Фестывалі. Яркая казка ажыла ў Дзятлаве (+відэа)

Фестывалі. Яркая казка ажыла ў Дзятлаве (+відэа)

15.06.2024 Выкл. Автор admin

Тут прайшоў пяты юбілейны рэгіянальны карнавал-фестываль роставых лялек, які сабраў сяброў з розных куточкаў Беларусі.

Сёлета ўдзел у ім прымалі шэсць творчых калектываў і артыстаў з Магілёва, Кобрына, Мінойтаў, Свіслачы, Ярэмічаў (Карэліцкі раён), Івацэвічаў і Дзятлава.

Роставыя лялькі і артысты ў казачных касцюмах у суправаджэнні Новаяльнянскага духавога аркестра прайшлі шэсцем па вуліцах Дзятлава да плошчы 17 Верасня, дзе разгарнулася яркая забаўляльная конкурсная праграма.

Да дзятлаўчан і гасцей горада звярнуўся начальнік сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько:

– Мы рады вітаць усіх на дзятлаўскай гасціннай зямлі, на юбілейным карнавале-фестывалі роставых лялек. Для многіх гэта добрая магчымасць сустрэцца з сябрамі, паказаць сваю творчасць, паглядзець на іншых, крыху пахвалявацца, атрымаць зарад весялосці і яркіх момантаў, якія вы забераце на памяць з сабой. Фестываль – на старт!

Выступленні ўдзельнікаў фестывалю ацэньвала журы – работнікі культуры нашага раёна. На працягу праграмы канкурсанты прадставілі лялечны дызайнерскі паказ і дэфіле, пагулялі з маленькімі і дарослымі гледачамі ў рухомыя гульні, патанцавалі ад душы і паўдзельнічалі ў мностве імправізаваных селфі-сесій.

Высокую планку майстэрства і выдатны настрой па-за конкурснай праграмай задавалі ўдзельнікі тэатра роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” пад кіраўніцтвам Івана Каско і Аксаны Кашляк.

Госці свята падзяліліся ўражаннямі ад наведвання горада Дзятлава і фестывальнай праграмы.

Ігар Багамазаў, загадчык мастацка-пастановачнай часці заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Магілёўскі абласны драматычны тэатр”:

– Патрапілі да вас упершыню і вельмі рады такой акалічнасці. Дзякуючы фестывалю ў Дзятлаве і спецыяльна для яго за два тыдні была створана новая лялька – Казачнік горада М, у якой з’явілася свая казка з лялькамі. Цяпер і ў Магілёве дзеці пабачаць новую казку. Усё на фестывалі было вельмі ідэальна і цудоўна – танцы, дзіцячыя ўсмешкі, выдатнае надвор’е. Дзякуй за запрашэнне!

Марыя Самалевіч, кіраўнік народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

– Мы выступаем на роднай мове і на народных традыцыях. За 22 гады існавання калектыву дзе мы толькі не былі! І на Славянскім базары, і на абласных мерапрыемствах, аднак на Дзятлаўшчыну заўжды прыязджаем з асаблівым пачуццём. Мы ўдзельнічаем у фестывалі з дня яго заснавання: першы раз нават не разумелі дакладна, што такое работа з роставымі лялькамі, аднак ужо наступныя тры гады запар мы станавіліся пераможцамі карнавалу-фестывалю. У нас з’явілася роставая лялька Сонейка, якую цяпер выкарыстоўваем у сваіх абрадавых гульнях. За гады існавання гэтага свята займелі шмат добрых сяброў, радасна, што кожны год да лялечнага руху далучаюцца новыя цікавыя ўдзельнікі. Усім жадаю натхнення, удачы, добрага настрою і моцнага здароўя, а самым дастойным – перамогі.

Вольга Каролік, кіраўнік мастацкага калектыву Кобрынскага палаца культуры:

– Нашы калегі прымалі ўдзел у першым фестывалі роставых лялек, я сама тут упершыню. Вельмі любім любы “дзвіж”, таму ахвотна адклікнуліся на запрашэнне прыехаць у Дзятлава. Прыемна ўразілі дзятлаўскія дзеці – вельмі класныя, актыўныя, уважлівыя і кемлівыя. З імі было лёгка і прыемна працаваць, забаўляць і танцаваць. Спадабаўся маленькі ўтульны і чысты горад Дзятлава і гасцінныя гаспадары свята. Арганізацыя на высокім узроўні. Жадаю ўсім моцнага здароўя, пабольш грошай і часцей збірацца на такія цудоўныя мерапрыемствы!

Прызёры і пераможцы пятага юбілейнага рэгіянальнага карнавалу-фестывалю роставых лялек размеркаваліся наступным чынам: прызамі за ўдзел былі адзначаны калектывы Дзятлаўскага РАНС, народны тэатр гульні “Бераг” (Лідскі раён), Юрый Русакевіч; дыплом ІІІ ступені – у народнага тэатра гульні “Ярэміцкія маскі” (Карэліцкі раён), дыплом ІІ ступені – у народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” (Свіслацкі раён), дыплом І ступені – у калектыву Кобрынскага палаца культуры.

Прызёры былі адзначаны грашовымі прэміямі. Гран-пры фестывалю і прыз – роставую ляльку зайчыка Лялю заслужана атрымаў калектыў аматарскага аб’яднання “Манцёрка” (горад Магілёў).

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.