Раённы фестываль фальклору
Раённы фестываль фальклору «Вянок творчасці народнай» на Дзятлаўшчыне 21 мая на летняй танцавальнай пляцоўцы Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці адбыўся раённы фестываль фальклору, які сабраў творчыя калектывы і выканаўцаў з усяго раёна. Праграма фестываля пачалася з прэм’еры: работнікі культуры раёна падрыхтавалі масавы народны танец. Вядучыя праграмы Чэслаў Свіб і Людміла Баклушына прадставілі конкурсную камісію сёлетняга фестывалю. У яе склад увайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Шыцько, загадчыца аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнайтворчасці Марына Лукіянец, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Таццяна Янушкевіч, метадыст аддзела метадычнай работы Таццяна Дудкіна. Першымі на фестывальную сцэну выйшлі прадстаўніцы Жукоўшчынскагадома культуры — народны фальклорны гурт вёскі Погіры. Жанчыны выканалі народныя песні і жарты сваёй мясцовасці. Хвінявіцкі дом культуры дэлегаваў на фестываль гурток сцэнічнага майстэрства «Ліхтарык» і іх старэйшыя калегі па сцэне — фальклорны гурт «Сузор’е». Данілавіцкі рэгіён прадставіў шматлікі і яркі мясцовы фальклорны гурт «Суседачкі», які парадаваў гледачоў песнямі і байкамі. Аўтэнтычныя песні Дзятлаўшчыны прагучалі ў выкананні народных фальклорных гуртоў вёсак Ахонава і Студзераўшчыны. Ад Наваельнянскага дома культуры на летняй сцэне выступілі фальклорны гурт, юныя салісткі вакальнага і гутарковага жанру. Казлоўшчынкі фальклор прадставілі дзіцячыя калектывы і выканаўцы. Юныя артысты чыталі казку, танчылі «Кадрыль» і гулялі ў народную гульню «Явар». Ксенія Лагута з Дварэцкага дома культуры артыстычна прачытала байку Кандрата Крапівы «Ехаў дзедка на кірмаш». Ігар Крывулька з Вензаўца пазнаёміў прысутных з прыгожай легендай пра вензавецкую царкву, а дзяўчаты з фальклорнага трыа Вензавецкага дома культуры выканалі народнуюпесню «Ой, там пад ганкам». Пакуль кампетэнтная камісія раілася, народны тэатр гульні «Прымакі» па-за конкурсам зладзіў міні-канцэрт для гасцей фестывалю. Па выніках конкурснай праграмы журы вызначыла лепшых выканаўцаў і калектывы. У намінацыі «Аўтэнтычны фальклорны гурт» першае месца атрымаў народны фальклорны гурт вёскі Студзераўшчына, другое — народны фальклорны гурт вёскі Погіры, трэцяе — народны фальклорны гурт вёскі Ахонава. У намінацыі «Дзіцячы фальклорны гурток» пераможцам стаў Казлоўшчынскі фальклорны гурток. Лепшым дарослым фальклорным ансамблем стаў фальклорны гурт «Суседачкі» з Данілавічаў. У намінацыі «Індывідуальныя выканаўцы народнай прозы» прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — Ніна Лашкоўская (Данілавічы), другое — Ксенія Лішык (Казлоўшчына), трэцяе — Ігар Крывулька (Вензавец) і Арына Кузьміч (Наваельня). Лепшай сольнай выканаўцай песеннага фальклору журы прызнала Зінаіду Стэльмах з Ахонава.
У Дзятлаве затанчылі па-даўнейшаму
У Дзятлаве затанчылі па-даўнейшаму У межах раённага фестывлю фальклору «Вянок творчасці народнай» адбыўся прагляд канкурсантаў на абласны фестываль-свята «Танцуем па-даўнешаму». Танцавальныя пары розных узростаў на адной пляцоўцы, у адным карагодзе згулялі побытавыя беларускія танцы «Мальвіна», полька «Карэлафінская», «Лявоніха», полька «Бабачка», «Каханачка», «Ойра», «Акуліна», «Лысы», «Вальс», «Падыспань», «Кракавяк», полька «Мясцовая». Лепшыя народныя танцоры прадставяць наш раён на абласным этапе конкурсу ў аг. Тарнова Лідскага раёна.