалі, як у іх развіваецца агратурызм і прымусілі гледачоў крыху папрацаваць на гаспадарцы. Вясёлыя клоўны са Шчучынскага цэнтра культуры прадстаўлялі гурток “Ігратэхнік” з праграмай “У гасцях у Бімкі і Бомкі”. Разам са сваімі памочнікамі Мядзведзем і Зайцам яны каталі дзетак па розных станцыях на імправізаваным цягнічку, ладзілі для іх музычныя гульні. доўгая панчоха і яе памочнікі ладзілі танцы для малечы. Тэатральныя будні ў пастаноўцы “Сход артыстаў пасля спектакля” вырашылі вынесці на суд журы артысты народнага драматычнага тэатра Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Атрымалася арыгінальна. Завершыла конкурсную праграму яркае выступленне аматарскага тэатральнага аб’яднання “Люстэрка” Скідзельскага гарадскога Дома культуры. Спектакль пад назвай “Раптам, як у казцы…” быў адметны тым, што традыцыйныя казачныя героі Ліса, Воўк, Маша, Міша і іншыя пасябравалі з высокімі тэхналогіямі, навучыліся карыстацца мабільным дадаткам “Аліса” і навігатарам. Менавіта гэтаму калектыву дастаўся гран пры трэцяга адкрытага фестывалю-карнавалу “Дасканалы свет казкі”. Дыплом за першае месца атрымалі артысты народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” (Свіслацкі раён). Іх землякі, народны тэатр гульні “Вясёлы дворык”, заваявалі дыплом другой ступені. Трэцяе месца занялі артысты народнага драматычнага тэатра Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дыпломам “За арыгінальную тэатралізацыю песні” адзначана народнае аматарскае аб’яднанне “Закрытыя твары”, дыпломам “За акцёрскае майстэрства” – гурток “Ігратэхнік”. Акрамя прыезжых артыстаў, удзельнікам свята не давалі сумаваць юныя выканаўцы Дзятлаўшчыны, Буба-свавольнік і яго сябры, шоў мыльных бурбалак, фітнэс з роставымі лялькамі.