Першыя тысячнікі на жніве-2018 у Дзятлаўскім раёне
Жніво ў раёне хуткімі тэмпамі набірае абароты. Як і прагназавалася, яшчэ да канца тыдня на Дзятлаўшчыне з’явіліся першыя “тысячнікі”. Імі ганарацца, іх ставяць іншым у прыклад і адзначаюць за руплівую працу. Лідарамі раённага жніва-2018 па намалоце збожжа з’яўляецца ААТ “Граніт-Агра”. Ужо каторы год запар камбайнёры гаспадаркі “трымаюць марку”. На 28 ліпеня хлебаробы сельгаспрадпрыемства намалацілі 6071 тону зерня. Раённым лідарам “Граніт-Агра” з’яўляецца і па ўраджайнасці зерня з гектара – 38,3 центнера. Асабліва ўдалася гранітаўцам азімая пшаніца – на круг збіраюць па 53,7 центнера. Першыя тысячнікі раённага жніва-2018 з’явіліся таксама ў “Граніт-Агра”. 26 ліпеня свой чарговы ўборачны дзень экіпаж Уладзіміра і Андрэя Гукішаў на камбайне “Lexion-580” завяршыў з дзённым намалотам у 110 тон і тым самым размяняў першую жніўную тысячу, а з пачатку сёлетняга жніва па стану на 28 ліпеня на ўласны працоўны рахунак яны запісалі 1179 тон намалочанага зерня (з улікам рапсу). Першыя раённыя тысячнікі па адвозцы алейнага насення і каласавых культур – таксама гранітаўцы. Лідарства ўтрымліваюць: Андрэй Гулецкі (МАЗ-551605), на рахунку якога 1255 тон перавезенага збожжа, Казімр Рысюк (на МАЗ -555142 перавёз 1233 тоны зерня) і Аляксандар Бакей (МАЗ-555102) – 1197 тон перавезенага ад камбайнаў зерня. 28 ліпеня першыя тысячнікі раёна прымалі шматлікія віншаванні з працоўнымі дасягненнямі з уручэннем грашовых прэмій, падарункаў, букетаў, разнастайнай жніўнай атрыбутыкі ад старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка, старшыні раённнай аргантзацыі ГА “Белая Русь” Ігара Кухарэвіча, старшыні РК прафсаўза работнікаў АПК Уладзіміра Казака, дырэктара ААТ “Граніт-Агра” Станіслава Мазура, фальклорнага гурта Данілавіцкага дома культуры “Суседачкі”.
Канцэрт для студатрада
28 ліпеня творчы калектыў аматарскай творчасці аддзела культуры і дасуга «Данілавіцкі Дом культуры» правеў канцэртную праграму «Мы Вам жадаем» для ўдзельнікаў студатрада, якія працуюць у ААТ «Граніт-Агра».
Канцэрт у вёсцы Ведравічы
28 ліпеня творчы калектыў аддзела культуры і дасуга «Данілавіцкі Дом культуры» выехаў у вёску Ведравічы Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта, дзе іх, з нецярпеннем чакалі гледачы, а артысты не расчаравалі. Канцэртная праграма «Добры дзень, суседзі!» была прысвечана Году малой радзімы. Канцэртная праграма была вельмі разнастайная. Дзякуючы майстэрству выканаўцаў, спагадлівасці і зацікаўленасці саміх жыхароў, канцэрт стаў сапраўдным святам, як для гледачоў, так і для саміх артыстаў. Цёплая сяброўская атмасфера ўсталявалася з першых хвілін сустрэчы. А як інакш, бо артысты шчыра дзяліліся не толькі сваім майстэрствам, але і душэўным цяплом. Пасля выканання некалькіх песень, слухачы не змаглі ўседзець на месцы і пусціліся ў скокі. Настрой прысутным падымалі любімыя песні і жарты. Гледачы з удзячнасцю прымалі цёплыя словы, пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту, а кожнае выступленне сустракалі гучнымі апладысментамі. Канцэртная праграма нагадвала хутчэй сяброўскую сустрэчу старых і добрых сяброў. На хвалюючыя пытанні жыхароў вескі Ведравічы адказала старшыня Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ганна Мікалаеўна Жых. Душэўна, з гумарам і па-сямейнаму непрыкметна праляцеў час. Задаволеныя гледачы доўга не адпускалі дарагіх гасцей, дзякавалі за добры настрой і жадалі творчых поспехаў. А самі артысты з прыўзнятым настроем вярталіся дадому, будучы ўпэўненыя, што наперадзе новыя сустрэчы з гледачом.
Канцэрт у в. Рабкі
«Добры дзень, суседзі!» 28 ліпеня жыхары вёскі Рабкі Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта прымалі незвычайных гасцей – артыстаў аматарскай творчасці аддзела культуры і дасуга «Данілавіцкі Дом культуры». Аб іх прыездзе вяскоўцаў апавясцілі загадзя, таму ўсе сабраліся дакладна ў прызначаны час і ў пэўным месцы. Як і належыць, прыйшлі з кветкамі. Канцэртная праграма «Добры дзень, суседзі!» была прысвечана Году малой радзімы. У ёй прынялі удзел: ансамбль народнай песні «Суседачкі», Падліпская Мілана, Ліза Бурэц, Ксенія Шутава. Калі зайграла музыка, бабулі ўміг забыліся аб сваіх праблемах, і іх вочы засвяціліся. Артысты выконвалі такія песні, якія былі добра вядомыя і вяскоўцам. Таму некаторыя жанчыны з задавальненнем падпявалі знаёмыя хіты. Апладзіравалі артыстам не шкадуючы далоняў. Дарылі ім кветкі, казалі словы падзякі і вельмі прасілі прыехаць яшчэ раз. Ніхто з гледачоў не сышоў без выдатнага настрою. А гучныя апладысменты ад душы — былі лепшай падзякай для артыстаў.