День: 02.09.2018

Свята Бульбы

  Бульбачка-беларусачка завітала ў Хвінявічы У рамках раённага праекта Дзятлаўшчыны “Дбайных людзей славім – весела час бавім” у аграгарадку Хвінявічы прайшло Свята бульбы.                                                                                           Свята, прысвечанае “другому хлебу” беларусаў, зладзілі работнікі мясцовага сельскага клуба і раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Пачалася праграма з харэаграфічнай пастаноўкі. Пад вясёлую музыку на сцэну завіталі гаспадыні-суседачкі ў нацыянальным убранстве. Яны павіталі гасцей свята, пажадалі дабрыні, бадзёрага настрою, ветлівых усмешак. Са шчырымі словамі прывітанняў і віншаванняў звярнуўся да землякоў і гасцей свята старшыня Парэцкага сельвыканкама. Ён пажадаў вяскоўцам мець штогод багатыя ўраджаі “другога беларускага хлеба”, а ў час святочнага мерапрыемства – добра адпачыць ад штодзённых клопатаў, таксама пажадаў добрага настрою, актыўнага адпачынку, удзельнікам спартыўных спаборніцтваў – удачы, спрыту, хуткасці і доўгачаканых перамог. Павіталі жыхароў аграгарадка Хвінявічы і гасцей свята старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Кацярына Хілімончык. Яны пажадалі ўсім прысутным вясёлага адпачыну, пазітыўных эмоцый, удзельнікам  спаборніцтваў – адвагі, спрыту, правесці час актыўна, весела і з карысцю, мацнейшым – перамогі. Пекная паненачка, шэрая сукеначка, зялёная хустачка – на святочную пляцоўку з нізкім паклонам хутка завітала віноўніца свята – Бульбачка-беларусачка. Яна павіншавала гасцей святочнага мерапрыемста, падзякавала за пашану і запрасіла ўдзельнікаў свята весяліцца, спяваць, танцаваць. Дзятве гераіня святочнай праграмы прапанавала прыняць удзел у конкурсе малюнкаў на асфальце пад назвай “Чароўная бульбачка”. Выклікала шчырае захапленне і ў дзятвы, і ў дарослых прадстаўленне ў выкананні ўзорнага тэатра роставых лялек “Лялькі для ўсіх” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пад назвай “Гасцёўня БульбаЁсціка”.  Сюжэтна-гульнёвую праграму «Як мы бульбачку капалі», для жыхароў і гасцей аграгарадка прапанаваў народны тэатр-студыя гульні «Прымакі». У час свята ладзілася дэгустацыя бліноў і іншых традыцыйных страваў, выстава творчых работ навучэнцаў, супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі арганізавалі ваставу часопісаў з рэцэптамі страваў з бульбы. Пастараліся арганізатары свята і для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства: працавалі надзіманыя горкі, батуты, цір, карусель, рознакаляровы “Color Fest”. Хутка на старт паклікаў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2018”, які штогод ладзіцца пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Удзел у спартыўных спаборніцтвах прынялі чатыры сям’і. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў раённага этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2018” стала прыемным і заключным момантам святочнай праграмы. Яны атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.

Автор admin 02.09.2018 Выкл.