
Зберагчы кожнае зярнятка (+відэа)
– ААТ “Граніт-Агра” заўжды славіцца выдатнымі вытворчымі вынікамі, высокай культурай земляробства. У гэты дзень хочацца пажадаць вам дабрабыту, удачы, камбайнерам – шмат тысяч намалоту, каб дастойна завяршыць справу, распачатую вашымі калегамі. Бо да таго выніку, які вы сёння маеце, прыклалі руку ўсе работнікі гаспадаркі: агранамічная служба, механізатары, людзі, якія своечасова рабілі працэдуры па доглядзе палёў. Ваша задача сёння – сабраць максімум ураджаю, вырашчанага на палетках. Удачы вам, поспехаў. У добры шлях!
Да словаў віншавання далучыліся старшыня Данілавіцкага сельскага савета Ганна Жых і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік. Яны пажадалі аграрыям плённай працы, добрага надвор’я, дабрабыту ў сем’ях і міру на зямлі.
Расказалі аб асаблівасцях сёлетняй уборачнай кампаніі, павіншавалі калег па працы галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Алена Майсейчык і галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Падліпскі.
– Жадаю вам сіл, цярпення, моцнага здароўя і ўдачы ў час сёлетняй уборачнай кампаніі, – звярнулася да прысутных Алена Іванаўна. – Гэты сельскагаспадарчы год сапраўды пачаўся ў экстрэмальных умовах, і сёння толькі ад вас залежыць, што патрапіць у амбар. Прашу вас з усёй адказнасцю паставіцца да сваёй задачы, зберагчы кожнае зярнятка. Сёлета нямала камбайнераў селі за руль гэтай вялікай машыны ўпершыню. Ад усёй душы жадаю, каб хлебаробная справа стала справай усяго вашага жыцця , прыносіла шчасце, задавальненне і дастойны даход.
Спецыяльна да свята “Зажынак” былі выпечаны вялікія караваі і здобныя кексы, якімі пачаставалі ўсіх гасцей.
Памаліліся за добры ўраджай і асвяцілі сельскагаспадарчую тэхніку настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Валерый Мануйла і ксёндз-магістр Алег Жураўскі.
Урачысты старт дадзены, наперадзе – гарачая пара жніва. Сёлета аграрыям Дзятлаўшчыны належыць сабраць ураджай з 23 000 гектараў пасяўных плошчаў, зрабіць свой важкі ўклад у беларускі каравай.