
Дзень Перамогі: “І няхай пакаленні памятаюць!”
Пад такой назвай 9 мая на плошчы ў Дзятлаве прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 76-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Да яго далучыліся ўдзельнікі патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае!”, прадстаўнікі працоўных калектываў, гараджане, госці райцэнтра. Старт святу дала песня “Дзень Перамогі”, як сімвал удзячнасці і павагі ветэранам, удзельнікам партызанскага руху, тылавікам – усім тым, хто змагаўся за Вялкую Перамогу.
Пакаленню пераможцаў шчырую песню “Ветэраны мінулай вайны” прысвяціла Марына Міхалоўская. Песеннымі нумарамі за мірнае неба Беларусі тым, хто здабываў для нас Перамогу, дзякавалі артысты раёна, сярод якіх Сяргей Малышчык, Тамара Ступак, народны ансамбль музыкі і песні “Ятранка”, народны тэатр-студыя гульні “Суседзі”, Уладзіслаў Ракуць, Людміла Баклушына, Аляксандр Раеўскі, Іван Кашко, Валерый Герасіменка, Наталля Бузук і іншыя.
Да іх далучыліся юныя дзятлаўчане. Вершы і танец да свята Перамогі падрыхтавалі самыя маленькія артысты – выхаванцы дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава. Песню – Анастасія Бортнік.
Нягледзячы на тое, што 76 гадоў мінула з пераможнага мая 1945-га, з апошняга ваеннага дня, калі адгрымелі залпы Вялікай Айчыннай вайны, удзячныя нашчадкі і сёння ў сваіх сэрцах захоўваюць памяць аб тых, хто падарыў нам мір і свабоду, памятаюць подзвігі герояў. Гэта думка гучала ва ўсіх выступленнях артыстаў.
Песняй “Вясна. Вясна”, якая сімвалізавала пасляваеннае адраджэнне нашай краіны з попелу і руінаў, урачыстасць “І няхай пакаленні памятаюць!” закрылі Аляксандр Баклушын, Андрэй Добыш, Аляксандр Раеўскі, да якіх далучыліся іншыя ўдзельнікі канцэрта.