
Пазнавальная і карысная сустрэча
Пазнавальнай, актыўнай і карыснай выдалася сустрэча ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, якая праходзіла ў рамках Сусветнага дня здароўя.
Аб аздараўленчай практыцы цыгун, скіраванай на ўмацаванне цела і разумовай дзейнасці, людзям “залатога” ўзросту расказала кіраўнік гуртка “Здароўе”, які працуе на базе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Алена Дацкевіч. Арганізаваць “Хвілінку здароўя” для клуба “Нам гады не бяда” і аматарскага аб’яднання “Мудрыя сэрцам” яе запрасіла загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская. Госця патлумачыла прысутным, як лепш харчавацца ў сталым узросце, колькі вады ўжываць, якіх напояў пазбягаць наогул, колькі рухацца, прапанавала некалькі простых практыкаванняў гімнастыкі цыгун на кожны дзень для бадзёрасці і аздараўлення арганізма.