Равеснікі вызвалення. Марыя Барысевіч – шчырай душы чалавек

Равеснікі вызвалення. Марыя Барысевіч – шчырай душы чалавек

14.06.2024 Выкл. Автор admin

Сёлета ў рамках юбілейнай акцыі “Равеснікі вызвалення”, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчаці знаёміць нас з лёсамі землякоў, народжаных у шчалівым 1944 годзе, калі ў ходзе аперацыі “Баграціён” вораг быў выцеснены з тэрыторыі Беларусі, і наша краіна пачала мірнае адраджэнне народнай гаспадаркі.

Адна з такіх сустрэч адбылася ў вёсцы Белякі, куды павіншаваць з 80-гадовым юбілеем мясцовую жыхарку Марыю Барысевіч накіраваліся Іван Кашко, Святлана Венская, Ірына Бакшук.

“Равесніца вызвалення” чакала гасцей каля свайго дома. На выгляд яшчэ маладжавая, маленькага росту, добразычлівая жанчына, як праменьчык святла, вабіла да сябе. Як блізкіх і доўгачаканых людзей яна запрасіла работнікаў культуры ў свой утульны дом. Там іх чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз – такія ж добрыя, усмешлівыя, гасцінныя дочкі, зяці і ўнук Марыі Іванаўны. Яны не прапусцілі юбілейны дзень нараджэння, з кветкамі і смачнымі тортамі з’ехаліся павіншаваць сваю любімую мамачку.

Для імянінніцы ў гэты дзень прагучала шмат шчырых, цёплых пажаданняў: здаровага даўгалецця, міру і дабрабыту, выдатнага настрою і невычэрпнай энергіі, каб сваёй дабрынёй яна яшчэ многія гады сагравала блізкіх і сяброў.

Марыя Іванаўна падзякавала артыстам за яркую музычную паштоўку і адметны дзень нараджэння, а яшчэ згадзілася расказаць пра свой няпросты лёс. Нарадзілася “равесніца вызвалення” ў беднай сялянскай сям’і. Калі дзяўчынцы было ўсяго пяць гадоў, заўчасна памёр бацька, з братам яны засталіся “на руках” у маці. Даводзілася шмат працаваць у полі і па гаспадарцы, а вечарамі займацца ткацтвам, пашывам адзення. Лёс вымусіў дзяўчыну вучыцца ўсяму вельмі хутка, і ў Беляках Марыя Іванаўна праславілася як умелая краўчыха.

Замуж выйшла за мясцовага хлопца Мікалая, які працаваў трактарыстам. Нарадзілі і выгадавалі дзвюх цудоўных дачок.

Усё жыццё юбілярка адпрацавала ў калгасе на розных участках, апошнія 25 гадоў была малаказборшчыцай. У 57 гадоў стала ўдавой, але засталася надзейнай апорай для сваіх дзяцей.

Сям’я Барысевічаў заўжды трымала вялікую гаспадарку, разводзілі авечак. Дзяўчаты шмат вольнага часу праводзілі на палях, выпасваючы жывёлу. Жылі, спадзеючыся на сябе, на вынікі працы.

Марыя Іванаўна даўно на заслужаным адпачынку, яе радуюць 5 унукаў і 6 праўнукаў.

На пытанне, чаго жадае маладому пакаленню, “равесніца вызвалення” адказала:

– Міру, шчасця і каб былі ўдзячнымі Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тое, што ён дастойна клапоціцца аб бяспецы нашага народа. Усё пазнаецца ў супастаўленні. Старэйшае пакаленне, якое вырасла ў горы, беднасці, нястачы, як ніхто іншы, ведае сапраўдную цану дабрабыту, мірнага і шчаслівага жыцця.

Ад шчырага сэрца творчы калектыў сектара на развітанне пажадаў Марыі Іванаўне і яе цудоўнай сям’і, каб і з імі заставаліся мір, спакой, здароўе, бадзёрасць духу на доўгія гады.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.