
Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжаецца
Іван Пятраш: “Я душой прыкіпеў да вёскі”
Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі землякамі і роднымі мясцінамі.
На гэты раз артыстка сектара Ірына Бакшук завітала да свайго калегі – мастацкага кіраўніка Раклевіцкага дома культуры, старасты вёсак Заполле, Курпешы і аграгарадка Раклевічы Івана Петраша.
Іван Альфонсавіч з тых людзей, пра якіх у народзе кажуць: “І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”, бо ўмее і старанна працаваць, і прыгожа песні спяваць. На малой радзіме (ён ураджэнец вёскі Заполле), у нашым і суседніх раёнах Івана Петраша ведаюць па выступленнях народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі” (раней –“Прымакі”), бо наш зямляк з моманту заснавання ўваходзіць у склад гэтага многімі любімага калектыву. За грамадскую актыўнасць і работу ў галіне культуры Дзятлаўшчыны ў асабістай скарбонцы Івана Альфонсавіча дзясяткі ўзнагарод рознага ўзроўню: дыпломы, граматы, Падзячныя лісты. Учас гастрольных тураў з “Суседзямі” яму пашчасціла пабываць у Анапе і двойчы з’ездзіць на “Славянскі базар” у Віцебск.
Музычны талент дастаўся Івану ад бацькоў, праўда, яны не былі артыстамі – працавалі на ўласнай гаспадарцы і ў калгасе, але цудоўна спявалі. Калі ў Заполлі праходзілі народныя святы, на вуліцы абавязкова чуліся песні і гукі гармоніка. Таму пасля заканчэння ў 1973 годзе Раклевіцкай сямігодкі перад Іванам Петрашом не стаяла пытанне, кім стаць: юнак цвёрда ведаў, што хоча прысвяціць сваё жыццё рабоце ў сферы культуры. Ён паступіў у Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча, пасля якога вярнуўся працаваць на Дзятлаўшчыну, а ў 1977-1979 гадах адслужыў тэрміновую службу ў арміі.
Першыя крокі ў прафесію Іван Альфонсавіч зрабіў у Раготне, дзе маладога спецыяліста прызначылі дырэктарам мясцовага дома культуры, а ў 1987 годзе вырашыў перавесціся ў Раклевіцкі СДК, бліжэй да роднай вёскі. Тут працаваў на пасадах дырэктара і мастацкага кіраўніка, нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Іван Пятраш не здрадзіў свайму прызванню і прадаўжае дарыць землякам песні і добры настрой.
Безумоўна, артыст, асабліва сельскі, заўсёды на вачах у людзей. Ён не толькі выступае на сцэне, але і завітвае на падворкі землякоў у час святаў вёсак, асабістых юбілеяў вяскоўцаў, у іншыя знамянальныя даты. Такі чалавек цудоўна ведае мясцовых жыхароў, іх клопаты і праблемы, ды і людзі ведаюць яго, заўсёды сустракаюць як жаданага госця. Нездарма ў 2002 годзе на вясковым сходзе менавіта кандыдатура Івана Альфонсавіча была прапанавана і падтрымана пры выбары старасты адразу дзвюх вёсак і аграгарадка.
З таго часу мінула амаль два дзесяцігоддзі. Для гісторыі невялікіх населеных пунктаў гэта значны адрэзак часу, асабліва цяпер, калі актыўна ідзе ўрбанізацыя і маладое пакаленне выязджае ў гарады.