
З іскрынкай гумару – да любой справы
Шмат пазітыву і станоўчых эмоцый гасцям дзятлаўскіх “Дажынак” падарыла жартоўная сельскагаспадарчая эстафета.
Яе ўдзельнікамі сталі каманды КСУП “Жукоўшчына” і адкрытых акцыянерных таварыстваў “Граніт-Агра”, “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”.
Вясёлых спартсменаў чакалі жартоўныя выпрабаванні “Размінка”, “Перанясі мёд”, “Ламбада”, “Апрані гарбуз”, “Медзведзяняты-хадакі” . Удзельнікі прайшлі іх са спартыўным стараннем і іскрынкай гумару. За вясёлых спартсменаў хварэлі іх калегі з групаў падтрымкі. І тыя, і другія атрымалі вялікае задавальненне ад працэсу.
Яшчэ адным прыемным момантам стала ўзнагароджанне пераможцаў дыпломамі і грашовымі прызамі. “Лаўры” за першае месца дасталіся камандзе камбіната хлебапрадуктаў, другое занялі спартсмены з Жукоўшчыны, на трэцяй пазіцыі замацавалася каманда “Алгоні”, гранітаўцам дастаўся прыз сімпатый гледачоў.