
Увага і дабрыня таксама лечаць
У гэтым упэўнены ўдзельнікі дабрачынных акцый – навагодняй “Нашы дзеці” і моладзевай “Цуды на Каляды”. З салодкімі падарункамі і пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення і бадзёрасці духу да пацыентаў дзіцячага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы завіталі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Дзятлаўскай ЦРБ.Хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх святы засталі на лячэнні ў медыцынскай установе, не сумавалі, таксама адчулі радасць ад іх набліжэння і атрымалі важкі зарад добрага настрою, разам з гасцямі з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прыйшлі навагоднія героі – Дзед Мароз і Снягурачка, у ролі якіх выступілі Іван Кашко і Ала Чарняўская. Добрыя чараўнікі адразу ж аб’явілі свой візіт гадзінай спаўнення запаветных жаданняў і прапанавалі загадаць іх маленькім пацыентам і іх бацькам, узяўшыся за чароўны посах. Самае простае з жаданняў – адчуць асалоду ад свята – адразу ж выканалі самі госці, уручыўшы малечы і дарослым салодкія падарункі. Каб у новым годзе больш не хварэць, усе пераступалі праз посах Дзядулі Мароза і праходзілі пад ім. Дзед Мароз і Снягурачка запрасілі прысутных у навагодні карагод. “Вітамінка” весялосці ў гэты дзень дасталася і дзецям, і бацькам маленькіх пацыентаў, і медыцынскаму персаналу.