Захавальніца “залацінак мудрасці народнай”
Свае маршруты па Дзятлаўшчыне і сустрэчы з цікавымі людзьмі прадаўжае праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
На гэты раз шчырыя віншаванні ад творчага калектыву прымала 90-гадовая юбілярка з вёскі Лагуны, мудрая і цікавая жанчына Наталля Жамойдзік. Сустрэча атрымалася такой жа цёплай і яркай, як сонечны ліпеньскі дзень, у які да імянінніцы завіталі артысты. Для Наталлі Канстанцінаўны гучалі лепшыя песні і пажаданні – бадзёрага даўгалецця, шчасця, міру, дабрабыту, радасці на кожны дзень.
Доўгажыхарка падзялілася з гасцямі цікавымі ўспамінамі з жыцця і асабістым сакрэтам даўгалецця. Нарадзілася яна ў Вензаўцы ў беднай сялянскай сям’і, гадавалі дзяўчынку бабуля і мама – Марыя Фомаўна Бамбер. Бацька пакінуў сям’ю, калі Наталлі быў адзін год. Жанчынам даводзілася цяжка, таму Наташа з дзяцінства пасвіла чужых кароў. Гэта ёй не вельмі падабалася, вось і марыла хутчэй вырасці, каб заняцца больш прыемнымі справамі. Тым не менш, вясковая дзятва заўсёды знаходзіла сабе хвілінку для забаваў і сумесных гульняў, многія з іх былі цесна звязаныя з сялянскім побытам і патрэбамі. Напрыклад, і сёння Наталля Канстанцінаўна памятае старадаўнюю дзіцячую “замову”, якую яны з сябрамі крычалі, гледзячы ў неба, калі доўга не было дажджу і агароды, сады, палеткі пакутавалі ад невыноснай спёкі:
– Дожджык, дожджык, секані!
Мы паедзем на кані
Богу маліцца, Хрысту пакланіцца.
Бо я ў Бога сірата – адкрывайце варата
Ключыкам, замочкам, шаўковым платочкам.
Здаралася, што прырода нібыта чула гэтыя сціплыя дзіцячыя просьбы, і праз некаторы час праходзіў спорны дожджык.
Сярод яркіх успамінаў дзяцінства ёсць і яшчэ адно: Наталля вельмі любіла вымешваць цеста на хлеб і пірагі. Працэс гэты прыносіў дзяўчынцы вялікае задавальненне, таму яна не ўпускала магчымасці дапамагчы дарослым. Маці ж потым сама выпякала духмяныя боханы, бо Наташа была невысокай, ёй цяжка было самой “пасадзіць” хлеб у печ.
Дзяўчынка расла, прыгажэла і хутка ператварылася ў прывабную дзяўчыну.
– Жыццё маё ў маладосці было беднае, але вясёлае, – расказвае юбілярка. – Спяваць я не вельмі любіла, а вось танцаваць магла да раніцы без перадыху, асабліва падабалася полька. Вось і з будучым мужам Віктарам мы пазнаёміліся на танцавальнай пляцоўцы, пазней на яе месцы пабудавалі клуб. Віктар, малады калгасны трактарыст, запрыкмеціў мяне, пачаў запрашаць танцаваць, а я і рада, бо ён мне таксама спадабаўся.
Так праз некаторы час склалася маладая сям’я, разам Наталля і Віктар выгадавалі двух сыноў. Малодшы Аляксандр часта наведвае родны дом, радуюць бабулю два ўнукі, якія жывуць і працуюць у Мінску. Прыязджаюць яны рэдка, але рэгулярна тэлефануюць.
У 1955 годзе ў Вензаўцы адкрыўся фельчарска-акушэрскі пункт і Наталля Канстанцінаўна пайшла туды санітаркай, адпрацавала да 1982 года, потым доўга даглядала хворага свёкра.
Менавіта працавітасць, цярпенне, любоў да людзей, да роднай зямлі Наталля Канстанцінаўна лічыць складальнікамі свайго даўгалецця.
Расказала доўгажыхарка гасцям і пра свае простыя, спакойныя захапленні. У вольныя хвілінкі яна любіла вязаць кручком рэчы сабе і дзецям, шыла адзенне, вышывала. Больш за ўсё Наталлі Канстанцінаўне падабалася вышываць крыжыкам навалачкі на маленькія дэкаратыўныя падушкі. Іх яна нават дарыла сваякам і знаёмым. Усё жыццё жанчына любіла жывёлін, таму і цяпер у яе дома ёсць лагодныя і пяшчотныя каты Мурка і Рамашка, верны вартаўнік – сабака Тузік, якія напаўняюць вясковыя будні прыемнымі эмоцыямі. А яшчэ Наталля Жамойдзік здзівіла сваіх гасцей вершамі, прыказкамі, прымаўкамі, якія памятае і можа расказаць вельмі шмат. Асаблівая каштоўнасць гэтых “залацінак мудрасці народнай” у тым, што многія з іх існуюць ужо больш за стагоддзе і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Калектыву сектара імянінніца расказала вялікі гумарыстычны верш павучальнага зместу, які пачула ад сваёй матулі. Векавы твор у жартоўнай форме апісвае адносіны паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі, а дакладней, за што зяць цесця паважаў, а цешчу недалюбліваў. На пытанне, якімі павінны быць узаемаадносіны ў сям’і, юбілярка адказала проста і мудра:
– Бацькам трэба выхоўваць сваіх дзяцей правільна: з маленства прывучаць іх да працы, трымаць у строгасці, каб была дысцыпліна, каб дзеці ведалі, што браць чужое і падманваць – гэта грэх.Толькі тады людзі будуць паважаць такіх бацькоў і іх дзяцей.
Сучаснаму пакаленню Наталля Жамойдзік таксама адрасавала свае пажаданні:
– Моцнага здароўя ўсім людзям і міру на Зямлі, а нашаму Прэзідэнту – вялікі дзякуй за тое, што моцна трымае мір у руках.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.