
“Ясна” – на радасць маленькім дзятлаўчанам
На пляцоўцы адпачынку па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве ўрачыста адкрылі гульнявы комплекс ад брэнда “Ясна” кампаніі “Белтэлекам”.
На забаўляльную сустрэчу дзяцей запрасілі супрацоўнікі вузла электрасувязі і роставыя лялькі “Dolls4All”.
Гасцей свята павітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч:
– У нашым раёне стала добрай традыцыяй ствараць новыя сацыяльныя аб’екты. Мы будуем жыллё, адкрываем новыя спартыўныя, гульнявыя пляцоўкі, каб арганізаваць спрыяльныя ўмовы для жыцця і адпачынку мясцовых жыхароў. Сёння дзякуючы кампаніі “Белтэлекам” на Дзятлаўшчыне адбываецца чарговая знакавая падзея. Віншую маленькіх і дарослых жыхароў райцэнтра з новым адкрыццём!
Да словаў віншавання далучыўся начальнік Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Ігар Бялоў:
– Дарагія дзеці! Мы з калегамі спадзяёмся, што гэта месца адпачынку стане любімым для вас. Хочацца пажадаць, каб, гуляючы на пляцоўцы, вы раслі здаровымі, моцнымі, вясёлымі і дружнымі.
Ігар Станіслававіч і Ігар Уладзіміравіч перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, даючы старт яркім, захапляльным дзіцячым забавам. Разам з новым гульнявым абсталяваннем маленькія дзятлаўчане атрымалі сапраўднае свята з гульнямі, конкурсамі і падарункамі, якія ім уручыў начальнік Дзятлаўскага ўчастка электрасувязі Уладзімір Фясяк разам са сваімі калегамі.
“Ясна” – адзін з самых паспяховых брэндаў кампаніі “Белтэлекам”, які з’явіўся ў 2016 годзе і ўжо стаў лідарам у прадастаўленні паслуг электрасувязі, высакахуткаснага інтэрнэту і лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання. Акрамя таго, за брэндам “Ясна” замацаваўся статус сямейнага, камфортнага, які мяняе жыццё да лепшага. Дарыць дзецям новыя гульнявыя комплексы стала добрай традыцыяй для сувязістаў.