
Не прадаецца хата бацькоў
Аб гэтых спрадвечных каштоўнасцях спяваў на сцэне Палаца культуры горада Оршы наш зямляк Уладзіслаў Ракуць.
Ён стаў лаўрэатам 3 ступені рэспубліканскага фестывалю-конкурсу патрыятычнай песні “Сэрцам прыхільныя”, які штогод праходзіць на Віцебшчыне пад эгідай Міністэрства культуры Беларусі.
Па выніках завочнага этапу ў фінал конкурсу прайшлі 160 лепшых выканаўцаў з усёй Беларусі, Смаленска, Вялікага Ноўгарада (Расійская Федэрацыя). Уладзіслаў Ракуць прадставіў Дзятлаўшчыну ў намінацыі “Вакал-сола (эстрадны)” у катэгорыі аматараў. Натхнілі самадзейнага артыста на ўдзел у конкурсе, дапамаглі падрыхтавацца да яго і суправаджалі ў час гала-канцэрта спецыялісты аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Так персанальнае дасягненне спевака стала перамогай цэлай каманды аднадумцаў.
– Мы ўпершыню рашыліся заявіцца ў такім прэстыжным конкурсе, які праводзіць Міністэрства культуры, – расказвае загадчыца аддзела метадычнай работы Марына Лукіянец. – Для ўдзелу ў завочным этапе трэба было адправіць заяўку і відэазапіс песні канкурсанта. Праз два тыдні атрымалі званок, што наш удзельнік прайшоў у фінал і будзе выступаць у гала-канцэрце. Для гэтага мы пераадолелі 400 кіламетраў да Оршы пры складаных умовах надвор’я, але ўсё было недарэмна. Вярнуліся з перамогай! Рада, што конкурсная камісія пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Саладухі высока ацаніла выступленне нашага ўдзельніка.
Уладзіслаў Ракуць даўно захапляецца эстраднымі спевамі, неаднойчы за гэты год удзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх песенных конкурсах, такіх як “Новыя імёны” і “Зорны шлях”, але перамога ў фестывалі “Сэрцам прыхільныя” стала для яго прыемным сюрпрызам.
– Я атрымаў свой каштоўны прыз ужо ў час выступлення, бо для мяне працэс важнейшы за вынік, – прызнаецца Уладзіслаў. – Выдатная арганізацыя мерапрыемства, “цёплая” глядацкая аўдыторыя (прымалі выдатна, амаль як на роднай сцэне), душэўная атмасфера – дзякуючы ўсяму гэтаму было сапраўднай асалодай выступаць там. Акрамя гэтага, сустрэў на канцэрце сваіх даўніх знаёмых, людзей, якія ў час службы ў арміі вучылі мяне вакалу. У маёй катэгорыі канкурэнцыя была сур’ёзная, тым большай прыемнасцю стала пачуць сваё імя ў ліку лаўрэатаў.
– Чаму ў якасці конкурснага нумара выбралі песню “Хата бацькоў”?
– Гэта песня беларускага калектыву “Дразды” магутная, кранальная і, безумоўна, патрыятычная. Бо, куды б нас ні завяла жыццёвая дарога, для кожнага малая радзіма, бацькоўская хата – гэта вялікая каштоўнасць, наш скарб, які не вымяраецца ніякімі грашыма ў свеце. На канцэрце ў Оршы я спяваў пра сваю родную Дзятлаўшчыну.
– Ці часта цяпер выступаеце на сцэне?
– Апошнім часам больш спяваю для душы, у коле сяброў. Калі-нікалі дапамагаю знаёмым з Дома культуры: выступаю на раённых мерапрыемствах, зрэдку ўдзельнічаю ў калектывах “Бахталачы” і “Гарачыя сэрцы” як саліст.
– На якой сцэне і з якой кампазіцыяй хацелася б выступіць у будучыні?
– Для мяне не мае значэння выходзіць на раённую, рэспубліканскую або міжнародную сцэну. Галоўнае, каб гледачы добра прымалі і песня, якую выконваю, ішла ад душы. Вельмі хачу ў бліжэйшы час праспяваць новую кампазіцыю гурта “Дразды”, якая называецца “Мама”, таксама па-беларуску. Першы раз я сам слухаў яе са слязамі на вачах, спадзяюся, яна не пакіне раўнадушнымі і тых, хто пачуе яе ў маім выкананні.