Хвіліны душэўнасці. Праз выпрабаванні лёсу да мірнага жыцця

Хвіліны душэўнасці. Праз выпрабаванні лёсу да мірнага жыцця

23.07.2024 Выкл. Автор admin

Ясным ліпеньскім днём у вёску Мядзвінавічы ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” завітаў творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Іван Кашко, Ірына Бакшук і Святлана Венская падрыхтавалі цёплыя, як летні дзень, віншаванні для мясцовай юбіляркі Тэрэзы Касцюк. Госці прывезлі доўгажыхарцы кветкі, прысмакі і яркую песенную паштоўку. Яны жадалі Тэрэзе Карлаўне моцнага здароўя, бадзёрасці духу, светлых ясных дзён, аптымізму і мірнага неба над галавой.

Наша зямлячка расказала артыстам сваю няпростую жыццёвую гісторыю і падзялілася сакрэтам даўгалецця. Нарадзілася яна ў  вёсцы Пархуты ў сям’і сялян. На жаль, дзяцінства Тэрэзы апаліла Вялікая Айчынная вайна. Не ўсе падзеі таго цяжкага перыяду захавала дзіцячая памяць, але некаторыя назаўжды ўрэзаўся ў яе.

– Карнікі тады з’явіліся нечакана, – ўзгадвае юбілярка. – Калі жыхары вёскі зразумелі, што ворагі блізка, пачалі хавацца ў вялікім зарасніку алешніка. Аднак, прасядзеўшы там некалькі дзён, людзі  вымушаны былі вяртацца ў свае хаты, бо ў кожнай сям’і была гаспадарка, ды і не маглі мы нават падумаць, што фашысты будуць так здзекавацца.

Спыніўшы на хвілінку свой невясёлы аповед Тэрэза Карлаўна ўздыхнула, паправіла хустку, набраўшыся сіл, прадоўжыла:

– Калі жыхары Пархутаў вярнуліся, карнікі сагналі іх на адзін канец вёскі, павыганялі жывёлу, а хлявы і хаты запалілі на вачах у напалоханых людзей. Зразумеўшы, што нічога добрага не будзе, маці падхапіла мяне на рукі і шчыльна прыціснула да грудзей, каб, калі будуць расстрэльваць, то забілі разам.

Мне, малой, было жудасна глядзець, як палыхаюць хаты, як яны дыхаюць пякучым паветрам на нас. Кожны з болем углядаўся ў полымя, якое паглынала маёмасць, ператвараючы ў попел. Некалькі чалавек немцы застрэлілі, бо яны паводзілі сябе ўзрушана. Астатніх пагналі ў Слонім. Там нас трымалі ў халодных памяшканнях, есці давалі чарпак пустой поліўкі ды кавалачак хлеба. Мужчын пасадзілі асобна, час ад часу прымушалі працаваць.

Юбілярка расказала, як аднойчы ёй захацелася наведаць тату, які недалёка пасвіў авечак. Ворагі ведалі, што ён не будзе ўцякаць, бо расстраляюць усю сям’ю. Аднак паход Тэрэзы да бацькі скончыўся драматычна: карнікі моцна пабілі палкай матулю дзяўчынкі, Алену Аляксандраўну, павучаючы, каб больш не адпускала дзіця.

Па словах Тэрэзы Карлаўны, прасядзелі яны пад арыштам некалькі месяцаў. Калі ж байцы Чырвонай арміі былі на подступах да Слоніма, немцы сагналі мужчын і павезлі ў Германію ў канцлагер, а жанчын і дзяцей пакінулі. Нашы потым усіх адпусцілі дамоў.

У спаленую вёску вярталіся з надзеяй адшукаць хоць што-небудзь прыдатнае з маёмасці, што не пашкодзіў агонь. Але на папялішчы чакала расчараванне. Тады вяскоўцы пайшлі ў лес капаць сабе зямлянкі.

– З дошчак складвалі ляжанкі, рабілі невялікія печкі, каб сагрэцца, ды хоць што-небудзь прыгатаваць, у лесе збіралі грыбы-ягады, дзікае шчаўе, сурэпіцу, ядомыя травы, каб не памерці з голаду, –прадаўжала ўспамінаць Тэрэза Карлаўна. – Наша сям’я доўга не ведала дзе бацька, ці жывы ён. На шчасце, тата выжыў, але вярнуўся цяжка хворы, да канца свайго нядоўгага жыцця хадзіў на мыліцах – так на здароўі адбілася знаходжанне ў канцлагеры.

Калі вайна скончылася, сельсавет пачаў выдзяляць пагарэльцам драўніну на хаты. Вяскоўцы радаваліся, калі нарэшце перабіраліся ў прыдатнае жыллё. Паступова ўсё наладжвалася, бо быў мір. Тэрэсза вырасла, сустрэла сваё каханне – Івана Касцюка, пажаніліся. Муж славіўся як добры будаўнік, у сям’і падрасталі трое сыноў.

Тэрэза Касцюк амаль 35 гадоў адпрацавала на жывёлаводчай ферме, Іван Міхайлавіч – сталяром. Пасля смерці мужа адзін з сыноў набыў хату ў Мядзвінавічах, забраў матулю бліжэй да сябе. Тут яна жыве чацвёрты год, мае невялікі агарод, некалькі курачак і таленавітага вартаўніка-сабачку, які ўвесь час “падпяваў” артыстам, пакуль яны віншавалі імянінніцу песнямі.

Разважаючы пра рэцэпт свайго даўгалецця, Тэрэза Карлаўна выказала меркаванне, што гэта задаволенасць жыццём. Пасля страшных ваенных выпрабаванняў мірныя дні здаваліся шчаслівымі, а цяпер і наогул, на думку юбіляркі, усё вельмі добра: ёсць пенсія, спакой, камфорт. Яна вельмі ўдзячна Прэзідэнту, што клапоціцца аб пажылым насельніцтве, што ў Беларусі шмат сацыяльных выгодаў. Напрыклад, самой доўгажыхарцы па гаспадарцы дапамагае добразычлівая, старанная сацыяльная работніца Сняжана Кулік, якую бабуля лічыць блізкім чалавекам.

Маладому пакаленню Тэрэза Касцюк пажадала быць здаровымі, жыць у міры і згодзе, берагчы і шанаваць адзін аднаго.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.