Прэм’ера фільма “Культурны код” у Дзятлаве

Прэм’ера фільма “Культурны код” у Дзятлаве

05.09.2024 Выкл. Автор admin

5 верасня ў кінатэатрах па ўсёй Беларусі праходзіць паказ новай нацыянальнай карціны.

Разам з галоўнымі героямі фільма гледачам прапануецца адказаць на пытанне, у чым культурны код беларусаў.

На першы прагляд фільма ў кінатэатры “Спадарожнік” у Дзятлаве сабраліся прадстаўнікі раённай улады, работнікі працоўных калектываў, педагогі школ.

Кінастужка “Культурны код” – гэта фільм змешанай формы, гульнявой і дакументальнай адначасова. Па сюжэце двое маладых студэнтаў выпускнога курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў – аператар Ваня і рэжысёр тэлебачання Ліза атрымліваюць ад майстра курса творчае заданне зняць у якасці дыпломнай работы дакументальны фільм пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. У працэсе здымак студэнты не толькі даведваюцца пра гісторыю і значэнне нацыянальных сімвалаў, але і ўсведамляюць усю іх важнасць для беларускага народа.

Вытворчасцю карціны займалася кінастудыя “Беларусьфільм”, рэжысёрам выступіў Кірыл Халецкі. Галоўныя ролі выканалі акцёры Уладзіслаў Соладаў і Дар’я Лазарчык. Фільм мае ўзроставае абмежаванне 12+. Гэта дазваляе нават школьнікам паглядзець яго і паглыбіцца ў гісторыю нашых дзяржаўных сімвалаў. Аднак фільм будзе цікава ўбачыць людзям усіх узростаў. Нягледзячы на невялікі хранаметраж, у творчай каманды атрымалася стварыць захапляльную мастацкую гісторыю з хранікальнымі элементамі. Аўтары ўпэўнены, што ў гэтай карціне кожны глядач убачыць нешта ўласнае і па-свойму разгадае культурны код беларусаў.

Гледачы прэм’ернага сеанса кінафільма “Культурны код” у Дзятлаве падзяліліся сваім меркаваннем ад стужкі.

Вольга Жэлезоўская, намеснік старшыні райвыканкама:

– Фільм вельмі спадабаўся, уразіў і выклікаў яркія эмоцыі. У кароткі час – 35 хвілін – рэжысёры змаглі закласці аснову нашай дзяржаўнасці, сэнс сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Ідэалагічная работа, асабліва з моладдзю, – надзвычай тонкая і складаная матэрыя. Мяркую, дадзеная кінастужка стане добрым дапаможнікам у выхаванні маладога пакалення, бо аўтары змаглі зацікавіць і расказаць даступна аб тым, што важна для кожнага беларуса. Многія маладыя людзі і не толькі яны змогуць у гэтым фільме знайсці адказы на тыя пытанні, над якімі раней нават не задумваліся: чаму колеры Дзяржаўнага сцяга гэтыя, а не інакшыя, што ўтрымлівае Дзяржаўны герб і чаму ў Дзяржаўным гімне менавіта такія словы? Вельмі трапна ў фільме адзначана пра таленавітую беларускую моладзь, якая вучыцца на “выдатна”, каб потым быць патрэбнай у сваёй роднай краіне.

Марына Сербін, намеснік дырэктара гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– Адразу адкажу на пытанне, якое да пачатку прэм’еры прапанавалі гледачам самі рэжысёры. Культурны код нашай краіны – у маладым пакаленні, якое любіць сваю Айчыну, цэніць усё сапраўднае, сённяшняе, здабытае для нас продкамі. Фільм спадабаўся змястоўнасцю і лаканічнасцю: за паўгадзіны мы ўзгадалі ўсю гісторыю станаўлення нашай дзяржаўнасці. Гэту кінастужку адназначна можна рэкамендаваць навучэнцам школ, у тым ліку нашай гімназіі, каб дзеці разумелі сэнс дзяржаўных сімвалаў і тое, як важна нам берагчы сваю краіну, жыць, расці і ствараць, дасягаць вышыняў у роднай Беларусі.

Ілья Каваленка і Аляксандр Бурба, спецыялісты па камп’ютарызацыі Дзятлаўскай ЦРБ:

– Фільм адназначна спадабаўся: пастаноўка, сюжэт, работа рэжысёра, аператараў, акцёраў на высоким узроўні. Цікавыя сцэны, пераходы. Кінастужка з аднаго боку, пра надзвычай сур’ёзныя, афіцыйныя рэчы – сімволіку Рэспублікі Беларусь, з другога боку, карціна лёгкая для ўспрымання, не зацягнутая. Цікава было ўзгадаць гісторыю і даведацца нешта новае. Аднак ёсць ісціны, якія ўсе гледачы ведалі і без падказкі: калі загучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, уся глядзельная зала без падказкі ўстала, аддаючы даніну павагі сваёй краіне і яе сімвалам.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.