«Кірмаш гудзе – продаж ідзе!»
Шумеў-гудзеў дзятлаўскі сельгаскірмаш Дождж суботнім кірмашовым ранкам накрапваў, але разысціся не адважыўся. І дзякуй яму. І, безумоўна, велізарны дзякуй нашым сельгаспрадпрыемствам. Гаспадарчых клопатаў у іх на працягу большай часткі года шмат, а восенню – дык не абтрэсціся! Але на традыцыйны кірмаш прыехалі ўсе. І прадукцыю прывезлі, і свае дэкаратыўныя падворкі. А найбольш “уклаўся” у кірмашовую дзею КСУП “Хвінявічы”. Што вырасцілі на палетках, на продаж прывезлі, і гадаванае на фермах дадалі: трусоў, авечак, бараніну, ялавічыну. Трусовае мяса, сказалі, лічыце дыетычным – дзецям з шасці месяцаў даваць можна. Іншае яшчэ нельга, а трусовае – ужо не зашкодзіць. І на жывых свойскіх зайчыкаў, кажуць, попыт ёсць: людзі купляюць, гадуюць. Чаму ж не гадаваць: размнажаюцца зайчыкі хутка, хутка растуць, “белыя веліканы” вырастаюць да пяці кілаграмаў. Пры належным доглядзе – прыбытковы занятак. Конкурсная камісія кірмашу на чале са старшынёю раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім КСУП “Хвінявічы” і прысудзіла першае месца. На другім месцы – ААТ “Граніт-Агра”. “Уф…” – задаволена аддыхвалася пасля бойкага гандлю намеснік дырэктара “Граніта” Людміла Мядзведзь. “Усё прадалі!”. А яе каляжанкі не без гумару каментавалі фініш фірменнага гандлю: “Людміла Іванаўна гэтак налаўчылася на кірмашах, што можа і ката ў мяшку прадаць”. “Граніт” на кірмашы глядзеўся салідна і дыму, смажачы шашлыкі ды іншую мясную смакату, даваў больш за іншыя падворкі. “Гранітаўскі” размах – што ў полі, што на кірмашы. Не змагла камісія вызначыцца, хто лепшы паміж двума прэтэндэнтамі на трэцяе прызавое месца і прыняла блізкае да саламонава рашэнне: прысудзіць два прызы за трэцяе месца, а райкам прафсаюза работнікаў АПК прадставіць усяму кірмашу як надзвычай шчодрага прызавога спонсара. Гэтак трэцімі сталі і КСУП “Жукоўшчына”, і КСУП “Русь-Агра”. Прадавалі на кірмашы, не буду маніць, не скажу, што ўсё, але многае: рознае зерне (ячмень, трыцікале, жыта, авёс, грэчку, проса, ільносемя, насенне алейнай рэдзькі), саджанцы пладовых дрэваў і кустоў, саджанцы дэкаратыўных дрэваў і кустоў, жывую рыбу (карпаў, карасёў, амураў, самоў, шчупакоў), мёд ды іншыя прадукты пчалярства, прыправы, вядома ж – агародніну (капусту, моркву, сталовыя буракі, цыбулю, часнок, перцы, бульбу). Былі ў продажы і прамысловыя тавары: камбікармы, крухмал, сыры. Была экзотыка: імянныя лыжкі, ручкі. Былі саматужныя рамесніцкія вырабы. А тым, хто прыйшлі на кірмаш з грашыма, але не маглі вызначыцца, што ж ім купіць, дапамагала бяспройгрышная латарэя. І панеслі-павезлі дахаты хто мех бульбы, хто торбачку зерня (як казалі гумарныя латарэйшчыцы: не ведаем, якога), хто сподак (затое ў прыгожай каробцы), хто бляшанку салодкага густога малака, хто саджанец, ну, адным словам, каму на што пашчасціла. Каму – забаўка, каму – набытак … Артысты (нашы, родненькія, і ўжо час прылюдна сказаць і прызнаць, часта не горшыя, а як у добрым тонусе, то нярэдка і лепшыя за прыезных) кірмашовую публіку весялілі: ігралі, спявалі і прытанцоўвалі. Адным словам, разагравалі. Сустрэўся на кірмашы «атрад хуткага рэагавання» раённай арганізацыі БРСМ пад кіраўніцтвам першага сакратара Кацярыны Хілімончык. Хлопцы і асабліва актыўна іх лідар Кацярына прапаноўвалі пажылым людзям сваю дапамогу: падняць цяжкі груз, паднесці да транспарту.