На плошчы 17 Верасня горада Дзятлава разгарнулася святочная тэатралізавана-музычная праграма, якую падрыхтавалі для землякоў працоўныя калектывы і артысты Дзятлаўшчыны.









Адна за адной па чарзе на цэнтральную пляцоўку свята выязджалі дзесяць машын, кожная з якіх адлюстроўвала фрагмент гісторыі нашага народа. Разам з імі госці мерапрыемства крок за крокам прайшлі ад перадваеннага 1941-га франтавымі шляхамі да пераможнай вясны 1945 года. Праграма ўключала ў сябе 10 эпізодаў, кожны з якіх расказваў сваю гісторыю.


Калектыў Дзятлаўскага ўчастка Слонімскага вузла сувязі прадставіў ўвазе дзятлаўчан кампазіцыю “Радзіма-маці кліча”, нагадаўшы пра часы, калі ўся краіна паднялася на барацьбу з нечаканымі ворагамі. Усталі ўсе, хто мог трымаць у руках зброю, хто мог абараняць Радзіму. Вобраз Радзімы-маці стаў сімвалам агульнанацыянальнага адзінства і супраціўлення ворагу, на абарону якой узняўся ўвесь шматмільённы народ.







Трагічную гісторыю абароны Брэсцкай крэпасці ўзнавілі работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Яна доўжылася больш за месяц і стала сапраўдным сімвалам смеласці, самаахвяравання і адданасці салдацкаму абавязку, савецкія афіцэры і салдаты паказалі воінскае майстэрства і стойкасць. Сімвалам іх подзвігу стаў надпіс “Я паміраю, але не здаюся!”.











Навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы паказалі жорсткасць катаў і пакуты іх ахвяраў, мірных жыхароў нашага раёна. З канца чэрвеня 1941 года па чэрвень 1944-га Дзятлаўскі раён быў акупіраваны. За гэты час ён зведаў шмат: знішчэнне яўрэйскага насельніцтва, спаленыя разам з жыхарамі вёскі, стварэнне дзіцячых прытулкаў з нечалавечымі ўмовамі, адпраўка мясцовага насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў Дзятлаве 5800 яўрэяў.







Нязломнасць савецкага народа ў барацьбе з ворагам адлюстравана ў інсталяцыі “Штаб”, якую выканаў калектыў СГФ “АграМілк”. Арганізатарамі партызанскага руху ў Беларусі выступілі былыя салдаты і камандзіры Чырвонай арміі, а таксама актывісты, сярод якіх сустракаліся як камуністы, так і беспартыйныя. Утварэнне партызанскіх атрадаў пачалося з першых дзён вайны. А першы партызанскі атрад у Дзятлаўскім раёне быў арганізаваны вясной 1942 года.





Пра тое, як мірнае насельніцтва жыло ў час вайны, аддаючы ўсе сілы і памкненні для фронту, для Перамогі, расказала ААТ “Сельгастэхніка”. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, народ выстаяў. Перамога кавалася не толькі на фронце, але і ў тыле. Жанчыны, старыя, дзеці гераічна працавалі на заводах і фабрыках, у палях, капалі акопы, ратавалі параненых. “Усё для фронту, усё для Перамогі!” – гэты лозунг стаў сэнсам жыцця для мільёнаў, а песня дапамагла народу перамагчы.






Нават паміж самымі жорсткімі баямі быў час для сяброўства, добрай песні і душэўнай размовы. Аб гэтым – інсталяцыя “Партызаны на прывале” ад ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Нягледзячы на цяжкае жыццё ў дні, калі паўсюль былі разбурэнні, страты блізкіх і родных, голад і страх, людзі не гублялі веру ў перамогу. “Вораг будзе разбіты, перамога будзе за намі!” – гэтыя словы гучалі паўсюль. Ворага бязлітасна гналі з нашай зямлі і атрымлівалі перамогу ў жорсткіх баях. У хвіліны адпачынку, пасля бою, салдаты пісалі лісты дадому, хтосьці браў гармонік і ціха напяваў любімыя песні.




На фронце сувяззю салдат з домам была толькі палявая пошта, а невялікія трохкутнікі, беражліва складзеныя роднай рукой, станавіліся самай вялікай каштоўнасцю. Аб гэтым расказалі работнікі Дзятлаўскага філіяла Лідскага вузла паштовай сувязі.








Сімвалічна, што аб прафесійнай і гераічнай рабоце медыцынскіх работнікаў у час вайны расказаў калектыў Дзятлаўскай ЦРБ. З першых дзён вайны дактары і медсёстры самааддана ратавалі жыцці байцоў, узнімалі іх маральны дух. Цаной сваіх жыццяў, у імя захавання здароўя тых, хто ваяваў за мір і спакой на роднай зямлі, без сну і адпачынку ваенныя медыкі набліжалі Вялікую Перамогу.









Пераможны Май! Яго чаканне, усеагульную радасць Вялікай Перамогі перадаў у сваёй інсталяцыі калектыў ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”. Перамога прыйшла да нас не ў лаўровым вянку, урачыстая і спакойная, а ў выяве салдацкай маці са стомлена апушчанымі натруджанымі рукамі. Народ чакаў Перамогу чатыры гады, ішоў да яе дымнымі палямі бітваў, хаваў сваіх сыноў, недаядаў, недасыпаў і ўсё ж выстаяў і перамог. Пасля заканчэння вайны кожнаму салдату, які застаўся ў жывых, хацелася неадкладна дабрацца дадому, абняць родных і стаць ім апорай ва ўсіх работах мірнага жыцця.





Фінальным акордам стала прэзентацыя ад ТАА “Ізакам”, якая расказала: мы помнім і шануем Вялікую Перамогу! Ніколі не забудзем і не дадзім зменшыць яе значэнне для народа. Мінула 80 мірных гадоў, напоўненых развіццём і стваральнай працай, а Беларусь памятае. Кожны подзвіг, кожнага героя, кожнага салдата. У нашых сілах цяпер захаваць гэту жывую нітку некалькіх пакаленняў.







Песеннымі нумарамі за мірнае неба Беларусі тым, хто здабываў для нас Перамогу, дзякавалі артысты раёна.














Наталля АВЯРЧУК