Развіццё турызму – адна са стратэгічных задач, якую Прэзідэнт Беларусі ставіць перад спецыялістамі на бліжэйшую перспектыву.

Наша краіна цікавая не толькі знакамітымі фестывалямі, вядомымі замкамі, прамысловымі гігантамі, але і сваёй непаўторнай аўтэнтычнай культурай, традыцыямі, народнымі майстрамі, рамёствамі, а менавіта гэта найчасцей сустракаецца ў рэгіёнах і беларускай глыбінцы. Падобны патэнцыял неабходна выкарыстоўваць і ў нашым раёне.


Як зрабіць Дзятлаўшчыну яшчэ больш прывабнай і цікавай для гасцей, якія традыцыйныя мерапрыемствы хаваюць у сабе значны патэнцыял, якія новыя ідэі могуць прынесці поспех у развіцці турызму, абмеркавалі на дыялогавай пляцоўцы ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, ініцыяванай сектарам спорту і турызму райвыканкама. У размове прымалі ўдзел спецыялісты сфераў турызму і культуры раёна, засяроджана яна была на вырашэнні задач па развіцці падзейнага і гісторыка-культурнага турызму. Дыялог праходзіў на пачатку жніўня, які аб’яўлены ў Беларусі месяцам падзейнага турызму.

– Вызначана, што ў Беларусі турызм павінен стаць асобнай галіной эканомікі, – акцэнтавала ўвагу на важнасці тэмы галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. – Існуе больш за дзясятак яго кірункаў – паляўнічы, прамысловы, медыцынскі, іншыя, аднак асноўныя для работнікаў сферы культуры – гэта падзейны і гісторыка-культурны, менавіта з імі звязана ваша работа, мерапрыемствы, праграмы. Важна знайсці ў тым, што вы ўжо робіце, такія цікавінкі і фарматы, якія будуць прывабліваць як мага больш гледачоў і гасцей, значыць мець яшчэ і эканамічны вынік.

Наталля Яўгенаўна расказала, што сабой уяўляе каляндар падзейнага турызму Беларусі, якія мерапрыемствы туды трапляюць, яна заклікала прысутных задумацца над варыянтамі раённых святаў, фестываляў, абрадаў, якія могуць быць цікавымі шырокай масе людзей і папоўніць рэспубліканскі каляндар.

На рабоце Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра спыніўся яго дырэктар Аляксей Ківуля. Ён нагадаў, што цэнтр выконвае менавіта каардынуючую функцыю паміж суб’ектамі турызму, дапамагае рэкламаваць і папулярызаваць мясцовыя маршруты, святы, аграсядзібы як праз паліграфічную прадукцыю і сацыяльныя сеткі, так і праз папулярныя рэспубліканскія і міжнародныя пляцоўкі, адной з якіх з’яўляецца традыцыйная міжнародная выстава-кірмаш “Адпачынак”, дзе дзятлаўчане неаднаразова і даволі паспяхова прадстаўлялі свой турыстычны прадукт.


Вяртаючыся да пытання развіцця гісторыка-культурнага і падзейнага турызму, удзельнікам дыялогавай пляцоўкі было прапанавана паўдзельнічаць у “мазгавым штурме”, асноўнымі задачамі якога было даць ацэнку ўзроўню развіцця падзейнага турызму на Дзятлаўшчыне сёння і выявіць асноўныя магчымыя рэзервы для яго ўдасканалення на перспектыву, а таксама галоўныя фактары і прычыны, якія могуць уплываць на развіццё гэтага віду турызму ў раёне.

Групы з пасаўленымі задачамі справіліся, таксама быў вызначаны “партрэт” магчымага наведвальніка мерапрыемстваў, агучаны прапановы, адзначана, што на Дзятлаўшчыне нямала ўжо вядомых раённых фестываляў і святаў, у якіх значны патэнцыял для прываблівання турыстаў, ёсць адметныя мясцовыя традыцыі, майстры, фльклорныя творы, якія будуць цікавыя шырокаму колу гасцей, аднак спецыялістам не хапае вопыту ў рэкламнай і маркетынгавай дзейнасці. Над гэтымі рэзервамі ўстановам культуры раёна і варта папрацаваць у далейшым.


Выказаныя на дыялогавай пляцоўцы прапановы варта ўлічваць у перспектыве пры распрацоўцы падзейных мерапрыемстваў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.