Людзі працы. І слава, і гонар. Лідары жніўнага сезона ААТ “Дварэц-Агра”

Людзі працы. І слава, і гонар. Лідары жніўнага сезона ААТ “Дварэц-Агра”

05.08.2024 Выкл. Автор admin

Пакуль жніво-2024 папаўняе засекі нашай краіны хлебам новага ўраджаю, памнажаюцца і дасягненні яго ўдзельнікаў.

Кожнае новае ўшанаванне тысячнікаў – гэта нагода праславіць людзей працы, сказаць ім шчырае дзякуй за нялёгкую, адказную і вельмі пачэсную справу – карміць краіну і свой народ.

На гэты раз узнагародаў і самых добрых, цёплых словаў удастоіліся механізатары ААТ “Дварэц-Агра”, якія намалацілі або перавезлі са жніўнага поля свае чарговыя тысячы тон збожжа. У раёне ведаюць, што ў гаспадарцы працуе моцны механізатарскі састаў, сапраўдныя прафесіяналы. Надзейнае “плячо” аграрыям падстаўляе ААТ “Молочный Мир”. Сёлета зерневымі культурамі тут засеяна 2266 гектараў, уборачная кампанія ідзе ўпэўненымі тэмпамі, на жаль, карэктывы час ад часу ўносіць надвор’е.

Чарговы дождж “не пусціў” камбайны ў поле, аднак з’явілася магчымасць для прыемнай сустрэчы ў Дварэцкім доме культуры.

Павіншаваць лідараў уборачнай сюды прыехалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. У Дварцы да іх далучыліся дырэктар гаспадаркі Аляксандр Лесюкоў, галоўны спецыяліст Аляксандр Сачык і творчы калектыў мясцовага Дома культуры.

 

– Сем дыпломаў старшыні райвыканкама і раённага прафсаюза работнікаў АПК атрымліваюць механізатары ААТ “Дварэц-Агра”. Гэта дастойны вынік, – звярнуўся да работнікаў Андрэй Садоўскі. – Яшчэ ёсць магчымасць яго істотна памножыць. Крыху перашкаджае надвор’е, таму я жадаю, каб яно было ясным і на палетках, і ў сем’ях, каб усё ладзілася, здароўя вам, міру, дабра.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў тысячнікам заслужаныя ўзнагароды. Імі адзначаны старшыя камбайнеры Сяргей Радзюк, Аляксандр Кастусік, Вячаслаў Кастусік, камбайнавы экіпаж Андрэя Ляўкевіча і Сяргея Ляўкевіча, вадзіцелі Васіль Жых, Сяргей Лагута, Дзмітрый Маліка.

– Віншую з працоўнымі перамогамі, грашовыя падарункі прыйдуць вам на карткі, – далучыўся да ўшанавання Уладзімір Казак. – Шчыра жадаю вам далейшых поспехаў. Ад прафсаюза прывёз для вашай тэхнікі наклейкі “Лідар працоўнага спаборніцтва”, каб і іншыя ведалі пра вашы дасягненні.

– Частка напружанай работы ўжо зроблена, шмат яе яшчэ наперадзе, бо, акрамя жніва, нас чакае сяўба азімых, – звярнуўся да механізатараў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Лесюкоў. – Ад вашай працы і яе плённай арганізацыі залежыць дабрабыт усёй гаспадаркі. Жадаю вам захаваць баявы запал і настрой, зберагчы здароўе і сілы. Прыміце ад нашай арганізацыі яшчэ і карысныя падарункі.

Ёсць хлеб на стале, значыць, будуць гучаць і душэўныя песні. Свае музычныя віншаванні тысячнікам адрасавалі артысты. Кожнаму паспяховаму механізатару яны ўручылі прыгожыя снапкі з калосся новага ўраджаю як сімвал таго, што шчырая праца ўпрыгожвае чалавека, прыносіць яму дабрабыт, плён і добрую славу. Пакуль на палетках працуюць прафесіяналы, будзе ліцца ў засекі золата палёў, на стале ў кожным доме будзе свежы духмяны каравай – сімвал жыцця і дастатку.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.