День: 07.12.2018

Канцэрт ансамбля “Песняры” ў Дзятлаве

Своеасаблівым падарункам да надыходзячых навагодніх і калядных святаў для дзятлаўчан стаў канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, які 7 снежня прайшоў у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. “Песняры” – своеасаблівая музычная візітная картка Беларусі. Хоць сёння ўдзельнікамі ансамбля, заснаванага ў савецкія часы, з’яўляюцца іншыя выканаўцы, аднак песні, якія яны выконваюць, застаюцца любімымі ўсімі. Новыя артысты з маладымі галасамі добра ўліліся ў ансамбль і прывабліваюць на канцэрты не толькі сталых людзей, але і сваіх равеснікаў. Доказам таму было выступленне ў Дзятлаве. Канцэрт прайшоў з аншлагам. Апладысменты не змаўкалі. Гучалі песні як з новага альбома “Продолжение”, так і ўсімі вядомыя хіты, якія зал хорам падпяваў артыстам – “Беловежская пуща”, “За полчаса до весны”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Старый клён”, “Родина моя, Белоруссия”.Увесь вечар у зале панавала цёплая, сяброўская, па-дамашняму ўтульная атмасфера. Пэўна, гэта таму, што адным з удзельнікаў ансамбля з’яўляецца наш зямляк, ураджэнец Дзятлаўскага раёна Аляксандр Жых. Таленавіты, вясёлы, адкрыты малады чалавек, які не толькі парадаваў землякоў цудоўным выкананнем песняў, але і здзівіў ігрой на беларускіх народных духавых інструментах (і нават на валынцы).“Бывайце здаровы, жывіце багата” была апошняй песняй- развітаннем “Песняроў” для дзятлаўчан. Спадзяёмся, што гэта развітанне будзе да хуткай сустрэчы, і яшчэ не адной.

Автор admin 07.12.2018 Выкл.