На пляцоўцы побач з Казлоўшчынскім Домам культуры адбылося свята “Каб памяталі” да 78-й гадавіны вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Для гасцей мерапрыемства ладзілася канцэртная праграма, працавалі тэматычныя пляцоўкі і атракцыёны.
Традыцыйна святкаванне пачалося з тэатралізаванага экскурсу ў гісторыю, у час якога ўзгадалі ахвяраў і герояў самай страшнай у гісторыі нашага народа Вялікай Айчыннай вайны. Сорак тры мясцовыя жыхары засталіся назаўжды на палях бітваў. А тыя, хто вярнуўся дадому з фронту, аднаўлялі жыццё на мірнай зямлі. Дзень пасёлка
Казлоўшчына – гэта не толькі памяць аб мінулым, але і адкрыты погляд у будучыню. З асаблівымі словамі прывітання і ўдзячнасці за нераўнадушша, ініцыятыўнасць і гаспадарлівасць у Год гістарычнай памяці да землякоў звярнуўся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка.
З пасялковай сцэны гучалі віншаванні на адрас юбіляраў, а таксама – самых пажылых і юных жыхароў пасёлка. Спонсарам грашовых сертыфікаў для самага старэйшага і юнага жыхара — стаў мясцовы прадпрымальнік Дмітрый Васільевіч Томчык.
Словы ўдзячнасці і пажаданні моцнага здароўя вядучыя адрасавалі самым вядомым блогерам Казлоўшчыны Яўгену і Ларысе Горбачам. Яны беражліва захоўваюць у сваім інтэрнэт-рэсурсе жывую гісторыю пасёлка і яго жыхароў.
Лепшыя песні гасцям свята дарылі артысты Дзятлаўшчыны Людміла Маер, Марына Міхалоўская, Уладзіслаў Ракуць, Ірына Бакшук і др.
Пасялковае свята наведаў народны духавы аркестр г.п. Наваельня і ВІА «Горячие сердца» з Дзятлава, цікавую і насычаную праграму прадствіў народны ансамбль песні «Зараначка» АКіД «Казлоўшчынскі Дом культуры».
У Доме культуры разгарэлася сапраўдная баталія – шахматны турнір пакаленняў паміж гульцамі са Слоніма і Дзятлава. Бурныя эмоцыі ў дзяцей выклікала паказальнае выступленне ратаўнікоў.
Свята пасёлка Казлоўшчына “Каб памяталі” прадоўжылася летняй дыскатэкай.
