Слава і пашана працаўнікам сяла!
Па добрай традыцыі надыходзячы Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці калектыў сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” сустрэў канцэртам-віншаваннем, у час якога былі ўшанаваны яго лепшыя работнікі.
Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, кіраўніцтва РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” і СГФ “АграМілк”, работнікі прадпрыемства.
Дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык адзначыў поспехі філіяла ў сельскагаспадарчай сферы і павіншаваў яго работнікаў са святам:
– У лістападзе традыцыйна адзначаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, у нашым філіяле таксама ўшаноўваюць па заслугах хлебаробаў і жывёлаводаў. Сёлета Гродзенская вобласць намалаціла больш за два мільёны тон збожжа, мы зрабілі свой уклад у гэты важкі вынік. Нам ёсць чым ганарыцца: на працягу чатырох гадоў, калі прадпрыемства “Русь-Агра” было перададзена пад РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, мы кожны год стабільна дабаўляем у сваіх выніках. За гэты час ураджайнасць збожжавых культур вырасла больш чым удвая і сёння складае 41,7 цэнтнера з гектара, надоі таксама выраслі амаль удвая і складаюць 19,9 літра на адну ўмоўную галаву. Усе гэтыя важкія вынікі – плён працы мэтанакіраваных, руплівых, адданых роднай зямлі людзей, якія разумеюць, што ад іх залежыць не толькі дабрабыт прадпрыемства, але і будучыня нашай краіны. За чатыры гады для работы былі набыты 86 адзінак тэхнікі, завершана мадэрнізацыя, уведзены ў эксплуатацыю жылыя і вытворчыя аб’екты, работа ў гэтым напрамку будзе працягнута, наперадзе – вялікія справы і вынікі. Рады, што ў філіяле сфарміраваўся дружны калектыў, нацэлены на высокі вынік. Віншую вас з надыходзячым святам. Жадаю міру, дабрабыту, каб работа праносіла задавальненне і стабільны даход.
Да віншаванняў далучыўся дырэктар сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” і ўручыў Вадзіму Худыку каравай новага ўраджаю, які склаў сёлета 17,5 тысячы тон.
Вадзім Худык уручыў работнікам філіяла рэспубліканскія ўзнагароды. Ганаровай граматай вытворчага аб’яднання “Беларуснафта” быў адзначаны вадзіцель аўтамабіля Віктар Матук, падзякай генеральнага дырэктара ВА “Беларуснафта” – трактарыст-машыніст Руслан Міклаш.
Словы віншавання з надыходзячым прафесійным святам і ўдзячнасці за работу працаўнікам СГФ “АграМілк” адрасаваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Дзятлаўчане дастойна завяршылі чарговы сельскагаспадарчы год. Ён быў нялёгкім для нас, як, мабыць, і кожны ў гэтай сферы. Год быў экстрэмальна складаны і настолькі ж выніковы: раённы каравай дасягнуў практычна 110 тысяч тон збожжа, 19 % яго належыць вам. У вас самая высокая ў раёне ўраджайнасць рапсу і зерневых культур. У жывёлагадоўлі вы таксама паказалі істотны прагрэс за гэты год: сёлета вы ў ліку лідараў у гэтай сферы, на што паўплывалі якасная нарыхтоўка кармоў, тэхнічны складнік і сумленная работа. З усіх інвестараў, якія працуюць у нашым раёне, вам найлепш удалося згуртаваць людзей, сабраць моцную выніковую каманду спецыялістаў. Высокія лічбы, якія сёння агучваюцца, – вынік вашай каманднай работы. Прыемна, што ў СГФ “АграМілк” падтрымліваецца добрая традыцыя сустракаць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ўшанаваннем калектыву. Шчыры дзякуй вам за працу! Жадаю здароўя, цярпення, дабрабыту, добрага надвор’я ў вашых сем’ях і на працоўных месцах. Са святам!
Ён уручыў ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама загадчыцы склада Таццяне Багдановіч, падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – загадчыцы склада Людміле Чапукойць, вядучаму бухгалтару Ларысе Сакалоўскай, галоўнаму аграному Андрэю Лежаню.
Граматамі і прэміямі РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” за добрасумленную выніковую працу, асабісты ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў былі ўзнагароджаны механізатары, аграрыі, жывёлаводы і работнікі адміністрацыі СГФ “АграМілк”.
Музычныя віншаванні работнікам сельскай гаспадаркі дарылі артысты Дзятлаўшчыны – ансамбль “Заранка”, гурт “Бархат”, Сяргей Малышчык, Марына Міхалоўская, Арсеній Лішык, Алена Варабей, Людміла Маер, Чэслаў Свіб.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.