“Праменьчыку” – 15 гадоў. Цудоўна там, дзе ёсць сябры і дабрыня

“Праменьчыку” – 15 гадоў. Цудоўна там, дзе ёсць сябры і дабрыня

22.11.2024 Выкл. Автор admin

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла ўрачыстасць з нагоды 15-годдзя аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў “Праменьчык” – маленькага юбілею, але значнай даты для ўсіх яго наведвальнікаў.

Па рашэнні райвыканкама 1 снежня 2009 года аддзяленне было адкрыта на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Паўтара дзесяцігоддзя – нядоўгі час, аднак яго спаўна хапіла, каб аб’яднаць сяброўствам і агульнымі інтарэсамі, акружыць клопатам і дапамогай 45 маладых людзей раёна з абмежаванымі магчымасцямі. А калі побач ёсць спецыялісты-прафесіяналы, нераўнадушныя і спагадлівыя людзі, то будзе і вынік.

Сёння пра наведвальнікаў аддзялення можна сказаць, што яны актыўныя і таленавітыя, старанныя і працавітыя – пра гэта гасцям свята нагадала выстава творчасці ў фае цэнтра, карціны і экспанаты якой былі намаляваны і зроблены ўмелымі рукамі нашых асаблівых землякоў.

З яркага і пранікнёнага выступлення наведвальніка аддзялення Алега Беляка – песні “Малітва маці” – пачалася сама ўрачыстасць. Увогуле, сустрэча была багатя на цёплыя шчырыя словы, пажаданні, прыемныя падарункі, музычныя нумары.

– Юбілейная дата аб’яднала не толькі ўдзельнікаў аддзялення, але і ўсіх, хто нераўнадушны да іх лёсаў і падтрымлівае на шляху развіцця, – звярнуўся з віншаваннем намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка. – Асаблівыя людзі з аддзялення не проста ўмеюць жыць, а дасягаюць поспехаў у самых розных сферах, аб чым сведчаць іх шматлікія ўзнагароды: дыпломам ІІІ ступені Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў “Віцебск-2024” адзначаны Алег Бяляк, дыпломам І ступені і медалём упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама за спаборніцтвы па дартсе – Анатоль Кець, дыпломам ІІ ступені і медалём упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама за спаборніцтвы па пенальці Кірыл Уласевіч, дыпломам І ступені ў раённых спаборніцтвах па гарадошным спорце – Таццяна Рэгіневіч, дыпломам І ступені ў першынстве Дзятлаўскага раёна па дартсе – Аляксандр Палякоў, а ІІ ступені – Аляксандра Паўлусенка, дыпломам І ступені ў першынстве Дзятлаўскага раёна па шашках – Яўген Гайдук, а дыпломамі ІІ і ІІІ ступеняў – Іуліянія Шах і Таццяна Валчкевіч, граматай за актыўны удзел у патрыятычнай зарніцы – каманда аддзялення “Пунсовыя ветразі”. Сіла духу і сардэчная шчодрасць прыводзяць вас у валанцёрскую работу, вы ўносіце важкі ўклад і ў грамадскае жыццё раёна, паспяхова рэалізуючы сацыяльныя і дабрачынныя праекты, удзельнічаючы ў выставах і фестывалях. Мужнасць, вытрымка, аптымізм дапамагаюць вам перамагаць жыццёвыя цяжкасці, а ваша актыўная грамадзянская пазіцыя – дастойны прыклад для іншых.

Асаблівыя словы ўдзячнасці ад імя Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Бялятка адрасаваў тым спецыялістам раёна, хто займаецца рэабілітацыяй і сацыяльнай адаптацыяй людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама тым, хто клапоціцца аб асаблівых дзецях, дапамагаючы ім вырасці адукаванымі, запатрабаванымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні. Ён пажадаў усім дзятлаўчанам, якія маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы, і тым, хто нераўнадушны да іх і іх праблем, – шчасця, дабрабыту, веры ў свае сілы і спаўнення мараў.

Вадзім Бялятка ўручыў аддзяленню ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” грашовы сертыфікат на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

З падарункам да цёплых віншаванняў далучыліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель, а таксама першая загадчыца “Праменьчыка”, цяпер дырэктар ЦСАН Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава іерэй Аляксей Сцепановіч.

Прагарталі і старонкі гісторыі: да ўтварэння “Праменьчыка” доўгі час функцыю аддзялення выконвала раённае таварыства ГА “БелТІ”, якім на той час кіравала Валянціна Берднікава. Яна адкрыла асаблівым юнакам і дзяўчатам Дзятлаўшчыны шлях на міжнародны фестываль у горадзе Віцебску, заўжды падтрымлівала іх таленты і ўменні. Памяць Валянціны Юльянаўны ўшанавалі хвілінай маўчання.

Як шчодрае сонца, на працягу 15 гадоў дарылі сваю дабрыню асаблівым людзям з аддзялення “Праменьчык” іх спонсары, хаця лепш тут падыходзіць словазлучэнне – надзейныя сябры. Іх нямала. Са сцэны прагучалі дзясяткі назваў установаў і арганізацый раёна, імёнаў прыватных прадпрымальнікаў і проста нераўнадушных дзятлаўчан, безумоўна, у гэтым спісе былі і ўсе грамадскія арганізацыі Дзятлаўшчыны. Тыя прадстаўнікі, якія змаглі ў працоўны дзень прыйсці на свята, падняліся на сцэну з падарункамі і віншаваннямі.

Сардэчна падзякавалі з нагоды юбілею ўсім спецыялістам “Праменьчыка” і загадчыцы аддзялення Алене Калюцік за іх сумленную працу, прафесіяналізм, шчодрыя сэрцы.

Святочны настрой і душэўныя песні ўдзельнікам урачыстасці дарылі Алег Бяляк, Віталь Крэйдзіч, Ульяна Лукашэня, Анастасія Паўлючэнкава, Ала Чарняўская, Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, група “Бархат”.

Скончылася юбілейная сустрэча на прыемнай ноце: кожнаму з асаблівых людзей уручылі падарунак ад Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” і запрасілі на святочнае чаяванне.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.