День: 01.03.2017

“Наш жывёлавод”

“Наш жывёлавод”          Другі год Дзятлаўскі раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць акцыю “Наш жывёлавод”, мэта якой – заўважыць і адзначыць старанных і паспяховых жывёлаводаў раёна. Падзячнымі пісьмамі РК прафсаюза і падарункамі адзначаны ўжо многія работнікі жывёлагадоўчай галіны. А ў сераду, 1 сакавіка, у Дзятлаўскім цэнтры культуры адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў работы ў галіне жывёлагадоўлі раёна за 2016 год, арганізаванае раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК. Да запрошаных на ўрачыстасць звярнуўся старшыня райвыканкама А. Дубовік: – Паважаныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу! Сёння мы падводзім вынікі ў галіне жывёлагадоўлі. Я лічу, што гэта павінна стаць традыцыяй і святам для ўсяго раёна. Вы, працаўнікі фермаў, комплексаў, спецыялісты зааветэрынарнай службы, вырабляеце 68 працэнтаў прадукцыі сельскай гаспадаркі. Раз у год вы бераце невялікую паўзу і аглядваеце вынікі сваёй працы. Работу жывёлаводаў нельга спыніць, у ёй няма выхадных. Таму ваша свята – гэта магчымасць падвесці вынікі і намеціць шлях, па якім трэба рухацца далей: павялічваць пагалоўе, нарошчваць паказчыкі. Вашымі рукамі вершыцца галоўнае – забяспечваецца дзяржаўная харчовая бяспека. У раёне развіваюцца малочная і мясная жывёлагадоўля, новыя галіны для нашага раёна – авечкагадоўля і трусагадоўля, стабільна функцыянуе свінагадоўчы комплекс па адкорме і дарошчванні «Варакомшчына» ААТ «Граніт-Агра». Вытворчасцю свініны займаюцца КСУП «Русь-Агра» і ААТ «Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў». Асаблівы гонар і хвала жывёлаводам, якія дамагліся самых высокіх вынікаў. Лідары ў вытворчасці малака – КСУП «Жукоўшчына» і ААТ «Граніт-Агра». У названых гаспадарках надой на карову склаў адпаведна 6 035 і 5 868 кілаграмаў. Варта станоўча адзначыць работу малочнатаварнага комплексу «Краглі» КСУП «Жукоўшчына» (загадчыца Таццяна Уладзіміраўна Галавенка), МТФ “Круцілавічы” ААТ «Граніт-Агра» (загадчык Сяргей Анатольевіч Смурага), МТФ “Зачэпічы” КСУП «Жукоўшчына» (загадчыца Тарэса Вітольдаўна Калодка), МТК “Таркачы” ААТ «Граніт-Агра» (загадчыца Наталля Фёдараўна Калодка). Найлепшых вынікаў у гадоўлі буйной рагатай жывёлы дасягнулі ААТ «Граніт-Агра», КСУП «Хвінявічы», КСУП «Жукоўшчына», працаўнікі асобных фермаў, такіх як ферма “Белалозы”   КСУП   «Белагурна»   (загадчыца Алена Іванаўна Навумава), «Засецце» КСУП «Русь-Агра» (загадчыца Тэрэза Браніславаўна Чырко), “Яцвезь” КСУП «Русь-Агра» (загадчык Яўген Пятровіч Глушкевіч). Можна гэты спіс працягваць далей. Кожны, хто знаходзіцца ў гэтай зале, сваёй працай уносіць вялікі ўклад у агульную справу – развіццё галіны жывёлагадоўлі. Здавалася б, нічога геройскага гэтыя людзі не здзяйсняюць. Проста робяць сваю штодзённую справу. Але працуюць так, што іх трэба ставіць у прыклад для іншых. Таму сёння мы аддаём даніну глыбокай пашаны і шчырай удзячнасці вам за вашу працу і адданасць прафесіі. Вашай нястомнай працай рэалізуюцца праграмы развіцця вёскі, павышаецца дабрабыт насельніцтва Дзятлаўшчыны! Наша задача – дамагчыся, каб усё, ці амаль усё, што неабходна жыхарам нашага раёна расло і выраблялася на нашай зямлі. Гэта трэба, найперш, нам самім, жыхарам раёна, нашым дзецям, унукам. Паважаныя працаўнікі вёскі! Яшчэ раз прыміце самыя найлепшыя віншаванні ў гонар вашага свята. Жадаю вам добрага настрою, паспяховай работы ў далейшым. Добрага здароўя вам і вашым сем’ям, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і дабрабыту, святла і згоды! Аляксандр Міхайлавіч уручыў узнагароды за выніковую працу кіраўнікам і галоўным спецыялістам КСУП «Жукоўшчына» і ААТ «Граніт-Агра». Дзятлаўскія артысты прапанавалі ўдзельнікам урачыстасці канцэртную праграму.

Автор admin 01.03.2017 Выкл.