“Для нас прафесій няма прыгажэй”

“Для нас прафесій няма прыгажэй”

10.10.2024 Выкл. Автор admin

Урачыстасць пад такой назвай прайшла ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці для самых крэатыўных, яркіх, поўных натхнення спецыялістаў, якія дораць людзям песні, вершы, пазітыўныя эмоцыі і добры настрой.

Яшчэ ў фае ўстановы госці акуналіся ў святочную атмасферу. Для ветэранаў галіны тут ладзілася цёплае чаяванне, работнікі культуры і іх госці маглі пафатаграфавацца на памяць у прыгожай фотазоне. Гучалі шчырыя словы віншаванняў, пажаданні.

Прадоўжылі яны гучаць і са сцэны.

– Нягледзячы на ўласнае прафесійнае свята, вам даводзіцца выступаць, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Дзень работнікаў культуры адзначаецца вельмі шырока на ўзроўні раёна, вобласці, рэспублікі, аднак і ні адно іншае свята не абыходзіцца без вас. У гэтай зале работнікі Дамоў культуры, бібліятэк, музея, школ мастацтваў – настолькі шматгранная сфера культуры. Вы захавальнікі нематэрыяльных каштоўнасцяў, якія перадаяце наступным пакаленням. Жадаю вам творчых поспехаў, заўжды адчуваць падтрымку ад сваіх гледачоў, а мы, органы ўлады, гатовы вас падтрымаць. Міру вам, дабрабыту, поспехаў, дзякуй за працу!

Ганаровай граматай райвыканкама былі адзначаны педагог Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Юрый Жданюк, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева, педагог Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Цыгель і дырэктар гэтай установы Ала Барысенка, дырэктар раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская. Падзячныя лісты старшыні райвыканкама атрымалі спецыялісты Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Ларыса Ёда, Святлана Сербін, Марына Лапушка, Алена Вялічка, намеснік дырэктара Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Цыгель, загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Іван Кашко, вадзіцель Цэнтра культуры Ігар Гайдук, кіраўнік народнага хора ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка.

Падарачныя грашовыя сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы кіраўнік раёна ўручыў Дзятлаўскай і Новаяльнянскай дзіцячай школам мастацтваў, а таксама народнаму хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”.

Эстафету віншаванняў прадоўжыў галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Аляксей Якаўчык. Ён пажадаў установам удзячных наведвальнікаў, педагогам – таленавітых і паспяховых вучняў, усім – здароўя, шчасця, дабрабыту і ўручыў граматы сектара культуры райвыканкама.

Падарункі раённых грамадскіх арганізацый “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын” атрымалі Алена Хрышчановіч, Таццяна Палуносік, Наталля Салата, Ала Чарняўская.

Яркія восеньскія кветкі адразу ў зале падарылі “залатому фонду, надзейнаму тылу, гонару галіны” культуры – ветэранам працы.

Не засталіся без увагі і самыя маладыя ў прафесіі – Інэса Максімава, Дар’я Радомская, Аляксандра Мукасей, Анастасія Цяцерына. На раённай сцэне іх урачыста пасвяціла ў культработнікі і ўручыла прафсаюзныя білеты старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка.

Усіх, хто дорыць свята і эмоцыі людзям, ад прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі сектара культуры павіншавала яе старшыня Таццяна Дудкіна. Для ўзнагароджання на сцэну яна запрасіла “аксакалаў” культуры, якія аддалі любімай справе не адно дзесяцігоддзе, – Ірыну Цыгель і Вольгу Бойка.

З відэавіншаваннем да калегаў звярнуліся работнікі Гезгалаўскага дома культуры.

Узгадалі ўдзельнікі свята і тых, хто стаяў на Дзятлаўшчыне ля вытокаў бібліятэчнай справы. Былі названы і ўстановы, якім сёлета спаўняецца 75 гадоў, – Данілавіцкая і Дварэцкая сельскія бібліятэкі.

Дырэктар раённага Цэнтра культуры Наталля Маліноўская падзякавала кіраўніцтву раённа за надзейную падтрымку, вялікі экран, які стаў найлепшым упрыгажэннем сцэны, новы мікрааўтобус, што дапамагае паспяваць на святы і мерапрыемствы. За годную працу адзначыла ўсе калектывы Дзятлаўшчыны, якія носяць званні “народны” і “ўзорны” і ўручыла грамату кіраўніку народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” Таццяне Шостка.

Да віншаванняў для хору ад імя калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна далучылася загадчыца аддзялення Галіна Касцюк.

Свята прадоўжылі музычныя і песенныя нумары.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.