Ратаўнікі Дзятлаўшчыны адзначылі юбілей пажарнай службы (+відэа)

Ратаўнікі Дзятлаўшчыны адзначылі юбілей пажарнай службы (+відэа)

28.07.2023 Выкл. Автор admin

           У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбыўся святочны канцэрт, прымеркаваны да 170-годдзя з дня ўтварэння пажарнай службы Беларусі.

Павіншаваць супрацоўнікаў і ветэранаў Дзятлаўскага РАНС з юбілейнай датай прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна на чале са старшынямі райвыканкама Андрэем Садоўскім і раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, супрацоўнікі сілавых структур.

– Паважаныя работнікі пажарнай службы! Ваша структура прайшла шлях у больш чым паўтара стагоддзя. Калі першапачаткова работа пажарных заключалася ў ліквідацыі пажараў, то сёння вы паспяхова можаце змагацца з усімі стыхіямі, якія існуюць, у тым ліку з аварыямі тэхнагеннага характару. Мы ганарымся тым, што ў 2022 годзе былі створаны сучасныя камфортныя ўмовы для вашай работы – пабудавана і адкрыта новае пажарнае дэпо ў Дзятлаве. Вы маеце ўсе неабходныя механізмы і тэхніку, здольны вырашаць любыя пастаўленыя задачы, – звярнуўся да прысутных Андрэй Садоўскі. – Хачу выказаць словы ўдзячнасці ветэранам, якія стаялі ля вытокаў утварэння пажарнай службы, і малодшаму пакаленню, якое дастойна прадаўжае закладзеныя традыцыі. З гэтай прафесіяй звязаны мужнасць і гераізм, няма больш моцных духам людзей, чым ратаўнікі, якія выратоўваюць людзей і дапамагаюць ім. Жадаю вам міру, дабрабыту, здароўя. Няхай як мага радзей гучаць сігналы пажарных сірэн.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў Падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага райвыканкама вадзіцелю ПАВП № 14 Арцёму Іванчыку, дыспетчару цэнтра аператыўнага кіравання аддзела Яўгену Пранюку, ветэранам пажарнай службы Сяргею Малышчыку, Івану Губко.

Да словаў віншавання далучыўся Аляксандр Бараноўскі:

– Вы дастойна несяце сваю службу, каб спакойна жылі вашы родныя, землякі, дзеці мелі бяспечнае дзяцінства. Шчырае дзякуй вам за вашу высакародную працу!
 Ён пажадаў ратаўнікам і іх сем’ям моцнага здароўя, «сухіх рукавоў», шчасця і дабрабыту.
Аляксандр Станіслававіч уручыў Падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў намесніку начальніка РАНС Аляксандру Беленку, начальніку ПАВП № 14 Дзянісу Болтачу.
Калектыў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях павіншаваў яго начальнік Сяргей Казушчык:
– Сённяшні дзень – даніна гісторыі, людзям, якія стваралі гэту службу ў далёкім 1853 годзе. Яны заклалі асновы традыцый, якія мы свята шануем. Прыклад іх мужнасці, самаадданасці ў ліквідацыі пажараў і выратаванні людзей – яркі ўзор служэння Радзіме. Вашы нашчадкі сёння дастойна нясуць службу дзеля росквіту сваёй роднай краіны.
Ад калектыву  Дзятлаўскага РАНС і сябе асабіста ён падзякаваў ветэранам пажарнай службы, якія з’яўляюцца заўжды жаданымі гасцямі на святочных мерапрыемствах.
З нагоды свята нагрудны знак МНС Рэспублікі Беларусь “Выдатнік” ён уручыў вадзіцелю ПАСП № 14 Юрыю Гізоўскаму. Чарговае спецыяльнае званне “старшы прапаршчык унутранай службы” было прысвоена вадзіцелю ПАВЧ № 1 Сяргею Бранкоўскаму; Падзяка начальніка абласнога упраўлення МНС аб’яўлена старшаму інжынеру аддзела Дзмітрыю Лянцэвічу, старшаму інструктару-ратаўніку ПАВЧ № 1 Дзмітрыю Ляўкевічу. Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС быў узнагароджаны старшы інструктар па кіраванні пажарнай машынай, вадзіцель Аляксандр Журскі, граматай упраўлення – старшы вадзіцель ПАВЧ № 1 Алег Конан.
Памятным нагрудным знакам “165 гадоў пажарнай службе», а таксама юбілейнымі медалямі “20 гадоў БГА “Ратаўнік” і “20 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” былі адзначаны супрацоўнікі і ветэраны Дзятлаўскага РАНС.
Віншавальны адрас ад прадстаўнікоў сілавога блока Дзятлаўшчыны агучыў начальнік раённага аддзела Дэпартамента аховы Сяргей Кулеш і ўручыў узнагароду Сяргею Казушчыку.
На працягу канцэрта музычныя падарункі ратаўнікам раёна дарылі Вольга Кузьма, Ала Чарняўская, Таццяна Дудкіна, Генадзь Суравец, Аксана Шэйна, Сяргей Малышчык, ансамбль “Лэйла”.