День: 06.12.2018

Маладым – у прафесію дарога

6 снежня на Дзятлаўшчыне адбылася традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі. Падобныя мерапрыемствы патрэбны не толькі для вырашэння праблем і цяжкасцяў, з якімі часам сутыкаюцца маладыя людзі, але і як магчымасць пазнаёміцца, больш даведацца пра раён і людзей і каб моладзь ведала, што ёй надаецца ўвага, аказваецца падтрымка на самым высокім узроўні. – Сёння вы маеце ўнікальную магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам раёна, вы можаце абазначыць праблемы, якія вас цікавяць, бытавыя пытанні, мы будзем рады вас выслухаць і аказаць садзейнічанне ў іх вырашэнні. Кіраўніцтва раёна імкнецца стварыць умовы для маладых спецыялістаў, каб першае рабочае месца стала пастаянным. У вас, маладых, ёсць выдатныя перспектывы і магчымасці, каб паднімацца па кар’ернай лесвіцы да кіруючых пасадаў. На гэтым шляху мы ствараем для вас спрыяльныя магчымасці. Вядома, Дзятлава – горад невялікі. Магчыма, вы марылі працаваць у абласным цэнтры ці сталіцы, але, паверце, у раёнах больш магчымасцяў стаць паспяховымі. Тут вас усіх бачаць, ацэньваюць, вашы ініцыятывы і крэатыў заўсёды будуць заўважаны наймальнікамі і кіраўніцтвам раёна.А цяпер мы прапаноўваем вам пазнаёміцца з раённым цэнтрам, яго славутасцямі і гісторыяй, а затым прадоўжыць размову з кіраўніцтвам і спецыялістамі раёна ў фармаце “Адкрытага мікрафона”.Моладзь падзялілася на дзве групы і разам з навуковымі супрацоўнікамі Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Вольгай Цюшляевай і Аленай Абрамчык, якія выступілі ў якасці экскурсаводаў, рушыла па вуліцах Дзятлава, а затым азнаёмілася з музейнымі экспазіцыямі.У час “Адкрытага мікрафона”, які праходзіў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, да маладых спецыялістаў звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік. – Сёлета на Дзятлаўшчыну, каб пачаць сваю прафесійную дзейнасць, прыбылі 100 маладых спецыялістаў – 42 выпускнікі ВНУ і 58 – сярэдне-спецыяльных навучальных установаў (летась для параўнання – 114 маладых спецыялістаў). Калі разгледзець размеркаванне маладых работнікаў па галінах дзейнасці, 43 чалавекі займаюцца сельскай гаспадаркай, 20 – адукацыяй, 20 медыцынай, 4 – культурай, 15 новых работнікаў прыступілі да работы ў лясгасе, камунгасе, райЦГЭ, спажыўтаварыстве, раёне газазабеспячэння. Мы гатовы выслухаць кожнага, пачуць вашы ўражанні ад працоўнай дзейнасці, пытанні, пажаданні. Будзем рады прыняць вашы прапановы і наватарскія ідэі. Пастараемся стварыць для вас такія ўмовы працы і быту, каб пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі вам захацелася застацца ў раёне. Спадзяёмся, што ваша жыццё на Дзятлаўшчыне будзе насычаным і камфортным. Поспехаў вам. Напярэдадні сустрэчы былі вывучаны пытанні, якія хвалююць моладзь раёна, а таму перад маладымі спецыяліствамі выступілі прадстаўнікі розных галінаў дзейнасці. Так, дырэктар ЦБП №407 філіяла 413 ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргей Русак расказаў аб ільготным крэдытаванні. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель патлумачыла пытанні забеспячэння сацыяльных гарантый маладых спецыялістаў. Аб пытаннях жыллёвай палітыкі ў нашым раёне падрабязна расказаў намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Васіль Мудры. Інфармацыяй аб магчымасцях культурна бавіць вольны час, займацца спортам, развіваць творчыя здольнасці, удзельнічаць у справах ГА “БРСМ” падзяліліся загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.У тым, што Дзятлаўшчына папоўнілася маладымі талентамі прысутныя яшчэ раз упэўніліся ў час выступлення Анастасіі Максіменкі і Ірыны Янацэй.

Автор admin 06.12.2018 Выкл.

Весела сустрэнем Новы год

Ужо не так шмат часу засталося да ўсімі любімых і чаканых навагодніх і калядных святаў. Асноўныя клопаты па іх правядзенні кладуцца на плечы работнікаў культуры. Каб святочныя мерапрыемствы прайшлі весела і цікава, без здарэнняў, няшчасных выпадкаў, была праведзена сустрэча загадчыкаў клубных установаў, бібліятэк, музея, школаў мастацтваў раёна з зацікаўленымі службамі. Намеснік начальніка Дзятлаўскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка растлумачыў патрабаванні супрацьпажарнай бяспекі пры правядзенні масавых навагодніх святаў, пра абыходжанне з піратэхнічнымі сродкамі. Усе прысутныя атрымалі наглядную інфармацыю, якую неабходна размясціць на інфармацыйных стэндах у сваіх установах. Мікалай Дзядовіч, доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, расказаў пра здаровы лад жыцця, правілы рэспіраторнага этыкету, пажадаў усім не хварэць, а здаровымі і бадзёрымі правесці і адзначыць навагоднія святы.Навагодняя ноч, пэўна, адзінае са святаў, якое святкуюць да самай раніцы. І не толькі дарослыя, але і дзеці. Віктар Петрукевіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама, нагадаў работнікам культуры аб правядзенні начных дыскатэк, правілах паводзінаў на іх і адказнасці, якую нясуць бацькі за знаходжанне там непаўналетніх дзяцей.Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка і яе намеснік Васіль Шыцько абмеркавалі з прысутнымі падрыхтоўку да навагодніх мерапрыемстваў, акцыю “Навагоднія агні”, узгадалі Закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Автор admin 06.12.2018 Выкл.

А музыка гучыць, кранае сэрца спеў

Яны аддалі перавагу матчынай песні, роднаму слову, яны знаёмяць пакаленні з унікальнымі традыцыямі і звычаямі сваіх мясцін, іх творчасць – самародкавы здабытак раёна. Ці варта прадстаўляць жыхарам Дзятлаўшчыны калектыў Погірскага народнага фальклорнага гурта? Адзін з самых вопытных і любімых гледачамі ансамбляў, пастаянны ўдзельнік раённых і абласных святаў, канцэртных праграм. Сёлета ён адзначае свой 40-гадовы юбілей. Святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да гэтай значнай падзеі, адбылося 6 снежня і парадавала канцэртнай праграмай, святочным настроем аднавяскоўцаў і гасцей вёскі Погіры, сярод якіх – дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзінара Харошка і народны тэатр-студыя гульні “Прымакі”. Калегі па творчай справе прывезлі музычныя падарункі юбілярам. – Як не любіць сваю вёсачку – такую маленькую і вялікую, багатую і родную. Ніяк нельга забыць той куток, дзе ты нарадзіўся, які адарыў цябе цяплом і радасцю, — так цёпла і пранікнёна краналі сэрцы словы вядучай на пачатку свята. На працягу ўсіх сарака гадоў галоўнымі для Погірскага народнага фальклорнага гурта былі і застаюцца матывы роднага краю, лёсу беларускага народа. Кожны год у рэпертуары з’яўляюцца новыя песені, блізкія ім па духу. Заснавальніцай і ідэйнай натхняльніцай, душой калектыву стала Аляксандра Шыдла. Яна адна з першых пачала працу па пошуку мясцовых фальклорных песень, затым да жанчыны далучыліся сяброўкі, любімы муж, следам – дзеці, а цяпер – унукі і праўнукі. Цяперашні кіраўнік калектыву Тамара Ступак расказвае: – У розныя гады колькасць артыстаў нашага калектыву змянялася, сёння – гэта восем чалавек. Усіх нас яднае любоў да народнага слова, жартаў, спеваў, танцаў. Выканаўцы нашы, што называецца, артысты шырокага жанру: самі і сцэнарысты, і пастаноўшчыкі, і выканаўцы. Мне здаеццца, што разам мы спяваем ужо больш за тысячу гадоў, а бадзёрасці, энергіі, запалу столькі, што, здаецца, хопіць яшчэ надоўга. Колькі за сорак гадоў было арганізавана выступленняў? Нават прыблізна падлічыць немагчыма. За шматгадовую творчую дзейнасць калектыў неаднаразова прымаў удзел і станавіўся пераможцам і прызёрам розных песенных конкурсаў на раённых, абласных і рэспубліканскіх узроўнях. Ганаровае званне “народны самадзейны калектыў” гурт атрымаў у 1995 годзе, у 2014 годзе чарговы раз пацвердзіў гэтае ганаровае званне, і вось ўжо больш за 20 гадоў утрымлівае гэты статус. Асноўнай задачай для калектыву ва ўсе часы свайго існавання застаецца плённая праца па захаванні мясцовай творчай спадчыны. Удзельніцам гурта ўдалося сабраць шмат самабытных песень, характэрных для нашай мясцовасці, якія цяпер занатаваны на старонках этнаграфічных выданняў. Песні калектыву ўвайшлі ў зборнік Т. Б. Варфаламеевай “Песні Беларускага Панямоння” і трохтомны зборнік выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Гродзенскае Панямонне”. У час сваіх выступленяў артысты паказваюць этнаграфічныя і фальклорныя абрады. На працягу ўсёй святочнай праграмы ў адрас калектыву гучалі цёплыя словы вішаванняў, якія пераклікаліся з іх уласнымі ўспамінамі творчага станаўлення і развіцця гурта, вершамі ўласнага сачынення і сольнымі кампазіцыямі.Двухгадзінны канцэрт праляцеў на адным дыханні. На мерапрыемстве прысутныя змаглі ўбачыць не толькі цяперашні склад калектыву, але і былых яго ўдзельнікаў. Адзінае, што хвалюе спявачак сёння, – будучы склад гурта, каму яны змогуць перадаць назапашаны матэрыял, вопыт і традыцыі.

Автор admin 06.12.2018 Выкл.